Народный хор и клуб «Ветеран» праздновали 30-летие со дня основания

Ими гордятся Мир увлечений Творчество наших земляков Экономика и малый бизнес Юбилейные даты

Усё пачалося трыццаць гадоў таму, калі ў краіне пры Дамах культуры актыўна ствараліся аматарскія аб’яднанні для людзей пажылога ўзросту. «Жадаючых спяваць у ветэранскім хоры, напэўна, знойдзецца нямала і ў нашым раёне», — падумала малады культработнік Ушаччыны Іна Сяргееўна Клімава і занялася падборам удзельнікаў будучага творчага калектыву. Абзвоньвала знаёмых, хадзіла з асабістымі запрашэннямі па дамах. Найперш выбірала ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — тады іх у раёне было яшчэ многа. І тыя не адмаўляліся, бо былі ў тым паважаным узросце, калі жыццё напаўняецца новым зместам, калі зусім не хочацца здавацца ў палон старасці і не церпіцца самарэалізавацца спаўна.

Першым хормайстрам аб’яднання стала Любоў Рыгораўна Кулак. Разам з акампаніятарам Фёдарам Раманавічам Пацэйкам яны карпатліва займаліся падборам рэпертуару: перагортвалі зборнікі старых песень, нотныя сшыткі, выбіраючы найбольш блізкае сэрцу людзей таго пакалення, — песні ваенных гадоў, напаўзабытыя мелодыі 60-70-х. Любімыя здаўна, яны лёгка ўспомніліся і выконваліся з асаблівай душэўнасцю. Мастацкі калектыў хутка заваёўваў папулярнасць. Без яго выступлення не абыходзіўся ні адзін агляд ці святочны канцэрт ва Ушачах, артыстаў з радасцю сустракалі ў кожным куточку раёна і нават за яго межамі.

Праз 17 гадоў хормайстрам і кіраўніком клуба «Ветэран», хору ветэранаў у адной асобе стала І.С.Клімава, якую вельмі любяць яе падапечныя і інакш як «дачушка» не называюць. З часам адбываліся змены ў складзе калектыву: ветэранаў Вялікай Айчыннай станавілася ўсё менш (зараз іх у хоры толькі двое: Кацярына Мікалаеўна Васілеўская і Арсеній Кліменцьевіч Первянёнак), а «штат» артыстаў папаўняўся ветэранамі працы.

Хор настойліва набіраецца майстэрства. У 1995 годзе яму прысвоена званне Народнага. Калектыў настолькі зладжана спявае, што, здаецца, ён падуладны не толькі ўзмахам трапяткіх рук дырыжора, але нават яго погляду. Гэта як пярсцёнак з каштоўнымі камянямі, у якім у агульным бляску бачны і кожны асобны каменьчык.

Супрацоўніцтва з хорам у якасці акампаніятара дапамагло рэалізаваць творчы патэнцыял Юрыю Аляксандравічу Канстанцінаву. Нарэшце ажыццявіла сваё даўняе жаданне спяваць былы касцюмер РДК Вольга Уладзіміраўна Пальвінская. Аб тым, што муж жанчыны, былы аграном Уладзімір Мікалаевіч таксама мае добры голас, ведалі І.С.Клімава і У.М. Малаткавец, а таму пасля выхаду мужчыны на пенсію ўгаварылі яго стаць удзельнікам хору. Прафесія Ядвігі Ігнацьеўны Тарасевіч таксама не была звязана з песенным мастацтвам (усё жыццё яна вучыла дзяцей рускай мове і літаратуры), аднак з музыкай у яе сям’і сябравалі заўсёды. Вось і сын Ядвігі Ігнацьеўны Уладзімір стаў паспяховым музыкантам-прафесіяналам. Увогуле, творчасць, як магніт, мае ўласцівасць прыцягнення. Дзякуючы ёй у еднасць нестарэючых сэрцаў уліўся нядаўна былы начальнік гаспадарчай групы аддзела культуры райвыканкама Уладзімір Васільевіч Зыранаў.

…Непрыкметна праляцеў час, і вось ужо народны клуб «Ветэран» і хор ветэранаў адзначылі свой 30-гадовы юбілей. На ўрачыстасці з гэтай нагоды, якая праходзіла 27 лістапада ў раённым Доме культуры, неаднойчы гучала высокая ацэнка творчых дасягненняў хору, было сказана шмат цёплых слоў удзячнасці кожнаму з 36 яго ўдзельнікаў і, канечне ж, абодвум хормайстрам — Л.Р.Кулак і І.С.Клімавай. Дарэчы, першая прыехала, каб павіншаваць ушачан, амаль за тысячу кіламетраў з Тульскай вобласці. Любоў Рыгораўна з настальгіяй прыгадвала гады сваёй працы ў хоры, дакладней — супрацоўніцтва з камандай энергічных, па-юнацку няўрымслівых людзей. Яна таксама падрыхтавала для віноўнікаў урачыстасці падарункі: уласнае выступленне пад акампанемент былога калегі, дарэчы, таксама сёлетняга юбіляра Ф.Р.Пацэйкі.

Эстафету ўспамінаў падхапіў старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец, які расказаў гісторыю, што некалі адбылася ў Полацку. Пасля ўдалага выступлення Васіля Сцяпанавіча Дука, якому на той момант было амаль 90 гадоў, зала ўстала. Расчулены такой рэакцыяй прысутных, ветэран вайны сказаў: «Нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія давялося перажыць, захаваць аптымізм мне дапамагала песня. Удзел у хоры ветэранаў — вось у чым сакрэт маёй бадзёрасці».

У тым, што песня, як кажуць, і будаваць, і жыць дапамагае, упэўнены таксама старшыня раённага клуба «Ветэран», хору ветэранаў Уладзімір Ільіч Мамаеў. «Сёння ў зале амаль няма пустых месцаў, а значыць, мы яшчэ запатрабаваныя, — адзначыў ён падчас мерапрыемства. — Не ведаю, што можа быць важней для чалавека паважанага ўзросту. Нават не ўяўляю сябе без нашага хору, тут — часцінка маёй душы, мае надзейныя сябры». Дарэчы, пазнаёміцца з удзельнікамі раённага клуба «Ветэран» і хору ветэранаў, дакрануцца да старонак летапісу дзясяткаў жыццяў адораных землякоў прысутныя мелі магчымасць падчас прагляду спецыяльна падрыхтаванай да свята кінахронікі.

Вядома, не абышлося ў гэты дзень без падарункаў: кветак, цёплых пледаў і памятных талерачак з выявай удзельнікаў цяперашняга хору ветэранаў. Найбольш актыўныя «юбіляры» атрымалі ад раённага кіраўніцтва Ганаровыя граматы і Лісты падзякі. Цікавымі нумарамі радавалі іх творчыя калектывы Ушаччыны і «калегі па цэху» з Лепеля. Спонсарскую дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства аказалі раённая арганізацыя Фонду міру, ПУП «Ляснеўшчына», індывідуальны прадпрымальнік А.К.Крацёнак, а таксама прадпрыемствы, у якіх раней працавалі сённяшнія ўдзельнікі хору. Бурнымі апладысментамі была сустрэта прапанова старшыні райвыканкама Віктара Віктаравіча Родзіча забяспечыць артыстаў яшчэ адным камплектам касцюмаў. Сапраўды, новыя сцэнічныя ўборы такому калектыву былі б дарэчы — заслужыў.

Творчы шлях у 30 гадоў — унушальная адлегласць. Колькі выступленняў было ў калектыву за гэты час, сказаць складана. Актыўная канцэртная дзейнасць хору ветэранаў не спыняецца ні летам, ні зімой: артысты пастаянна спяшаюцца на рэпетыцыі, выступаюць на пляцоўках сельскіх, раённых, абласных мерапрыемстваў. Члены калектыву здатныя не толькі да песень — радуюць гледачоў байкамі і гумарэскамі, удзельнічаюць у героіка-патрыятычным выхаванні моладзі, сваім прыкладам дэманструюць, што жыццё і пасля выхаду на пенсію можа быць цікавым і разнастайным.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *