Правильное сбалансированное питание в сочетании с физическими нагрузками — основные условия поддержания нормальной массы тела

Здравоохранение Калейдоскоп

З народным выслоўем «Добрага чалавека павінна быць многа», напэўна, не пагадзіцца ні адзін медык. Залішняя маса цела, атлусценне — прычына многіх захворванняў: атэрасклерозу, цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, хвароб сардэчна-сасудзістай і палавой сістэм, печані і іншых.

Кожны чалавек мае свой індэкс масы цела (ІМЦ). Вылічыць яго можна, раздзяліўшы вагу ў кілаграмах на рост у метрах, узведзены ў квадрат (напрыклад, пры вазе 50 кг і росце 160 см формула для падліку ІМЦ будзе такой: 50/1,6*1,6 і складзе 19,5). Нормай лічыцца індэкс масы цела, роўны ад 18,5 да 24,9. Пра дэфіцыт вагі можна меркаваць, калі атрымалі менш за 18,5. Калі ж ваш ІМЦ склаў 30-39,9 і нават больш, час біць трывогу: у вас атлусценне.

Каб пазбегнуць праблем з лішняй вагой, трэба ўстанавіць правільны рэжым харчавання. Галоўнае — не пераядайце. Імкніцеся прымаць ежу 5-6 разоў у дзень дробнымі порцыямі. Абмяжуйце да мінімуму спажыванне цукру і солі.

Падчас прыёму ежы не чытайце і не глядзіце тэлевізар. Не прытрымлівайцеся галодных дыет: хуткае зніжэнне вагі потым прывядзе да яшчэ большага яе набору.

Імкніцеся, каб у вашым рацыёне прысутнічалі прадукты малакаларыйныя, з нізкім утрыманнем тлушчу. З агародніны аддайце перавагу стравам, у якіх ёсць капуста (белакачанная, брусэльская, каляровая), агуркі, таматы, кабачкі, стручковая фасоля, гарошак, зеляніна (салата, пятрушка, кроп). Ешце менш бульбы, асабліва смажанай, фры і чыпсаў. З садавіны карысныя яблыкі, цытрусавыя, ягады. Бананы, грушы, вінаград, фінікі, разынкі, курагу пажадана выключыць з рацыёну: яны вельмі каларыйныя. Ужывайце дыетычныя гатункі мяса: курыцу, цяляціну, індычку, труса, субпрадукты (печань, сэрца, ныркі), рыбу любых відаў. Адмоўцеся ад крабавых палачак і кансерваў у масле. Імкніцеся ўжываць малочныя прадукты з утрыманнем тлушчу 1,5-2,5, сыры — да 30 працэнтаў тлустасці, смятану — да 10 працэнтаў, масла — не больш за 5 грамаў за суткі. Не ўжывайце глазураваныя сыркі, тварожныя масы, салодкія ёгурты, вяршкі, маргарын. Скажыце цвёрдае «не» батону, булачкам (замяніце іх на вотруб’е ці збожжавы хлеб), салодкім і газіраваным напоям. У якасці запраўкі да салатаў выкарыстоўвайце нятлустыя смятану ці кефір, біяёгурт. Абмежавана выкарыстоўвайце алей. Пры выбары спосабу прыгатавання ежы не аддавайце перавагу смажанню — прадукты лепш варыць, тушыць, запякаць у фальзе, духавой шафе.

Правільнае, збалансаванае харчаванне ў спалучэнні з фізічнымі нагрузкамі — неабходная ўмова для падтрымання нармальнай вагі цела. Мінімальная фізічная нагрузка — гэта хадзьба (у хуткім тэмпе — 30 хвілін, у павольным — паўтары гадзіны), а таксама дадатковая трэніроўка мышцаў брушнога прэсу. Калі вы будзеце прытрымлівацца такіх рэкамендацый, арганізм абавязкова аддзячыць вам за гэта бадзёрасцю і добрым самаадчуваннем.

В.НАРЫВОНЧЫК, участковы ўрач-тэрапеўт Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *