
Некалькі год таму Сяргей і Антаніна Гой пабудавалі на беразе маляўнічага возера Гарадзенец дом сваёй мары і пераехалі з расійскай сталіцы ў маленькае Івахнава. Гаспадар працягваў прадпрымальніцкія справы, таму нярэдка быў у раз’ездах, а яго жонка (між іншым, карэнная масквічка) з асалодай асвойвала вясковы быт, вяла гаспадарку, выхоўвала дзяцей. Шматлікія гарадскія знаёмыя, заінтрыгаваныя іх нечаканым рашэннем, пацягнуліся ва ўшацкую вёску “на экскурсію” – і так ім спадабалася, што ўзведзены побач з уласным катэджам гасцявы домік пуставаў нячаста. “На сваіх сябрах і “абкаталі” абавязкі будучых гаспадароў аграэкасядзібы!” – усміхаюцца Сяргей і Тоня.
Сама ж ідэя пабудаваць дом для турыстаў, каб мець уласную справу менавіта на Ушаччыне, у мужа і жонкі ўзнікла некалькі год таму. Сяргей аб’ездзіў навакольныя населеныя пункты, разглядаў варыянт у Казьянях, а тагачасная старшыня Сарочынскага сельвыканкама Людміла Птушка падказала ідэальны варыянт: на аўкцыён выстаўлены ўчастак у іх вёсцы. Праўда, быў ён моцна зарослы і запушчаны, патрабаваў значных укладанняў, таму нават бераг возера пакупнікоў не прывабіў і экс-масквічы аказаліся адзінымі прэтэндэнтамі на яго. “Работы хапіла! Ссечаным хмызняком цэлы год потым катэдж тапілі, выраўноўвалі рэльеф экскаватарам, апрацоўвалі дыскатарам. Драўляны зруб 6х9 вырабіў мосарскі майстар Сяргей Мягель, піламатэрыялы набывалі ва Ушацкім лясгасе, мясцовыя ўмельцы змайстравалі і мэблю, ну а аддзелачнымі работамі кіраваў сам гаспадар, які ведае толк у будаўнічых справах і зазначае, што якасцю паслуг і сыравіны застаўся задаволены.
Аформілі будынак у асаблівым стылі. Сяргей – паляўнічы з 17-гадовым стажам, здабываў і ласёў, і аленяў, і іншую дзічыну – лясныя трафеі сталі ключавым элементам дэкору памяшканняў, дапаўняюць які тэматычныя карціны. У доме – выгоды, электраацяпленне, усё зроблена з густам, прадумана да дробязаў, каб людзям было ўтульна, разлічаны ж пакоі на пражыванне 4-5 чалавек.
Ну а гэтай вясной сядзібу, якой далі назву мясцовага возера “Гарадзенец”, ацанілі першыя госці – паляўнічыя з Масквы. Засталіся ў захапленні! Былі і заўзятыя аматары рыбалкі: бацька і сын, якія адправіліся ў падарожжа па розных абласцях Расіі і Беларусі ў пошуках найлепшых мясцін. Ды так ім у Івахнаве спадабалася, што хацелі час прабывання падоўжыць: праўда, згоды не атрымалі, бо “Гарадзенец” ужо быў забраніраваны іншымі гасцямі. На наступны ж дзень пасля нашага візіту гаспадары чакалі турыстаў з Тулы. Прыязджалі і беларусы.
У Антаніны цяпер з’явілася шмат абавязкаў: падтрыманне чысціні і парадку, а яшчэ і прыгатаванне ежы па дамоўленасці з кліентамі. Шчыра дзякуюць гаспадыні паляўнічыя, калі на золку перад выхадам у лес яна дае ім з сабой гарачыя бутэрброды. “Сустракаліся і пераборлівыя: прыгатавалі неяк двум мужчынам плоў, а яны кажуць: а дзе беларускія дранікі? Так што набіраемся вопыту, бо ўсім трэба дагадзіць”, – распавядае Антаніна.
Ёсць у сям’і і невялікая падсобная гаспадарка, таму частуюць гасцей свойскімі яйкамі, мёдам, гатуюць каўбасы і тушонку са здабытай Сяргеем дзічыны, набылі аўтаклаў, каб было прасцей рабіць нарыхтоўкі. Увогуле яны аддаюць перавагу натуральным прадуктам. “У маі я ў складзе дэлегацыі раёна пабывала ў Віцебску на форуме “АграСтарт. Тэрыторыя магчымасці”, дзе ішла размова пра развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі, – расказвае гаспадыня. – Завяла карысныя стасункі з некаторымі вытворцамі, напрыклад, з міёрскімі фермерамі, якія вырабляюць цудоўныя сыры”.
Гаспадары маюць намер прыдумваць цікавыя “фішкі” для гасцей. Так, у гэтых мясцінах шмат смаўжоў: калісьці іх развёў мясцовы магнат Забэла, а ў наш час тутэйшую “гастранамічную экзотыку” пастаўляюць для еўрапейскіх рэстаранаў. Цікава, што Сяргей і Антаніна пазнаёміліся ў парыжскім кафэ (яна паглыблена вывучала французскую мову, ён прыязджаў па прадпрымальніцкіх справах) і менавіта там упершыню прадэгуставалі мяса гэтых малюскаў – не выключана, што якраз ушацкіх. Цяпер жа і самі спрабуюць гатаваць далікатэс. Расказалі таксама гісторыю, як да іх прыехалі знаёмыя масквічы адзначаць Новы год, і Сяргей завёз іх у Варонічы да сваіх родных, якія трымаюць коней: катанне на тройцы ў санях прывяло гасцей у поўнае захапленне. Героі артыкула ўпэўнены: каб прывабіць кліентаў, трэба прапаноўваць ім нешта асаблівае, прычым неабавязкова самім гэта ствараць – можна супрацоўнічаць з іншымі, не канкурыраваць, а ладзіць канструктыўныя сувязі.
Канечне, укладанняў новая справа запатрабавала шмат, але галоўнае, што для Сяргея і Антаніны яна цікавая. Падатак за дзейнасць для ўладальнікаў аграэкасядзібы складае каля 350 рублёў у месяц, што, па іх меркаванні, цалкам прымальна.
“Гарадзенец” толькі распачаў сваю гісторыю, і яшчэ шмат чаго трэба ўдасканальваць. Плануюць пабудаваць пірс, лазню, зону барбекю, у плане азелянення і добраўпарадкавання прафесійную дапамогу ім аказвае старэйшая дачка Валерыя, якая атрымлівае ў Маскве спецыяльнасць ландшафтнага архітэктара. Пасільны ўдзел у справе прымаюць і школьнікі Іван з Аняй. Увогуле сям’я гэта вельмі дружная. Сцвярджаюць, што ў глыбінцы ім зусім не сумна, сябруюць з суседзямі не толькі з Івахнава, а і з іншых вёсак, ездзяць адзін да аднаго ў госці і вельмі рады, што абралі для жыцця азёрную Ушаччыну.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


