В Ушачах прошёл районный выпускной бал

Общество

Для 87 адзінаццацікласнікаў Ушаччыны бесклапотная школьная пара завяршылася ў чацвер, 11 чэрвеня, традыцыйным раённым святам. Выпускны баль сабраў на цэнтральнай плошчы гарпасёлка не толькі віноўнікаў урачыстасці, але і настаўнікаў, бацькоў, знаёмых. Па­святочнаму апранутыя, усхваляваныя і радасныя, адораныя чэрвеньскім сонцам і цяплом, яны ператварылі цэнтр Ушачаў у маляўнічую пляцоўку, адкуль напачатку мерапрыемства, нібы галубы, узняліся ў неба дзясяткі рознакаляровых шароў.Напэўна, больш за ўсё ўвагі ў гэты вечар дасталася выпускнікам і педагогам Плінскай школы. І гэта зразумела: навучальную ўстанову сёлета скончыла адзіная ў раёне залатая медалістка Марына Хамёнак. Дасягнуць такой вяршыні, па словах дзяўчыны, удалося дзякуючы пастаяннай рабоце над сабой і, канечне ж, правільна пастаўленай мэце ў жыцці. Дарэчы, марыць выпускніца пра паступленне ў медыцынскі ўніверсітэт, які не так даўно скончыла яе старэйшая сястра. Дапамагалі ж Марыне ў спасціжэнні няпростых навук яе першая настаўніца Галіна Іванаўна Стрыжонак, класны кіраўнік Тамара Уладзіміраўна Бабянок, іншыя педагогі роднай школы, а таксама Ушацкай – Ларыса Аркадзьеўна Струй і Вольга Анатольеўна Жыткая, якія рыхтавалі дзяўчыну да цэнтралізаванага тэсціравання па хіміі і біялогіі. “Гэта вялікае шчасце – бачыць поспехі сваіх дзяцей, – падзяліліся з намі бацькі Марыны Тамара Фёдараўна і Дзмітрый Канстанцінавіч. – Сёння для нас асаблівы дзень, які яшчэ раз пацвердзіў, што жыццё не прайшло дарэмна!”

Ва ўсім дапамагаць аднакласніцам, быць для іх падтрымкай і апорай даўно прывык Дзмітрый Андрэйчык з Вялікадолецкай школы. Інакш і быць не магло: разам з хлопцам заўсёды было шмат дзяўчат, вось і 11 клас з ім скончылі пяцёра прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. А вось траім выпускніцам Вяркудскай школы ў гэтым сэнсе пашчасціла менш: мужчынскага пляча побач з імі ў апошнія гады навучання не было.

“Ведаеце, я б усіх пяцярых сваіх сёлетніх выпускнікоў пакінуў на другі год: так сумна з імі развітвацца, – пажартаваў дырэктар Глыбачанскай школы Віктар Пятровіч Котаў. – Гэта вельмі моцны клас: найменшы сярэдні бал атэстата склаў 7. Ды што і казаць? Толькі гляньце на іх: яркія, вясёлыя, кампанейскія!”.

Напэўна, яшчэ больш няпроста развітвацца з выпускнікамі было ў гэты вечар Л.А.Булаўцы з Арэхаўскай школы. Перш чым заняць пасаду дырэктара, Ларыса Аляксандраўна на працягу пяці гадоў была класным кіраўніком гэтых юнакоў і дзяўчат. “Мы і зараз з імі як адна сям’я, – гаворыць жанчына. – Нават ростам выйшлі аднолькавыя (смяецца). Дарэчы, прыемнай асаблівасцю нашых выпускнікоў з’яўляецца тое, што ніхто з іх не п’е і не курыць, усе вядуць выключна здаровы лад жыцця”.

Асаблівым лічыць сёлетні выпуск і дырэктар Ільюшынскай школы Аляксандр Мікалаевіч Азевіч. Па яго словах, усе дзесяць адзінаццацікласнікаў – гэта камсамольцы, актывісты і проста прыгажуны, без якіх не абыходзілася ніводнае мерапрыемства школьнага, раённага і нават больш высокіх узроўняў. Прыкладам жа ва ўсім для іх была класны кіраўнік, настаўніца нямецкай мовы Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа.

Шмат цёплых слоў­пажаданняў пачулі ў гэты дзень выпускнікі.

– Адзінаццаць гадоў вучобы, упэўнена, былі няпростымі, – зазначыла, звяртаючыся да галоўных герояў свята, старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. – Нягледзячы на гэта многія з вас здолелі ўпісаць у гісторыю Ушаччыны сваю старонку: нехта – дзякуючы перамогам у прадметных алімпіядах, навуковых канферэнцыях, конкурсах і спартыўных спаборніцтвах, іншыя – сваёй працай на карысць роднага краю. Мы ганарымся вашымі дасягненнямі, галоўныя з якіх, канечне, яшчэ наперадзе.

Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец, які прыгадаў уласныя гады навучання і выказаў упэўненасць у высокім прафесіяналізме ўшацкіх педагогаў, што далі пуцёўку ў жыццё тысячам школьнікаў, у тым ліку абедзвюм яго дочкам (дарэчы, адна з іх таксама выбрала настаўніцкі “хлеб”) і чатыром унукам (яшчэ адна ўнучка пакуль вучыцца).

Быць паспяховымі са сцэны раённага Дома культуры, куды пазней перамясцілася дзейства, пажадала выпускнікам намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч. Яна выказала спадзяванне, што пасля прафесійнай падрыхтоўкі ўшацкія юнакі і дзяўчаты вернуцца на малую радзіму, пажадала ўсім настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт.

Самым урачыстым момантам для выпускнікоў, безумоўна, стала атрыманне атэстатаў. Гэтыя дакументы ім уручалі дырэктары навучальных устаноў. Дарэчы, апошнія падрыхтавалі прысутным сюрпрыз – песню “Школьны вальс” ва ўласным выкананні. Выпускнікі стоячы апладзіравалі педагогам і выкрыквалі шчырае “Мы вас любім!”

Восемдзесят сем атэстатаў! Столькі ж іх уладальнікаў і ўдвая, утрая, а мабыць, і дзесяць разоў болей расхваляваных ушачан на раённым выпускным балі. Хоць любая лічба будзе недакладнай, таму што плакалі на свяце не толькі бацькі, педагогі, а нават чужыя людзі.

Ці магла стрымаць слёзы Надзея Мікалаеўна Іваньковіч, калі так пранікнёна са сцэны гучалі словы дачкі “Я вырасла, мама”. Вырасла за гэты час не толькі Даша, але і ўся іх група, што некалі наведвала дзіцячы сад “Малышок”. Шчыра кажучы, не бачылі раней, каб на выпускны прыходзілі былыя выхавацелі садка, а вось супрацоўнікі сада №2 былі на плошчы райцэнтра амаль у поўным складзе. “Ну як жа, гэта ж наш зорны выпуск, ды і дочкі траіх супрацоўніц – выпускніцы”, – тлумачыла амаль стопрацэнтную яўку на плошчу загадчыца сада Л.А.Напрыенка.

Вельмі многа і педагогаў Ушацкай школы. Гэта традыцыйна, бо калі і не іх выпускі, як сёлета ў Людмілы Васільеўны Трафімавай і Людмілы Аляксандраўны Худалеевай, то ці заняты на арганізацыі вечарыны, ці праводзяць у дарослае жыццё сваіх былых падапечных. Ну а вось Ірына Уладзіміраўна Леснічэнка сёлета была ў дзвюх эпастасях: і як выкладчык у “А” класе, і як маці выпускніка Улада Пузаткі з “Б”. Дарэчы, класы так гучна апладзіравалі падчас уручэння атэстатаў адзін аднаму, што бачна – сябруюць цесна, ведаюць юнакоў і дзяўчат з паралелі і па школьных мерапрыемствах, і па аднолькавых інтарэсах. З пятага класа вядуць іх і класныя кіраўнікі, прычым абедзве прыклалі намаганні, каб свае і без рэпетытараў здалі добра тэсты па рускай мове і матэматыцы, якія выкладаюць.

Традыцыйнае слова ад бацькоў на гэты раз трымала Жанна Віктараўна Савіцкая. Выпускнікам яна, канечне, жадала ўдачы, упэўненасці, але як самы багаты скарб – сяброў. І запрасіла на сцэну сваіх – калектыў “Натхненне”, які выканаў для выпускнікоў дзве песні. Вельмі сімвалічна, што квартэт з’яўляецца равеснікам яе сына і ўсіх сёлетніх выпускнікоў.

Наогул усе музычныя нумары на гэтым свяце провадаў дзяцінства былі вельмі ўдалымі. І якія выконвалі юныя салісткі, і самі выпускнікі Аляксандра Лях з Глыбачанскай школы і Алена Лышко з Ушацкай.

А жадаючых трапіць у залу на выпускны было традыцыйна многа. Так было раней ва Ушацкай школе, калі праводзілі ў самастойнае жыццё выпускі нават з шасці паралеляў, і летась, калі прайшоў першы раённы выпускны баль. І сёлета. “Шкада, няма запрашэння, а так хацелася б паглядзець на старэйшую ўнучку”, – перажывала бабуля Аляксандры Касіч. Для тых з родных, каму не дасталася вольнага месца ў зале, былі расчынены дзверы. Няхай краёчкам вока, а яны маглі назіраць за святам, якое несумненна ўдалося. Вельмі многа было на ім пранікнёных, шчымлівых момантаў. Прайшло яно на адным дыханні і па­сямейнаму цёпла.

Ужо заўтра побач з выпускнікамі будуць іншыя людзі. Учарашніх школьнікаў чакае няпростая дарога ў дарослае жыццё… Але прыгадваць сваіх настаўнікаў і вяртацца ў сваю альма­матар яны будуць праз 2, 3, 10 гадоў. Так, як сёлета дыпламантка рэспубліканскай алімпіяды 2013 года па беларускай мове Віка Качко, якая разам з іншымі спяшалася да пачатку дзейства на плошчу: “Вырашыла зрабіць перапынак паміж падрыхтоўкай да экзамену і паглядзець на выпускны баль, на сяброўку Алену Лышко”.

Адзінае, чаго хацелася б дабавіць на гэты і наступныя выпускныя – гэта больш такіх упэўненых, прыгожых, радасных выпускнікоў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАРАЛЕНКА.



3 комментария по теме “В Ушачах прошёл районный выпускной бал

  1. Я очень горжусь тем, что окончил Плинскую школу!!!

  2. Очень жаль, что всегда остаётся «за кадром» работа первого учителя. А ведь без скрупулёзной работы первого учителя — не будет успехов в дальнейшем обучении.
    А ещё хочется отметить, что выпускница 11 «Б» класса Ушачской школы Касич Александра была ученицей Шарипо Натальи Анатольевны. Очень жаль, что родители не знают и не помнят первого учителя своих детей…

  3. К сожалению, за кадром осталась не только работа первых учителей, но и работа учителей — предметников. Уже второй год подряд складывается впечатление, что выпускники прощаются не со школой и учителями, а с административным зданием РДК и артистами культуры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *