Как вести себя в лесу, чтоб заработать на грибах и ягодах законно?

Закон - один для всех Калейдоскоп

Традыцыйна для ўшачан летні перыяд збору ягад і грыбоў становіцца дадатковай крыніцай заробку. Ужо стартавалі прыём і нарыхтоўка лясных дароў. Аднак у азарце падзарабіць людзі часта не звяртаюць увагі на тое, што існуюць правілы, прадугледжаныя Лясным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Як паводзіць сябе ў лесе, каб зарабіць на ягадах і грыбах па законе?

Нельга збіраць і нарыхтоўваць грыбы, іншыя дзікарослыя расліны і іх часткі (плады, ягады, насенне і іншае), сок на тэрыторыі, дзе гэта забаронена. Таксама парушэнне – збор без абавязковага дазваляючага дакумента, ці збор не ў адпаведнасці з атрыманым дазволам. Трэба будзе заплаціць таксавы збор індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам, якія плануюць збіраць ягады, грыбы, бярозавы сок, арэхі ў вялікай колькасці з мэтай далейшага продажу. Лясгас выдае на гэта лясны білет. Тарыфы на збор наступныя: за 1 кілаграм пладоў шыпшыны, каліны, рамонкавых кветак, светаянніку, чарады – 0,05 базавай велічыні, лясных арэхаў – 0,02, журавін і буякоў – 0,07, брусніц, суніц, чарніц, малін, грыбоў – 0,01, соку – 0,32 за тону. Калі ж сыравіна закупляецца ў прамысловых мэтах з парушэннем, штраф складзе ад 10 да 30 базавых велічынь без канфіскацыі ці з канфіскацыяй закупленага прадукту, для індывідуальнага прадпрымальніка – ад 10 да 100 з канфіскацыяй ці без, для юрыдычнай асобы – да 500 з адпаведнымі ўмовамі, як і для папярэдніх катэгорый. Прыватная асоба збіраць для сябе дары можа без білета.

Заплаціць за дазвол прыйдзецца, калі вы хочаце ўстанавіць у лесе вулей, правесці пакос ці скарыстацца масівам ляснога фонду ў культурна-аздараўленчых, турыстычных, навуковых ці асветніцкіх мэтах (бізнэс-дзейнасць). Караюцца і парушэнне ўсталяваных тэрмінаў збору і нарыхтоўкі, прымяненне для гэтага забароненых сродкаў і метадаў. За гэта можна атрымаць папярэджанне ці штраф у памеры да 20 базавых велічынь, для індывідуальнага прадпрымальніка – да 100, для юрыдычнай асобы – да 500.

Незаконным таксама з’яўляецца збор і знішчэнне лясной подсцілкі, жывога надглебавага покрыва, зняцце ўрадлівага пласта глебы на плошчы звыш трох квадратных метраў, а пры лесагаспадарчай дзейнасці – больш за ўсталяваную норму. За парушэнне існуе папярэджанне ці штраф да 20 базавых велічынь.

Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах ці на тарфяніках альбо ігнараванне забароны на іх наведванне без шкодных наступстваў цягне папярэджанне ці штраф да 25 базавых велічынь. Калі ж адбылося  ненаўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне лесу ці тарфяніка, будзе накладзены штраф у памеры ад 25 да 50 базавых велічынь.

Забруджанне лесу, іншай драўняна-хмызняковай расліннасці адходамі, сцёкавымі водамі альбо іншым чынам цягне папярэджанне ці штраф да 20 базавых велічынь, для прадпрымальніка – да 50, для юрыдычнай асобы – да 300 базавых.

І.Шугалей, інжынер па ахове і абароне лесу ДЛГУ “Ушацкі лясгас”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *