В Ушачах чествовали лучшую молодёжь

Образование и молодежь

У тым, што сярод маладых ушачан шмат працавітых, таленавітых, старанных, у чарговы раз можна было ўпэўніцца на свяце моладзі, якое ладзілася ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ў канцы чэрвеня. Галоўнымі героямі мерапрыемства ў гэты дзень сталі лепшыя працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія былі вылучаны на своеасаблівую маладзёжную дошку гонару. Кожны з 20­-ці ўзнагароджаных вельмі хваляваўся. Пакінуўшы свае рабочыя месцы, яны занялі першыя рады ў зале.

– Адчуваю сябе непрывычна. На такіх мерапрыемствах мне як карэспандэнту раённай газеты заўсёды прыходзіцца працаваць, лавіць удалы фотакадр, а сядзець вось так у зале нават і не даводзілася, – падзялілася сваімі ўражаннямі мая калега Кацярына Кавалеўская.

Удвая хвалявалася Юлія Казак, – кіраўнік танцавальных гурткоў раённага цэнтра культуры і творчасці: у гэты дзень на сцэну не раз выходзілі яе падапечныя, удзельнікі танцавальнай студыі “Авантаж”:

– Для мяне было прыемнай нечаканасцю вылучэнне ў лік лепшай працуючай моладзі. Шчыра прызнаюся, што ўпершыню падчас падобнага святочнага мерапрыемства знаходзілася ў зале, звычайна за кулісамі падказвала, што і як, сваім танцорам. Адчуваю пачуццё гонару за сваіх выхаванцаў.

– Адносна нядаўна мы пачалі сваю працоўную дзейнасць, стараліся бездакорна выконваць работу, вельмі рады, што нас ацанілі, будзем старацца пацвярджаць званне лепшай моладзі, – адзначылі прадстаўніцы калектыву райаддзела міліцыі Марыя Дудзіна  і Юлія Спірыдзёнак.

Толькі на гадзіну канцэрта адпусцілі з работы электрамеханіка РУЭСа Антона Полазава, што сведчыць аб яго запатрабаванасці. Не змог прысутнічаць на ўзнагароджанні Сяргей Бугай з аддзела па надзвычайных сітуацыях, бо якраз у гэты дзень адстойваў гонар свайго калектыву на абласных спаборніцтвах сярод плыўцоў­выратавальнікаў.

Зала Дома культуры была запоўнена цалкам – падтрымаць моладзь прыйшлі калегі, сябры, родныя. Радасць і гонар перапаўняла бабулю Вікторыі і Алены Круміняў, якія выходзілі на сцэну ў час ушанавання. Самая ж вялікая група падтрымкі аказалася ў Станіслава Малахава, вадзіцеля КУСГП “Глыбачаны” – адзінага прадстаўніка сельскагаспадарчай галіны. Не шкадавалі апладысментаў гледачы ў зале і для астатніх маладых працаўнікоў Ушаччыны . Маладыя людзі былі адзначаны не толькі за працоўныя заслугі, а і за сваю актыўную грамадскую дзейнасць. Актывісты БРСМ Марына Дрозд, Ганна Лемеш, Таццяна Ярмак, Ганна Шарыпенка, Вікторыя Круміня, Алена Арцем’ева (на здымку) атрымалі памятныя падарункі, якія ўручыла галоўны спецыяліст  аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Іванаўна Гардзіёнак.

– Ад вас залежыць будучыня нашай краіны і нашага раёна, вы памнажаеце эканамічны патэнцыял, вам рашаць, якім будзе заўтрашні дзень, – адзначыла ў сваім віншаванні намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак. – Заставайцеся такімі ж актыўнымі, працавітымі і стараннымі!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *