В Ушачах чествовали лучших спортсменов

Cпорт

Бадзёрыя гукі спартыўных маршаў узнімаюць настрой нават людзям, якія не кіруюцца ў жыцці алімпійскім дэвізам “Хутчэй, вышэй, мацней!”. Але ж такіх у ранак пятніцы на стадыёне Ушацкай школы, напэўна, не было, бо тут ладзілася свята з нагоды Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту.

У гэты дзень спартсмены, трэнеры і выкладчыкі мяняюць звыклыя спартыўныя касцюмы на парадныя ўборы, каб ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаць заслужаныя віншаванні, узнагароды, кветкі. Прыгожымі букетамі прывіталі арганізатары ганаровых гасцей імпрэзы, людзей, усё жыццё прысвяціўшых фізкультуры і спорту – Антаніну Аркадзьеўну Крывапушчанку, Тамару Трафімаўну Мятлу, Пятра Станіслававіча Леановіча. Былі прыгаданы і прозвішчы іх былых калег, якія, на жаль, ужо завяршылі адведзеную ім лёсам дыстанцыю, але атрымалі працяг у спартыўных і жыццёвых дасягненнях сваіх вучняў – гэта трэнеры Станіслаў Анатольевіч Шэдзько, Ігар Уладзіміравіч Лешчанка, Сяргей Генадзьевіч Саснін, настаўнікі фізічнай культуры Эдуард Фадзеевіч Багдановіч, Аляксандр Іванавіч Селівёнак, Уладзімір Віктаравіч Бабянок, Рыма Уладзіміраўна Жарнасек, Мікалай Сяргеевіч Малішэўскі, Аляксандр Міхайлавіч Рабыка, Рыгор Гардзеевіч Ціханенка.

Традыцыйна прафесійнае свята становіцца нагодай для ўшанавання тых, чыя дзейнасць была асабліва плённай. Сёлета граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму Ушацкага райвыканкама яго начальнік Іна Фёдараўна Сыроўчанка ўручыла трэнерам ДЮСШ Валерыі Мікалаеўне Джураевай і Пятру Юльянавічу Варатынскаму. Віншавальныя словы ў адрас спартсменаў і фізкультурнікаў выказалі кіраўнік справамі райвыканкама Ігар Пятровіч Шышко, старшыня ФСК “Ураджай” Дзмітрый Пятровіч Дрозд.

Атрымаць дыпломы за пераможныя выступленні на абласным узроўні менавіта ў гэты святочны дзень, пад апладысменты соцень людзей, было вельмі прыемна і нашым юным спартсменам. Уручылі іх школьнікам і выхаванцам ДЮСШ метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Мікалаеўна Фядосенка і дырэктар спартшколы Сяргей Іванавіч Ціханёнак. Вялікую колькасць медалёў рознага кшталту паклала за апошні год у раённую скарбонку аддзяленне стральбы, а выхаванцы П.Ю.Варатынскага Аляксандр Пашкевіч і Ганна Кандзякова сталі сапраўднымі “мультымедалістамі”, атрымаўшы на цырымоніі аж па чатыры ўзнагароды за прызавыя выступленні на абласных спаборніцтвах.

Не менш радасна і прыемна было назіраць за паказальнымі выступленнямі юных футбалістаў, дзюдаістаў, гімнастак, глядзець падрыхтаваны школьнікамі святочны канцэрт. Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі вянок і кветкі да помніка воінам і партызанам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны ў імя таго, каб мы маглі жыць у вольнай краіне, працаваць, вучыцца, займацца спортам.

Ну а якое ж спартыўнае свята без спаборніцтваў? Усе жадаючыя змаглі паспрабаваць свае сілы ў падыманні гіры, дыгатлонных паядынках, турнірах па міні­футболе і пляжным валейболе. Прычым, удзельнічалі ў іх не толькі школьнікі, але і дарослыя, якія прыйшлі на стадыён незважаючы на будні дзень, а нашы самыя “спартыўныя” прадпрыемствы, такія, напрыклад, як УП ЖКГ, ААТ “Ільюшынскі”, райспажыўтаварыства, нават знайшлі магчымасць выставіць на свята свае каманды. Самым моцным гіравіком стаў вучань Ушацкай СШ Артур Хамёнак, які ўзняў снарад над галавой 41 раз. “Дастойны вынік для 16­гадовага хлопца! У нас расце вельмі перспектыўны спартсмен!” – шчыра парадаваўся за саперніка прызнаны майстар гэтага віду Сяргей Васілеўскі, які адстаў ад Артура ўсяго на бал. Упартымі былі схваткі дыгатланістаў, і лепшым у гэты дзень стаў Андрэй Васіленка з райспажыўтаварыства. Міні­футбольны турнір выйграла каманда Арэхаўскай школы, а ў пляжным валейбольным міксце (такія спаборніцтвы праводзіліся ў раёне ўпершыню) не было роўных зладжанаму дуэту ў складзе Крысціны Гваздзёвай (Ільюшынская СШ) і Ільі Міхейкі (ААТ “Ільюшынскі”). І хоць сонейка ў гэты дзень раз­-пораз хавалася за шэрымі хмарамі, настрой удзельнікаў свята быў нязменна выдатны і пацвярджаў сінанімічнасць абраных дэвізам імпрэзы слоў: “Спорт – маладосць – прыгажосць”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *