Что необходимо знать получателям пенсии

Ваш вопрос - наш ответ Калейдоскоп Официально

Кожны пенсіянер мае права на своечасовае атрыманне пенсіі. Тое ж, што ўшачане не пускаюць гэтую справу на самацёк, пацвердзіла «прамая лінія», якую на мінулым тыдні праводзіла начальнік аддзела назначэння пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Кацярына Аляксандраўна ГАБЛАЯ. Магчымасцю задаць сваё пытанне спецыялісту скарысталіся многія нашы чытачы. Знаёмім вас з некаторымі з іх.

— 11 верасня мне споўнілася 75 гадоў. Не працую. 25 верасня атрымала пенсію, памер якой у параўнанні з папярэднім месяцам не змяніўся. Я так разумею, надбаўка па дасягненні 75 гадоў мне не была выплачана. Чаму?

— Даплаты да пенсій устанаўліваюцца з першага чысла месяца, наступнага за месяцам дасягнення ўзросту 75 або 80 гадоў. Так што атрымаць пенсію разам з надбаўкай вы зможаце ў кастрычніку. На сённяшні дзень памер даплаты да пенсій непрацуючых пенсіянераў складаюць: для грамадзян, якія дасягнулі 75-гадовага ўзросту, — 335 тысяч 900 рублёў, для 80-гадовых грамадзян да гэтай сумы дабаўляецца яшчэ 167 тысяч 900 рублёў.

— Атрымліваю пенсію па пластыкавай картцы. Навошта кожны год афармляць адпаведную заяву?

— Гэта робіцца для забеспячэння кантролю за мэтавым выкарыстаннем пенсійных сродкаў. Пры пералічэнні пенсіі на пластыкавую картку работнікі банка не ведаюць, хто гэтымі грашовымі сродкамі фактычна карыстаецца і ці жывы пенсіянер. Каб прадухіліць незаконнае атрыманне пенсіі, заканадаўствам краіны ўстаноўлены гадавы тэрмін дзеяння заявы аб пераліку пенсіі на карт-рахунак. Дарэчы, згодна з артыкулам 83 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» прадугледжаны альтэрнатыўны спосаб выплаты пенсіі: не толькі праз банк (пры наяўнасці заключанага дагавору), але і праз арганізацыі паштовай сувязі. Права выбару застаецца за Вамі.

— Мне як маці інваліда назначана пенсія ў 50 гадоў. Калі я працягну працаваць, ці будзе мне пасля дасягнення агульнаўстаноўленага ўзросту дабаўлены стаж і зроблены пераразлік пенсіі?

— Не, не будзе.

— Мой паўналетні сын атрымлівае пенсію з выпадку страты карміцеля ва Ушацкім участку сувязі. Нядаўна хацеў перавесці пенсію на сваю картку ААТ «Прыорбанк», аднак спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне адмовіў. Чаму?

— У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку выплаты пенсій і дапамог іх пералік ажыццяўляецца на пенсійны рахунак, адкрыты ў межах раёна. Ваш сын мае магчымасць звярнуцца па гэтым пытанні ў падраздзяленні ААТ «Белаграпрамбанк» (г.п.Ушачы, вул. Савецкая, 24) ці ААТ «ААБ Беларусбанк» (г.п.Ушачы, вул.Савецкая, 33) і штомесяц сёмага чысла атрымліваць пенсію з выпадку страты карміцеля на карт-рахунак выбранага банка.

— Аддзел кадраў нашай арганізацыі адмаўляецца збіраць дакументы і падаваць іх ва ўпраўленне. Што мне рабіць?

— Праявіце настойлівасць у адносінах да спецыяліста аддзела кадраў вашага прадпрыемства. Нагадайце яму, што ў адпаведнасці з артыкулам 76 Закона «Аб пенсійным забеспячэнні» наймальнік абавязаны своечасова афармляць дакументы аб стажы і заработнай плаце, неабходныя для назначэння пенсіі, і падаваць іх ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Наймальнік нясе матэрыяльную адказнасць перад пенсіянерам за ўрон, нанесены несвоечасовым, няпоўным афармленнем гэтых дакументаў ці падачай недакладных звестак. Сумы, залішне выплачаныя па віне наймальніка, спаганяюцца ў карысць органа, які выплачвае пенсію, у бясспрэчным ці судовым парадку.

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *