Чтобы дом не опустел…Сначала года на пожарах в стране погибло уже 7 детей

Cлужба-101

Яшчэ нядаўна ў адным з дамоў вёскі Нацкава Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці гучалі звонкія, задорныя дзіцячыя галасы. Але 8 сакавіка ў сям’ю прыйшла жудасная трагедыя: шасцігадовая Ліза, пяцігадовая Ангеліна і трохгадовы Арцём загінулі ў агні… Дом у адно імгненне апусцеў.

Здавалася, нічога не прадвяшчала бяды. Маладая сям’я была добранадзейнай, бацькі старанна працавалі ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве, не злоўжывалі спіртным, дзеці заўсёды былі добра апранутымі і дагледжанымі, спраўнай у доме была печ і электраправодка. Малышы ў гэты вечар засталіся без нагляду. Бацька вырашыў зусім ненадоўга адлучыцца з дому, каб сустрэць маці, якая вярталася ад сваіх родных. Калі ж ён на паўшляху ўбачыў пажарныя машыны, якія імчаліся ў вёску, вырашыў павярнуць назад. Ды было ўжо позна: іх дом палаў агнём, а выратавальнікі выносілі целы дзетак.

Выходзячы з дому, бацька зачыніў на замок не толькі ўваходныя дзверы, а і пакой, у якім засталіся гуляць дзеці. Тут жа, на шафе, захоўваліся запалкі і цыгарэты, гэтае месца і стала ачагом узгарання. Целы загінуўшых дзяўчынак знайшлі на ложку, а іх маленькі брацік ляжаў на падлозе, яны былі накрыты коўдрамі. Хутчэй за ўсё,спужаліся агню і такім чынам хацелі схавацца.

Гэтая трагедыя кранула сэрцы многіх беларусаў. Легкадумства бацькоў каштавала ім самага дарагога. І калі ў такой сям’і не змаглі зберагчы дзяцей, то што казаць пра нядобранадзейныя, дзе бацькі не толькі пастаянна пакідаюць малых без нагляду, а і злоўжываюць спіртным, не клапоцяцца пра рамонт пячнога ацяплення.

– Мы нічога не баімся, усё добра будзе. Печ адрамантуем, як сезон скончыцца. Праводка? Калі­небудзь і да яе чарга дойдзе, – спакойна сказала маладая гаспадыня з Наваселля падчас нашага нядаўняга сумеснага рэйду з супрацоўнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях. Між тым у сям’і расце маленькае дзіця, а не так даўно  ледзьве не згарэла надворная пабудова і дом,  тады трагедыі ўдалося пазбегнуць.

У сям’і з Зерчаніц наогул забралі дзяцей у сацыяльны прытулак, бо знаходжанне іх у доме вельмі небяспечна – печ у аварыйным стане, праводка патрабуе замены.

– Не важна, засталося дзіцяці адно на 10 хвілін ці на некалькі гадзін – верагоднасць бяды аднолькавая. І такую бяспечнасць бацькі ўжо не змогуць выправіць, – заўважае першы намеснік начальніка аддзела па надзвычайных сітуацыях С.Я.Аваднёў. – Былі такія выпадкі, калі маці выйшла на хвілінку павесіць адзенне на вуліцы, а гэтага хапіла дзецям, каб распаліць агонь у доме. У 5­6­гадовым узросце малыя яшчэ не разумеюць усіх наступстваў гульні з агнём. Не кідайце ў даступных месцах запалкі, навучыце сваіх дзяцей у выпадку пажару пакідаць небяспечнае памяшканне, пастаянна нагадвайце ім нумары экстранных службаў.

Бяспека дзяцей поўнасцю залежыць ад умення дарослых прадбачыць і папярэдзіць няшчасце. Памятайце, што потым назад ужо нічога вярнуць немагчыма…

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *