Их счастье в детях. В молодой семье Бука из Ильюшино воспитывается четверо детей

Общество

Яны пазнаёміліся дзесяць гадоў таму ў Жарскім клубе. Кацярына жыла ў Жарах, а ільюшынскі хлопец Юрый у адзін з вечароў з сябрамі вырашыў наведацца ў суседнюю вёску на дыскатэку. Той вечар і стаў пачаткам іх гісторыі кахання, а праз год сустрэч пачаўся адлік сямейнага жыцця. Яно, як і ў многіх маладых сямей, пачыналася няпроста: не было ўласнага жылля, капіталу, а на свет у хуткім часе павінен быў з’явіцца першынец, хоць і незапланаваны, але вельмі жаданы. Дапамагалі як маглі і вельмі падтрымлівалі бацькі, у іх і жыла сям’я ў першыя гады пасля вяселля. Калі ж нарадзіўся сыночак Максім, нягледзячы на ўсе цяжкасці адчулі сябе па­сапраўднаму шчаслівымі. Многія сем’і пасля нараджэння першага дзіцяці доўга не рашаюцца на другое, хочуць пажыць для сябе, знаходзяцца і іншыя прычыны кшталту трэба спачатку зрабіць рамонт, з’ездзіць на мора, купіць аўтамабіль. Маладая ж сям’я Букаў адназначна вырашыла, што ў іх павінна быць больш аднаго дзіцяці і праз два гады на свет з’явілася дачушка Анечка. Тым часам у Ільюшыне ўжо актыўна распачалося будаўніцтва дамоў і ў “новым пасёлку” (так называюць гэты раён вёскі ільюшынцы) гаспадарка выдзеліла сям’і дом на вуліцы Садовай. Каця да дэкрэтнага адпачынку некаторы час працавала ў “Ільюшынскім”, ну а Юрый заўсёды ў ліку перадавікоў гаспадаркі і не раз чытачы бачылі яго на старонках газеты ў публікацыях пра розныя сельскагаспадарчыя работы.

Сказаць, што маладая сям’я ўзрадавалася новаму жыллю – нічога не сказаць. Той, хто зведаў шчасце справіць наваселле ў новым доме, разумее, як гэта важна. Пачаліся прыемныя клопаты, звязаныя з абсталяваннем свайго кутка. У гэтых клопатах маладыя людзі не забываліся ўдзяляць дастаткова часу і ўвагі сваім дзеткам, акружаць іх цеплынёй. Праз два гады бусел прыляцеў у сям’ю і ў трэці раз – нарадзілася яшчэ адна дзяўчынка, якую назвалі Палінай, а яшчэ праз тры гады – у 2013­-м – з’явіўся і сыночак Мікітка.

– У мяне цяпер ёсць два памочнікі, а ў Каці – дзве памочніцы, – гаворыць Юрый.

Канечне, асноўныя клопаты па выхаванні і доглядзе за дзецьмі ляглі на плечы маладой мамы. Ёй яшчэ няма і трыццаці, а яна ўжо маці чатырох цудоўных дзетак!

– Мама, ты праверыш у мяне ўрокі?

– Мама, я хачу пагуляць на вуліцы!

– Мама, я вымазала сукенку, дапамажы зняць!

– Мама, Мікіта ўзяў татаў малаток!

Незлічоная колькасць разоў за дзень гучыць тут слова “мама”, і яна ўвесь час завіхаецца каля сваіх непаседлівых дзяцей. Трэба паспець і ежу прыгатаваць на вялікую сям’ю, і бялізну вымыць, і прыбрацца, і папрацаваць на ўчастку каля дома, і дагледзець невялікую падсобную гаспадарку – курэй ды качак. Юрыя застаць дома вельмі складана, з вясны да восені ўвесь светлавы дзень ён праводзіць у полі. Каб зрабіць гэты сямейны фотаздымак, яму прыйшлося ненадоўга адлучыцца з палеткаў, на гэтым тыдні ён рыхтаваў глебу пад сяўбу кукурузы.

А зімой, калі з’яўляецца больш вольнага часу, гаспадар займаецца рамонтам у доме, усё тут зроблена яго стараннымі рукамі. Ва ўсім яго падтрымлівае і дапамагае гаспадыня. Каця, напрыклад, сама тынкавала сцены, хоць гаворыць, што ніхто яе гэтаму не вучыў. Працаваць і не сядзець склаўшы рукі навучылі абаіх бацькі, ад іх і перанялася гэта добрая рыса характару. Як і тое, што сям’я павінна быць мнагадзетнай, напрыклад, у бацькоў Кацярыны трое дзяцей і сёння яна ўпэўнена, што аднаму дзіцяці ў сям’і сумна ў дзяцінстве і цяжка ў дарослым жыцці, павінна быць прысутнасць, а часам і падтрымка родных.

Маладой сям’і падабаецца жыць у сельскай мясцовасці, нават калі б была магчымасць паехаць на пастаяннае месца жыхарства ў горад, прызналіся, што гэта не для іх.

Упэўнена, што такімі ж вырастуць і іх дзеці. Не змаўкаюць у доме іх звонкія галасы. Старэйшыя ўжо крыху прыглядаюць за малодшымі, дапамагаюць маме і з нецярпеннем заўсёды чакаюць тату.

– Як у дзіцячым садзе ў нас! – жартуе Каця. – Яны вельмі дружныя: гуляюць, чымсьці займаюцца ўсе ра­зам. А калі выходзяць на вуліцу, то і суседскія дзеці далучаюцца да нашай кампаніі. З суседзямі мы, дарэчы, жывём мірна і дружна.

На пытанне, ці плануюць яшчэ пашырыць сваю сям’ю, шчыра кажучы, чакала пачуць адмоўны адказ, аднак маладыя бацькі сказалі, што для іх сямейнае шчасце менавіта ў дзецях, што часам думаюць аб папаўненні і зусім не супраць, каб у іх сям’і было менавіта сем Я.

Як добра, што ў нашым раёне ёсць такія вось станоўчыя прыклады. І сям’і Букаў хочацца пажадаць, каб у іх доме і надалей панаваў мір і дабрабыт, а дзеці раслі здаровымі, добрымі і шчаслівымі!

Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “Их счастье в детях. В молодой семье Бука из Ильюшино воспитывается четверо детей

  1. Хорошая семья, детки красивенькиЕ)) и тепло написано о них…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *