Куй железо пока…холодно. Сельхозпредприятия Ушачского района готовят технику к полевым работам

Сельское хозяйство

Паўразабраныя трактары і агрэгаты, ля якіх завіхаюцца механізатары, працуючыя з невялікімі перапынкамі зварачныя апараты і грукат жалеза – звычайная карціна падрыхтоўкі тэхнікі да пасяўной, якая ўжо не за гарамі. Не ўсё ў гэтай справе гладка, бо работа па аднаўленні машынна-трактарнага парку і іншых агрэгатаў у пэўнай ступені стрымліваецца адсутнасцю неабходных фінансавых сродкаў, ды і арганізацыя працэсу ў асобных сельгаспрадпрыемствах розная.

За невялікімі выключэннямі практычна гатовы да сяўбы у ААТ “Дземенец”. На працягу некалькіх тыдняў вядуцца работы ў ААТ “Ільюшынскі”, КУСГП “Вялікадолецкае”, “Глыбачаны”, “Арэхаўна”, пазней далучыліся да гэтай справы ў КУСГП “Кублічы”, ААТ “Агра-Селішча” і “Ушацкі райаграсэрвіс”. Галоўны спецыяліст райсельгасхарча Міхаіл Аляксандравіч Шук расказвае, што зараз у тэхнічных служб пара гарачая, хаця на вуліцы яшчэ зіма:

– Не сакрэт, што ў час пасяўной, тэрміны якой вельмі сціслыя, пытанне надзейнасці тэхнікі стаіць асабліва востра. Распрацавалі штотыднё­выя графікі яе падрыхтоўкі, таксама кожны тыдзень з мэтай высвятлення сітуацыі на месцах праводзім семінар на базе адной з гаспадарак. Да пачатку сезона ў першую чаргу рамантуем раскідвальнікі ўгнаенняў, машыны для падсеву траў, сеялкі, плугі, культыватары і іншыя глебаапрацоўчыя агрэгаты.

Якія б залатыя рукі ні былі ў чалавека, а свой век ёсць у кожнага механізма, нават у самай маленькай гайкі. Бывае, памяняеш адну дэталь, а на наступны дзень зламаецца другая, і як бы ні шанаваў тэхніку, але спісваць яе ўсё ж прыходзіцца. Таму своечасовае і рэгулярнае тэхнічнае абслугоўванне, калі складаны механізм не працуе на знос, садзейнічае доўгатэрміноваму і эфектыўнаму яго выкарыстанню. Тым больш, што за мінулы год пры ўмовах вялікага кошту тэхнікі новых сельскагаспадарчых ма­шын гаспадаркі раёна амаль не атрымалі. Хіба што ААТ “Ілью­шынскі” можа пахваліцца набытымі ў лізінг трыма раскідвальнікамі мінеральных угнаенняў і сеялкай СЗ-4,2 з канвеера.

Пасяўныя агрэгаты сваім ходам у поле не выедуць – іх трэба за нешта чапляць. Таму паралельна механізатары прыводзяць у рабочы стан і замацаваныя трактары. Галоўнымі “баявымі” адзінкамі падчас апошніх пасяўных кампаній сталі МТЗ-3022. На сённяшні дзень у гаспадарках раёна іх наліч­ваецца 27, плюс энерганасычаны трактар УП “Сарочына”, які заўсёды прыходзіць на дапамогу земляробам КУСГП “Арэхаўна”. Іх пад­рыхтоўка ідзе з вялікімі цяжкасцямі. Па-першае, пасля правядзення дэфектоўкі могуць быць выяўлены сур’ёзныя непаладкі ў рабоце абсталявання. Па-другое, трэба разумець, што тэхабслугоўванне – паслуга, якая патрабуе грошай. А на рахунках гаспадарак не заўсёды ёсць сродкі, якія б дазволілі загадзя набыць неабходныя запчасткі, выканаць поўны комплексны рамонт. Напрыклад, тэхабслугоўванне аднаго такога трактара з заменай фільтраў і масла нават уласнымі сіламі абыдзецца не менш чым у 20 мільёнаў рублёў.

Некаторыя трактары не па­ставіш на колы нават пры ўсім жаданні. У КУСГП “Кублічы” і ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” на ўзнаўленне асобных энерганасычаных МТЗ-3022 патрэбна дзесьці па паўмільярда рублёў – у сённяшніх умовах знайсці іх немагчыма. З рэальных планаў – набыццё корпуса счаплення для адной такой машыны ў КУСГП “Вялікадолецкае” і рухавіка для трактара “Райаграсэрвіса”, хаця і тут лічбы вельмі ўнушальныя – указаныя механізмы каштуюць адпаведна каля 80 і 100 мільёнаў рублёў. Існуюць праблемы з гумай, якая па самых выгадных прапановах на задняе кола каштуе 16, на пярэдняе – 9,3 мільёна рублёў.

Але гэта ніякім чынам не гаворыць пра тое, што агрэгаты могуць застацца неадрамантаванымі. Кожны, хто загадзя клапоціцца аб прывядзенні тэхнікі ў належны стан, здольны забяспечыць яе неблагое абслугоўванне ўласнымі сіламі.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *