Наши дети самые талантливые, активные, весёлые, красивые…Праздник детства прошёл в Ушачах

Наши дети

Цудоўнае свята дзяцінства адзначаецца ў прыгожую пару – першы дзень лета і супадае з пачаткам канікул. На адкрытай пляцоўцы каля раённага Дома культуры ў гэты дзень сабраліся самыя маленькія жыхары Ушаччыны. Надвор’е яшчэ з раніцы адарыла ўсіх ласкавым сонейкам, быццам далучала такім чынам і свае віншаванні да дзіцячага свята.

Добры настрой усім яго ўдзельнікам стварыў канцэрт, які быў насычаны яркімі нумарамі. Маленькія артысты сталі гаспадарамі сцэны і праявілі ўсе свае таленты. Выхаванцы дзіцячых садоў гарпасёлка ў прыгожых сукенках і касцюмах вельмі стараліся ў час танцавальных нумароў, смела выходзілі на сольныя нумары Паліна Коршун, Ксюша і Маша Мялешкі, Дзіяна Кандратовіч, Аня і Віка Літвін, Надзея Раманоўская, Улад Анэцька і многія іншыя зоркі канцэрта. Здавалася, што бацькі, бабулі, дзядулі, выхавацелі і настаўнікі, якія займалі глядацкія месцы, хваляваліся больш за іх саміх.

Вельмі актыўнымі былі дзеці і ў час разнастайных гульняў, што праводзілі на сцэне казачныя героі. А па­-за канцэртнай пляцоўкай у кожнага была магчымасць праявіць сябе ў розных конкурсах, напрыклад, у лоўлі рыбы ці конкурсе малюнкаў на асфальце. Аб тым, што нашы дзеці таленавітыя, сведчыла і выстава дэкаратыўна­прыкладнога мастацтва, дзе былі прадстаўлены разнастайныя работы дзяцей з розных навучальных устаноў. Найбольшую ж колькасць вырабаў прэзентавалі вучні Ушацкай школы разам са сваёй настаўніцай А.У.Жарнасек.

Дапаўнялі атмасферу свята атракцыёны і гандлёвыя кропкі з разнастайнымі цацкамі, салодкай ватай і іншымі прысмакамі, якія так падабаюцца дзецям.

Пацвярджэннем таго, што свята ўдалося, сталі радасныя ўсмешкі, якія на кожным кроку расцвіталі на тварах дзяцей.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *