Тема торгового обслуживания в Ушачах рассмотрена на сессии райсовета

Общество

Ступень камфортнасці пражывання ў многім залежыць ад забяспечанасці аб’ектамі гандлю і якасці іх работы. Вось і разглядалася на апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў пытанне аб гандлёвым абслугоўванні насельніцтва Ушацкага раёна. Як спрацавалі гандлёвыя прадпрыемствы за год, што зроблена і што плануецца? Прапануем увазе чытачоў асноўныя моманты гэтай актуальнай тэмы.

Магазінаў стала больш

У раёне на сённяшні дзень працуе 96 магазінаў, рынак на 133 месцы, 18 аб’ектаў грамадскага харчавання на 419 месцаў. У 2014 годзе было адкрыта 13 магазінаў, а зачынена 11. Дамінуючае палажэнне на таварным рынку належыць райспажыўтаварыству, на долю якога прыходзіцца больш за 66 працэнтаў усяго рознічнага тавараабароту раёна.

За год у цэлым па раёне праз усе каналы рэалізацыі насельніцтву прададзена тавараў на суму больш за 308 мільярдаў рублёў, у тым ліку прадпрыемствамі спажыўкааперацыі на суму больш за 167 мільярдаў рублёў. У разліку на аднаго жыхара раёна прададзена тавараў на суму 21539,1 тысячы рублёў, што на 17,5% больш, чым у 2013­м.

Тэмп росту тавараабароту гандлю і грамадскага харчавання праз усе каналы рэалізацыі за год склаў 103,7 працэнта.

Абслугоўванне маленькіх вёсак

Калі ў райцэнтры мы маем выбар, у які магазін пайсці і дзе набыць жаданы тавар, то як абстаяць справы у маленькіх і аддаленых вёсках Ушаччыны?

213 населеных пунктаў раёна маюць колькасць насельніцтва да 50 чалавек. У цяперашні час 210 малых вёсак з агульнай  колькасцю насельніцтва 2300 чалавек абслугоўваюць 9 аўтамагазінаў.  Удзельная вага аўтамагазінаў у агульным тавараабароце складае 7,2 працэнта. Хоць гэта і невялікая лічба, аднак работнікі гандлю прыкладаюць намаганні, каб жыхары гэтых вёсак не адчувалі розніцы ў абслугоўванні ў параўнанні з магазінамі цэнтраў гаспадарак. Прадаўцы аўтамагазінаў пастаянна прымаюць заказы. У летнія месяцы нагрузка на кожны аўтамагазін павялічваецца і тавараабарот кожнага перавышае 220 мільёнаў рублёў.

У 2014 годзе было набыта два новых аўтамагазіны, аснашчаных сучасным гандлёвым абсталяваннем. Дадаткова арганізавана работа аўтамагазіна па гандлі нехарчовымі таварамі. У выніку тэмп росту па аўтамагазінах склаў 107,1 працэнта. У сярэднім аднаму жыхару малых вёсак прададзена за год тавараў на суму 5225 тысяч рублёў пры сярэднім паказчыку па вобласці 3862 тысячы.

Сетка грамадскага харчавання

Культурна правесці свой адпачынак можна ў рэстаранах “Купалінка” райспажыўтаварыства і “Ландыш” ПП “Лясныя азёры”, а таксама ў кафэ “Еўропа”  і “Бераг”. Функцыянуе  таксама бар з більярдам і кафетэрый “Усмешка”.

Сетка грамадскага харчавання спажыўкааперацыі прадстаўлена 14 прадпрыемствамі з агульнай колькасцю пасадачных месцаў – 323. Забяспечанасць насельніцтва аб’ектамі грамадскага харчавання складае 23 месцы на адну тысячу жыхароў.

Тавараабарот грамадскага харчавання за год у разліку на аднаго жыхара раёна склаў 1,068 мільёна рублёў, у тым ліку грамадскага харчавання спажыўкааперацыі 920 тысяч рублёў.

Парадавалі “лаўка” і “дары”

Каб задаволіць попыт насельніцтва, у 2014­м райспажыўтаварыства адкрыла тры новыя магазіны. Хутка палюбілася ўшачанам “Мясная лаўка”, яно і не дзіўна, бо тут вельмі шырокі асартымент мясапрадуктаў як ахалоджаных, так і замарожаных.  У продажы свініна, ялавічына, мяса індычкі, труса, качкі і інш. Карыстаецца  попытам і прадстаўленая тут прадукцыя ўласнай вытворчасці: паўфабрыкаты, фаршы, галубцы, каўбасы. Сярэднямесячны тавараабарот магазіна перавышае 400 мільёнаў рублёў.

Аб’ёмы продажу пладова­агародніннай прадукцыі значна ўзраслі са з’яўленнем “Дароў прыроды”. Напрыклад, агародніны сталі прадаваць на 10,2% больш, садавіны – на 24,6, а бульбы – амаль у два разы.

Новы магазін “Тэхнамір” прапанаваў пакупнікам нехарчовыя тавары працяглага карыстання. Асаблівы попыт насельніцтва – на мабільныя тэлефоны, планшэты, ноўтбукі і камплектуючыя да камп’ютараў. У асартыменце і іншая бытавая тэхніка.

Перавага – айчынным таварам

Удзельная вага тавараў айчыннай вытворчасці ў структуры рознічнага тавараабароту за прайшоўшы год склала 93,2 працэнта. У тым ліку па харчовых таварах – 95,1%, нехарчовых – 77,8. У прыватнасці: кандытарскія вырабы – 91,3%, масла – 93,9%, макаронныя вырабы – 90,9%, абутак – 94,5%, халадзільнікі і маразільнікі – 98%, пральныя машыны – 69%, мыючыя сродкі – 87,5%. У шырокім асартыменце прадстаўлены і тавары прадпрыемстваў­вытворцаў Віцебскай вобласці.

На Славянскім базары і Дажынках

Большую ўвагу райспажыўтаварыства стала ўдзяляць актыўным формам гандлю. За прайшоўшы год было арганізавана 54 кірмашы, з іх 6 сезонных па продажы садавіны і агародніны, тавараабарот апошніх склаў 128,5 мільёна рублёў. Было арганізавана 18 распродажаў нехарчовых тавараў па зніжаных цэнах, тавараабарот склаў 376 мільёнаў рублёў. З прадукцыяй уласнай вытворчасці  выязджалі ў Віцебск і Полацк, прымалі ўдзел у выязным гандлі на “Славянскім базары” і “Дажынках”. У падобных значных мерапрыемствах будуць удзельнічаць і сёлета, для гэтага будзе закуплена дадатковая сучасная палатка і абноўлена гандлёвае абсталяванне. Усяго ж  за год  адбылося 265 выездаў.

І прыватнікі заваявалі прызнанне

Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва раёна ажыццяўляюць таксама індывідуальныя прадпрымальнікі і прыватныя гандлёвыя прадпрыемствы.  Першымі адкрыта 12 гандлёвых аб’ектаў, з іх 10 рэалізуюць нехарчовыя тавары, 2 – харчовыя. Асаблівай папулярнасцю ва ўшачан карыстаюцца такія магазіны, як “Гаспадынька” (В.Пятніца), “Камфорт” (Г.Бараноўская), “Прэстыж” (С.Свяжынская), “Аліна” (А.Крацёнак).

Дзейнічаюць 20 прыватных унітарных гандлёвых прадпрыемстваў, з іх 15 размешчаны ў райцэнтры і 5 на вёсцы (3 магазіны Р.Копаця, 1 – С.Палякова і 1 – А.Казачонка). Прадпрыемствы прапаноўваюць пакупнікам разнастайны асартымент харчовых і нехарчовых тавараў. Сярод дадзенай катэгорыі найбольшай папулярнасцю ва ўшачан карыстаюцца магазіны “Славянушка” (Л.Алабіна), “Дамавёнак” (Ф.Ланцунцэвіч), “Кампітэл” (І.Корсак), “Мэбля” (А.Трон, Т.Дзямко), магазіны аўтазапчастак М.Глінскага і  М.Несцярэнкі.

Восенню гандлёвае  прадпрыемства “Гандлёвы дом “Лагуна” парадавала ўшачан адкрыццём новага стыльнага магазіна з шырокім асартыментам мэблі “АміМэбля”, які адразу ж заваяваў прызнанне пакупнікоў.

Безнаяўны разлік для зручнасці

Для зручнасці насельніцтва і развіцця сістэмы безнаяўных разлікаў устаноўлены тэрміналы ў 48 магазінах, 3 аўтамагазінах і 8 прадпрыемствах грамадскага харчавання. За год удзельная вага рознічнага тавараабароту банкаўскіх пластыкавых картак  у галіне гандлю склала 16 працэнтаў, у грамадскім харчаванні – 8,1. Штогод назіраецца павелічэнне выкарыстання картак пры пакупцы тавараў. Так, у 2014­м доля безнаяўных разлікаў склала 14,5% супраць 12,6  у 2013­м, але гэтая лічба не дацягвае да сярэднеабласнога ўзроўню – 15,4 %.

Што з’явіцца новага?

Райспажыўтаварыства парадавала ўшачан новым месцам адпачынку – завершаны ўсе работы і першых наведвальнікаў прыняў новы бар “Класіка”. У бліжэйшых планах таксама і адкрыццё “Магазіна нізкіх цэн”, які будзе рэалізоўваць тавары лёгкай прамысловасці мінулых гадоў выпуску, нехадавых памераў адзення і абутку, сезонных тавараў. У планах на будучае ў спажыўкааперацыі таксама значыцца мадэрнізацыя сталовай, адкрыццё піцэрыі, правядзенне рамонту трэцяга паверха ўнівермага і магазінаў “Будматэрыялы” і “Мэбля”. Будзе набывацца новае гандлёвае абсталяванне, атракцыёны для дзяцей. Абмяркоўваецца і пытанне будаўніцтва новага гандлёвага цэнтра.

Культура абслугоўвання

Апошнім часам у сістэме спажыўкааперацыі бачны змены ў лепшы бок, аднак маюць месца факты парушэння санітарных нормаў, адсутнасць тавараў згодна асартыментных пералікаў, наяўнасць тавараў з сышоўшым тэрмінам годнасці. Трэба адзначыць і недапрацоўкі ў арганізацыі рэкламы па прыцягненні пакупнікоў у магазіны. Немалаважным складнікам поспеху з’яўляецца і работа з кадрамі па культуры абслугоўвання. Прафесіянальныя навыкі, уменне зносін з людзьмі персаналу дазволяць пазбегнуць канфліктных сітуацый з пакупнікамі і адпаведна сфарміраваць меркаванне аб рабоце гандлёвай галіны ў цэлым.

Як ушачане ацанілі работу гандлю?

Наведвальнікам сайта газеты “Патрыёт” (www.belpatriot.by) мы прапанавалі ацаніць работу гандлю ва Ушачах і выбраць варыянты, якія адлюстроўваюць іх меркаванне. У апытанні прыняло ўдзел 50 чалавек. Найбольшая колькасць удзельнікаў – 58 працэнтаў або 29 чалавек адзначылі вельмі нізкі асартымент прадукцыі ў магазінах, а 12 працэнтаў (6 чалавек) апытаных лічаць асартымент добрым і разнастайным. 52 працэнты або 26 чалавек прагаласавалі за высокія цэны, а за супрацьлеглы адказ – дэмакратычныя і невысокія цэны – 6 працэнтаў ці 3 чалавекі. 28 працэнтаў (14 чалавек) рэспандэнтаў адзначылі нездавальняючае абслугоўванне персаналам магазінаў, у той час як 16% або 8 чалавек наадварот прагаласавалі за добрае і ветлівае абслугоўванне. 22 працэнты (11 чалавек) удзельнікаў лічаць час работы гандлёвых кропак зручным і толькі 4 працэнты (2 чалавекі)  наадварот – нязручным. 16 працэнтаў (8 чалавек) наогул поўнасцю не задавальняе работа гандлю ва Ушачах, 8 працэнтаў ці 4 чалавекі наадварот абсалютна ўсім задаволены.

Падрыхтавала В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *