По современным технологиям выращивают свиней на племенном репродукторе «Ходаково» ЗАО «Витебскагропродукт» в Ушачском районе

Экономика и малый бизнес

Хоць журналісты – народ пранырлівы, аднак ёсць месцы, якія звычайна для нас маладаступны. Да такіх, напрыклад, належаць свінагадоўчыя вытворчасці, дзе ў мэтах папярэджання занясення на тэрыторыю інфекцый захоўваецца строгі санітарна-прапускны рэжым. Выключэнні робяцца толькі ў асобных выпадках – менавіта такім стаў візіт на племянны рэпрадуктар “Хадакова” Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі. Пасля кароткай перамовы загадчык комплексу Вольга Мікалаеўна Шумінская і кіраўнік ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, у структуру якога ўваходзіць аб’ект, Уладзімір Пятровіч Некрашэвіч дазволілі прайсці на тэрыторыю здымачнай групе тэлеканала “Беларусь 1” і карэспандэнтам некалькіх выданняў – у тым ліку і “Патрыёта”. Папярэдне, канечне, экіпіраваўшы нас у бахілы, аднаразовыя халаты, шапачкі і маскі – амаль як медыкаў, што змагаюцца зараз з эпідэміяй.

Урачы і медсёстры па праве сталі героямі нашага часу, але не павінны адыходзіць на задні план і людзі, без работы якіх мы не можам існаваць – аграрыі і перапрацоўшчыкі сельгаспрадукцыі. Менавіта гэтую жыццёва важную галіну вырашыў развіваць у свой час віцебскі прадпрымальнік У.Некрашэвіч. Да слова, яны з Уладзімірам Паўлавічам – даўнія і добрыя знаёмыя, а таму гэта сустрэча на ўшацкай зямлі была прыемнай для абодвух. У маладосці разам вучыліся, займаліся спортам, мелі цесныя стасункі і ў перыяд, калі наш дэпутат кіраваў паўночным рэгіёнам краіны.

– Памятаю, як няпроста ў сярэдзіне 90-х пачынаўся праект Уладзіміра Пятровіча, але дзякуючы сваім талентам і характару, за гэтыя часы ён змог стварыць разгалінаваную вытворчасць, на якой зараз вырабляецца каля трэцяй часткі ўсяго мяса свіней і птушкі на Віцебшчыне, – адзначыў У.Андрэйчанка.

І сапраўды, холдынг “Славянскі Велес”, старшынёй савета якога з’яўляецца У.Некрашэвіч, – гэта буйнейшая прыватная кампанія на сельгасарэне Беларусі. Спецыфіка яе дзейнасці шырокая: вырошчванне і перапрацоўка цыплят-бройлераў, свінагадоўля, вытворчасць камбікармоў і кармавых дабавак. Толькі ў структуры ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, якое ўваходзіць у холдынг, дзясяткі вытворчых аб’ектаў у Чашніцкім, Талачынскім, Лепельскім, Бешанковіцкім, Ушацкім раёнах, гандлёвы дом і сетка магазінаў “Мясная лаўка”.

– Рухацца ў накірунку аграпрамысловых холдынгаў нас прымушаюць сусветныя тэндэнцыі і вопыт суседніх краін, – падкрэсліў у ходзе размовы з журналістамі У.Некрашэвіч. – А наша мэта – каб спажыўцы атрымлівалі якасную прадукцыю па даступных для ўсіх катэгорый насельніцтва цэнах.

Прыемна, што і ўшачане зараз у гэтай дружнай кагорце вытворцаў, і тут нельга не адзначыць, што паспрыяла прыходу зайздроснага інвестара ў наш рэгіён у тым ліку і актыўная, зацікаўленая пазіцыя раённага кіраўніцтва. Ужо шмат год кармавыя дабаўкі для таварыства вырабляе філіял “Ушацкі” ў Старым Сяле, гэтай вясной пачаў работу комплекс па вырошчванні і адкорме свіней у Слабадзе, ну а новая старонка гісторыі “Хадакова” перагорнута восенню мінулага года. Трэба сказаць, што будаўніцтва падобных аб’ектаў – справа дарагая: пяць памяшканняў комплексу, які ўзнік на месцы старой фермы, абышліся інвестару разам з абсталяваннем у паўтара мільёна долараў. Яшчэ больш укладанняў запатрабаваў комплекс у Слабадзе, бо два будынка там давялося ўзводзіць наноў. Аднак пастаўленыя маштабныя задачы дыктуюць неабходнасць пашырэння вытворчасці.

– Мы стварылі сваю сістэму работы ў свінагадоўлі, якая ўяўляе сабой замкнёны цыкл, – тлумачыць Уладзімір Пятровіч, калі мы праходзім па цэху, дзе рохкаюць нядаўна народжаныя парасяткі, якіх яшчэ не адлучылі ад свінаматак. – Паступаюць яны сюды непасрэдна з “радзільнай залы” (у гэтае памяшканне, дзе асаблівыя патрабаванні да стэрыльнасці, я вас, прабачце, запрасіць не магу). Калі малышы крыху падрастуць, частку свінак адправяць у племрэпрадуктары, а астатніх – на адкормачныя пляцоўкі, якіх у нас у вобласці зараз 12.

І калі малышы ўспрынялі візіт “дэлегацыі” з мікрафонамі і камерамі спакойна, то кныры і свінкі рэпрадукцыйнага ўзросту прыкметна ўсхваляваліся: іх жыццё ідзе па строгім распарадку і жывёла прывыкла толькі да тых людзей, што іх абслугоўваюць. Дарэчы, штат “Хадакова” зараз складае ўжо 39 чалавек. Некалькі спецыялістаў на чале з загадчыкам штодня прыязджаюць з Бешанковіч, астатнія ж работнікі – жыхары навакольных вёсак. Калектыў згуртаваўся і абсалютна кожны даражыць сваім працоўным месцам. Падрасла за паўгода і сярэдняя зарплата – прыкладна да 900 рублёў. А таму людзі, якія добра ведаюць, што такое застацца без работы, ставяцца да У.Некрашэвіча ледзь не як да таго славянскага бога Велеса, якога нашы далёкія продкі лічылі заступнікам земляробаў і жывёлаводаў. І ў гэтым ёсць рацыя, бо аднайменны холдынг узяў пад сваю апеку аргарыяў многіх не самых заможных рэгіёнаў Віцебшчыны.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Факт

  • Як адзначыў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, дзякуючы адкрыццю дзвюх вытворчасцяў ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, на Ушаччыне ўпершыню за доўгі час перарвалася ўстойлівая тэндэнцыя штогадовага змяншэння колькасці работнікаў, занятых у сельскай гаспадарцы.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *