Ушачские спасатели принимали поздравления с профессиональным праздником

Общество

Пажарнай службе Беларусі сёлета споўнілася 169 гадоў. Святочныя мерапрыемствы прайшлі па ўсёй краіне. На ўрачысты сход з нагоды прафесійнага свята сабраліся ў панядзелак і ўшацкія выратавальнікі.

Падзяку старшыні райвыканкама атрымлівае І.Бруцкі.

Іх успамінаюць тады, калі штосьці здараецца. І ў гэты момант больш за 50 супрацоўнікаў Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях гатовыя дапамагчы людзям у бядзе. “Цяжка перааца­ніць важнасць вашай прафесіі. Жадаю, каб менш было надзвычайных сітуацый і з іх вы заўсёды выходзілі дастойна”, – звяртаючыся да калектыву, казаў намеснік старшыні райвыканкама Д.П.Цімафееў, які курыруе службу. Дзмітрый Пятровіч не толькі павіншаваў, а і выканаў прыемную місію: уручыў працаўнікам узнагароды раённага ўзроўню. Віншавальныя словы ўсім супрацоўнікам адрасаваў і першы намеснік начальніка райаддзела Мікалай Паўлавіч Шустроў, які і ўручыў сваім падначаленым заслужаныя ўзнагароды абласнога ўпраўлення і Міністэрства. Так, рады выдатнікаў, атрымаўшы адпаведны нагрудны знак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, папоўніў вадзіцель Сяргей Бугай. Памятны нагрудны знак “165 год пажарнай службе Беларусі” атрымалі старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Сяргей Пацэйка, начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Руслан Басуеў, вадзіцель Аляксандр Бугай. Падзяка намесніка міністра аб’яўлена намесніку начальніка Ушацкага РАНС Андрэю Уліновічу.

Найбольшая порцыя апладысментаў ад калег дасталася старэйшым супрацоў­нікам – камандзіру аддзялення Алегу Крыскевічу і вадзіцелю Сяргею Сысу, якія да свята адзначаны Ганаровай граматай Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС і Падзякай начальніка ўпраўлення. З новымі пагонамі сяржанта ўнутранай службы з водпуску выйдзе старшы пажарны Мікіта Аўласенка – адзін з маладых супрацоўнікаў аддзела. За значны ўклад у папярэджанне і ліквідацыю пажараў па выніках дзейнасці за першае паўгоддзе бягучага года Падзяка начальніка РАНС аб’яўлена старшаму інжынеру Максіму Кісялю, начальніку каравула Арцёму Жарнасеку, начальніку пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11 Антону Аўдошку, камандзіру аддзялення Дзмітрыю Прашкевічу, вадзіцелям Аляксандру Бугаю і Сяргею Целепню.

А навічок аддзела – пажарны Міхаіл Ярмош – у гэты дзень афіцыйна ўступіў на сваю пасаду і разам з іншымі навабранцамі вобласці прымаў прысягу ў Віцебску. Упершыню цырымонія прайшла на плошчы перад будынкам аблвыканкама. Новае папаўненне выратавальнікаў рэгіёна віншаваў кіраўнік вобласці А.М.Субоцін.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *