«Белая Русь» вручила подарки малышам, родившимся в День Независимости Республики Беларусь

В общественных организациях

“Адчуваем сябе нібы зоркі якія, – смяецца маладая мама Дар’я Кагалёнак. – Дачушцы яшчэ і двух тыдняў няма, а ўжо да фотасесій прывыкла!”. У гэтых словах перабольшвання няма, бо журналісты наведаліся да іх ледзьве не адразу пасля нараджэння Машы. Такая ўвага тлумачыцца датай з’яўлення дзяўчынкі на свет – 3 ліпеня, у Дзень Рэспублікі.

Па добрай традыцыі рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” віншуе матуль і нованароджаных з двайным для іх святам – дзяржаўным і сямейным. Дар’я Кагалёнак, да якой у Вяркуды ў чацвер завітала дэлегацыя з актывістаў раённай арганізацыі на чале з яе намеснікам старшыні Вольгай Мікалаеўнай Захарэнка, расказала, што трапіла ў лік трох матуль Віцебшчыны, якіх у абласным клінічным радзільным доме яшчэ 5 ліпеня віншаваў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”, старшыня абласнога Савета Дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў.

“Вельмі прыемна, дзякуй за такую ўвагу да нас!” – расчулілася маці, калі госці, да якіх далучылася і старшыня Вяркудскага сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак, са словамі найлепшых пажаданняў уручылі і падарунак – набор сродкаў для догляду за нованароджанымі.

Дар’я, якая стала маці ў другі раз, прызналася, што такой колькасці віншаванняў, гасцей і падарункаў магло б і не быць – Маша нарадзілася крыху раней запланаванага тэрміну. Але, на шчасце, развітай і здаровай, каля паловы трынаццатай гадзіны, калі ва ўсю ішло святкаванне Дня Незалежнасці.

Атрымліваецца, што зараз кожны год у гонар ушачанкі Машы і яшчэ 24 новых грамадзян Віцебшчыны, якія з’явіліся на свет 3 ліпеня, будзе салютаваць уся краіна. “Гэта – на ўсё жыццё!” – зазначылі актывісты “Белай Русі”. Прадстаўнікі грамадскага аб’яднання ставяць сваёй мэтай праяўляць клопат аб дзецях, якія нарадзіліся ў Дзень Незалежнасці, не толькі з нагоды святаў, а і прымаць пастаянны ўдзел у працэсе іх сталення і выхавання сапраўднымі “дзецьмі рэспублікі” – грамадзянамі і патрыётамі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *