Вопросы рационального использования водоёмов Ушачского района рассмотрены на заседании

Благоустройство Официально Саветы і жыццё Экология

У Віцебскай вобласці сканцэнтравана каля 89 працэнтаў усіх азёр Беларусі. Гэта вялікі прыродны рэсурс, які можа прыносіць значны прыбытак. Менавіта на рацыянальнае яго выкарыстанне арыентавана падпраграма «Вітрыба» рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця вобласці на 2011-2015 гады. Яе выкананне дазволіць павысіць эканамічную эфектыўнасць рыбаводства і рыбалоўства, стварыць новыя працоўныя месцы на сяле і ў райцэнтрах, арганізаваць экспартныя пастаўкі рыбапрадуктаў у вялікіх аб’ёмах.

На жаль, Ушаччына, хоть і мае другую па велічыні плошчу ў рэспубліцы, занятую вадаёмамі, уклад у выкананне падпраграмы «Віцебскрыба» ўносіць мінімальны. На тэрыторыі раёна няма спецыялізаваных рыбаводчых арганізацый, а прамысловай лоўляй рыбы фактычна займаецца толькі ТПУП «Тэхнакрас». Гэтае прадпрыемства — адзін з сямі арандатараў ушацкіх вадаёмаў. Дзейнасць кожнага па выкананні заключаных з райвыканкамам дагавораў арэнды падрабязна разглядалася на нядаўнім пасяджэнні прэзідыума райсавета.

Асноўныя пункты, абавязковыя для выканання, — зарыбленне вадаёмаў і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. У якасці станоўчага прыкладу тут можна прывесці фермерскую гаспадарку «Звонь» — арандатара аднайменнага возера. Яе заснавальнік Юрый Мікалаевіч Нічыпар сумленна ставіцца да сваіх абавязкаў. Вадаём арандуе з 2006 года, у 2008 было праведзена зарыбленне, наступны раз яно запланавана на 2015 год. Ля возера абсталявана пяць месцаў адпачынку, тры з якіх (у тым ліку два — на астравах) з’явіліся сёлета. Прычым, гэта не наспех збітая лаўка ці масткі, якім асобныя арандатары прысвойваюць «горды статус» месца адпачынку. На беразе ўстаноўлены прыгожыя альтанкі, скрыні для смецця, туалеты, вогнішчы. Адзіная прэтэнзія да арандатара — невыкананне азначанага ў дагаворы пункта аб вядзенні прамысловага рыбалоўства. Па словах Юрыя Мікалаевіча, які, дарэчы, як і іншыя арандатары, быў запрошаны на пасяджэнне, складзенае ў свой час рыбалоўна-біялагічнае абгрунтаванне (РБА) недастаткова аб’ектыўна адлюстроўвае цяперашні стан вадаёма, весці прамысловую лоўлю на якім немэтазгодна.

Яшчэ адным арандатарам, які своечасова праводзіць зарыбленне і ўтрымлівае ў парадку тэрыторыю вадаёмаў Полазна, Тартак і Царкавішча, з’яўляецца ТАА «Янтарны Бераг». Тут таксама маецца ўсё неабходнае для камфортнага адпачынку рыбаловаў-аматараў, прычым, парадак ля вадаёмаў падтрымліваецца пастаянна, а за захаванасцю пабудоў сочаць вартаўнікі. Разам з тым, маюць месца выпадкі парушэння дагавора арэнды — дакладней, часткі 7 пункта 3.2, згодна якому арандатар абавязаны забяспечыць свабодны доступ грамадзян да арандуемых вадаёмаў — на спагнанне з яго платы за адпачынак на возеры Полазна паскардзіўся летась праз інтэрнэт жыхар Оршы.

Няма прэтэнзій па выкананні пунктаў дагавору да РДГА «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў», якая ажыццяўляе рыбаводства ў трох сажалках у Старым Сяле, Вацлавове і Жарах. У 2011 і 2013 гадах праведзена зарыбленне вадаёмаў, летась на іх было вылаўлена каля 100 кілаграмаў рыбы.

Як станоўчыя, так і адмоўныя моманты можна адзначыць у дзейнасці арандатара азёр Матырына і Салонец ПГУП «Тэхнакрас». На першым возеры абсталявана 5 месцаў адпачынку, да якіх, праўда, няпроста даехаць на легкавым аўтамабілі. У хуткім часе будзе абсталявана яшчэ адно — паблізу ад дарогі на вёску. Маюцца два месцы адпачынку і на Салонцы. Арандатары скардзяцца, што не паспяваюць рамантаваць альтанкі і шлагбаумы, якія пастаянна псуюць адпачываючыя і мясцовыя жыхары. Увогуле тут існуе праблема іх узаемаадносін з арандатарамі: вяскоўцам не вельмі падабаецца, што на Матырыне вядзецца прамысловая лоўля рыбы. Ёсць і яшчэ адзін важны момант, на якім трэба засяродзіць увагу. Арандатар вадаёмаў вельмі малую частку вылаўленай рыбы прадае на тэрыторыі раёна, у той час як ўшачане выстройваюцца ў чаргу да гандляроў з пастаўскага рыбгаса. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама М.І.Бухалка, абавязаць «тэхнакрасаўцаў» найперш забяспечваць рыбай сваіх землякоў мог бы адпаведны пункт у дагаворы арэнды, таму спецыялістам райвыканкама трэба больш уважліва ставіцца да складання такіх дакументаў. «Мы гатовы рэалізоўваць вылаўленую арандатарамі рыбу ў нашай гандлёвай сетцы, аднак такіх прапаноў пакуль не паступала», — паведаміла выконваючая абавязкі старшыні райспажыўтаварыства Л.А.Долгая. У магазінах раёна прадаецца 50-60 кілаграмаў жывой рыбы за тыдзень, што сведчыць аб наяўнасці попыту на гэты тавар. Лілія Альбінаўна адзначыла, што гандлёвая надбаўка пры яго рэалізацыі ў таварыстве невялікая — 10-12 працэнтаў, і выказала гатоўнасць асабіста пагаварыць з патэнцыяльнымі пастаўшчыкамі. Да іх ліку, дарэчы, у хуткім часе можа далучыцца ТАА «ФішплюсТур», які ў 2012 годзе заключыў дагавор арэнды возера Оталава. Дакумент прадугледжвае вядзенне як платнага аматарскага, так і прамысловага рыбалоўства, аднак зарыбленне вадаёма пакуль не праводзілася, бо на складанне РБА адведзены тэрмін у 2,5 года.

Шмат прэтэнзій да арандатара возера Усвея ДЛГУ «Ушацкі лясгас». Невыкананне квот здабычы рыбы дырэктар прадпрыемства М.М.Лёля патлумачыў эканамічнай неэфектыўнасцю, а забруджанасць берага — папулярнасцю вадаёма ў рыбаловаў, і хадайнічаў аб скасаванні дагавора арэнды. Аднак начальнік райсельгасхарча А.А.Чэрнікаў згадзіўся прыняць хадайніцтва да разгляду толькі пасля таго, як ля вадаёма будзе наведзены парадак. Дарэчы, за неналежнае ўтрыманне прыбярэжнай тэрыторыі гэты арандатар, як і ТАА «МаэстраТур», якое арандуе возера Лагаўское, былі прыцягнуты сёлета да адміністрацыйнай адказнасці раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Як сказала напрыканцы пасяджэння старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, праблемы агучаны, і пры ўсёй цяжкасці іх вырашэння зацікаўленым бакам трэба прадугледзіць і ажыццявіць дадатковыя мерапрыемствы, каб ушацкія вадаёмы прыносілі карысць і заставаліся чыстымі і багатымі на рыбу.

Н.БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *