Итоги работы обсудили на заседании совета Ушачского районного объединения профсоюзов

В общественных организациях

На мінулым тыдні адбыўся савет Ушацкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў. Па сутнасці гэта была справаздача аб паўгадавой рабоце, а таксама выканання пагаднення паміж райвыканкамам, Ушацкім саветам наймальнікаў і аб’яднаннем прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, на 2016-2018 гады. Па гэтым асноўным пытанні перад лідарамі пярвічак выступілі старшыня аб’яднання М.А.Шаўчэнка і намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. Кіраўнікі ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская і райкама БРСМ Р.Хрыпель расказалі аб супрацоўніцтве грамадскіх фарміраванняў.

Нас многа

Ушацкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў складаецца з 62 структурных падраздзяленняў: чатырох раённых арганізацый і 58 пярвічак дванаццаці галіновых прафсаюзаў і налічвае 3968 членаў. Прафкамы створаны ва ўсіх установах і прадпрыемствах (сёлета – у фізкультурна-спартыўным клубе), акрамя трох прыватных: “Твестуба Про”, “Кват” і “Форэстгандаль”. У 54 з іх існуюць калектыўныя дагаворы – асноўны дакумент, які дае магчымасць палепшыць умовы працы работнікаў у дадатак да замацаваных заканадаўствам. Менавіта на якаснае змяненне гэтага сумеснага “дагавора” адміністрацыі і прафкама і была нацэлена сёлета работа старшыні аб’яднання М.А.Шаўчэнкі (пры знаёмстве з пярвічкамі яна раіла, якія пункты варта дадаць), а таксама на заключэнне іх у ПУП “Ніксілбуд” і “Ляснеўшчына”, дзе калектыўных дагавораў няма.

Маніторынг зарплат

Федэрацыя прафсаюзаў пастаянна сочыць за ўзроўнем заработнай платы і своечасовасцю яе выплаты. У раёне затрымкі былі сёлета ў пяці арганізацыях аграпрамысловага комплексу: “Ільюшынскім”, “Глыбачанах”, “Агра-Селішчы”, “Арэхаўне” і “Вялікадолецкім”. Але разам з тым назіраецца тэндэнцыя зніжэння колькасці прадпрыемстваў, маючых пратэрмінаваную запазычанасць па выплаце зарплаты, а таксама яе рост. Так, за 10 месяцаў сярэднямесячная па раёне склала 617 рублёў ці 97,5 працэнта да даведзенага задання. Тэмп росту да мінулага года – 120 працэнтаў, а рэальнай заработнай платы – 115,1. Між тым, яна на працягу апошніх гадоў застаецца адной з самых нізкіх у краіне, напрыклад, сярэдняя рэальная за 10 месяцаў па вобласці – 848,2 рублі.

Чаму даражэла бульба?

Таксама з мая 2017 года Федэрацыяй прафсаюзаў праводзіцца маніторынг цэн на прадукты харчавання. Быў наладжаны ён і ў нас, а аб’ектамі назіранняў стаў універсам “Родны кут” і невялікая крама “Раніца”. Як адзначыла М.А.Шаўчэнка, даныя за 9 месяцаў сведчаць аб стабільнасці сітуацыі: цэны павышаліся прапарцыянальна ўзроўню інфляцыі. А вось па вобласці былі выяўлены факты, калі кошт на бульбу, агуркі, сметанковае масла і некаторыя іншыя прадукты пры стабільным курсе рубля павялічыўся з 13 да 44 працэнтаў. Па кожным падобным факце потым прымаюцца меры, а каб не дапускаць падобнага, маніторынг будзе працягвацца.

Спрэчкі інтэлігентным спосабам

Як зазначыла Алена Васільеўна Пашковіч, задачы ў раённай улады, наймальнікаў і прафсаюзаў па сутнасці аднолькавыя: павысіць узровень жыцця людзей. Менавіта канкрэтныя меры і прапісаны ў пагадненні паміж трыма бакамі, а каб гэтыя гарантыі выконваліся, у раёне прымаюцца доўгатэрміновыя праграмы развіцця. Працуе і сумесны орган – савет па працоўных спрэчках, у які ўваходзяць па 4 чалавекі ад райвыканкама, наймальнікаў і прафсаюзаў. Туды і трэба звяртацца (В.Л.Хамёнак – 2-74-84 ці М.А.Шаўчэнка 2-70-99), калі лічыце, што парушаны вашы правы, а прафкам на месцы не ў сілах дапамагчы. Дарэчы, адзін з асноўных накірункаў работы аб’яднання – гэта прававая адукацыя лідараў пярвічак. На гэта нацэлены і рэгулярныя прыёмы грамадзян, што праводзяць юрысты розных галіновых прафсаюзаў вобласці.

Новыя працоўныя месцы

Паколькі на многіх прадпрыемствах і арганізацыях у апошні час праводзілася аптымізацыя штатаў і адпаведна скарачэнне работнікаў, то для ўшачан актуальны пошук новых працоўных месцаў. Аднак напружання на рынку працы няма з аднаго боку таму, што ў выніку работы з наймальнікамі яны адразу паведамляюць пра вызваленыя вакансіі. Па-другое, выконваецца раённая праграма па стварэнні новых працоўных месцаў. Толькі сёлета на прадпрыемствах ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, ТЦСАНе, філіялах “Маяк-Ушацкі”, “Крычаў” ЗАТ “Дабраном”, лясгасе, ААТ “ЗападХімСэрвіс” і фермерскай гаспадарцы “Свежы луг” іх створана 47.

Пенсіянер – член пярвічкі

Аб гэтым нагадала ў сваім выступленні Н.А.Васілеўская, чым выклікала рэзананс з боку старшыні прафсаюзнай пярвічкі Ушацкай школы Ірыны Цітовай: “Ці зменіцца што ад гэтага ў істотны бок, калі ў нас і так цесная сувязь з ветэранамі”. Сапраўды, у многіх арганізацыях у калектыўных дагаворах прапісаныя льготы распаўсюджваюцца аднолькава на былых і сённяшніх работнікаў. Адны з самых дзейсных, нягледзячы на незайздроснае фінансавае становішча, у сельгасарганізацыях, дзе напалову ці нават бясплатна аказваюцца паслугі па апрацоўцы агародаў, выпіска транспарту для нарыхтоўкі дроў і іншыя мэты. Аднак розніца тым не менш ёсць. Застацца членам прафсаюзнай арганізацыі – значыць наноў пасля выхаду на пенсію ўступіць у прафсаюз, уплачваць узносы або не (па меркаванні ўсіх членаў пярвічкі) і быць адным з тых, на каго распаўсюджваюцца ўсе палажэнні калектыўнага дагавора. Ведаюць пра гэта, сапраўды, не ўсе.

Сумесны адпачынак

І, канечне, прафсаюз там, дзе асаблівыя даты яго работнікаў: юбілеі, вяселлі, нараджэнні дзяцей. А таксама абавязкова навагоднія падарункі, на 25 працэнтаў таннейшы кошт пуцёвак у санаторыі, якія належаць Федэрацыі прафсаюзаў – па рэспубліцы такіх 13, і сумесны адпачынак. Паездкі на лоўлю рыбы ці ў тэатр – гэта выбіраць самім. Раённае ж аб’яднанне імкнецца далучыць работнікаў да здаровага ладу жыцця, таму сёлета ўзнагароджвала пераможцаў 13 спартыўных мерапрыемстваў, у якіх прыняла ўдзел 2350 чалавек. Дарэчы, пярвічкам таксама раяць абавязкова заахвочваць работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця.

Якім будзе прафсаюзнае жыццё на месцах – залежыць толькі ад нас саміх, ад ініцыятывы лідараў, сярод якіх у раёне, дарэчы, вельмі многа моладзі. А сіла арганізацыі – у яе вытоках – у аб’яднанні людзей, маючых аднолькавыя прафесіянальныя інтарэсы. А гэта не слабы голас адзіночкі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *