Молодёжь Ушаччины не осталась в стороне от акции БРСМ «Прилетайте в Беларусь!»

В общественных организациях Образование и молодежь

Сустракаць гасцей беларусы любяць і ўмеюць. А запрасіць іншаземцаў крэатыўна дапамагае моладзь. Напачатку вясны па ўсёй краіне стартавала акцыя БРСМ “Прылятайце ў Беларусь!”. Не засталіся ўбаку ад яе правядзення і на Ушаччыне.

Ва аўдыторыях працоўнага навучання Глыбачанскай, Кубліцкай і Касарской школ – імправізаваныя майстэрні. Па акуратна выпіленых дошчачках стукаюць малаткамі вучні, актывісты райкама БРСМ. Апошнія рысачкі – і дзясяткі стылізаваных шпакоўняў, з арнаментам і арыгінальным дэкорам, гатовы. Размясцілі іх на дрэвах непадалёк ля названых альма-матэр. Засталося толькі дачакацца “навасёлаў”, якія прынясуць з сабой сапраўдную вясну.

Домікі для птушак – сімвал акцыі, сэнс якой куды глыбейшы. Як гэтыя прадстаўнікі фауны кожную вясну прылятаюць у свае ўтульныя шпаковенькі, так і турысты, пабываўшы ў нас аднойчы, абавязкова павінны захацець сюды вярнуцца. Тым больш што з увядзеннем пяцідзённага бязвізавага рэжыму зрабіць гэта дастаткова проста.

– Вельмі важна, што маладыя людзі падтрымліваюць такі падыход, – кажа выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Рыта Уладзіміраўна Півульская. – Жыхары 80 краін могуць наведваць нашу краіну без візы, і гэта толькі пачатак. Калі мы лічым сябе сучаснай еўрапейскай дзяржавай, павінны быць адкрытымі для наведвання. Юнакі і дзяўчаты з нашага раёна гэта разумеюць, хочуць бачыць тут шмат гасцей і ганарыцца сваёй краінай. На Ушаччыне ёсць што паказаць іншаземцам, чым іх здзівіць!

Пад хаштэгам #ПрылятайцеўБеларусь! маладыя людзі будуць запрашаць турыстаў і ў сацыяльных сетках. Зараз жа вучні з цікаўнасцю дапрацоўваюць маршруты, па якіх правядуць іншаземных гасцей, якія прыедуць на Ушаччыну.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *