Семь лет под флагом «Белой Руси». Состоялась 3-я отчётно-выборная конференция Ушачской районой организации РОО «Белая Русь»

В общественных организациях

Такі тэрмін для гісторыі — імгненне. А для сучаснікаў, людзей, якія жывуць і працуюць побач, — час значны. За сем год дзейнасці Ушацкая раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» прайшла этапы стварэння, станаўлення і вырасла ў дзейсную адзінку, якая дапамагае органам улады ў ажыццяўленні сацыяльных праграм і праектаў.

З такімі высновамі старшыні раённай арганізацыі Алены Васільеўны Пашковіч падчас яе выступлення на трэцяй справаздачна-выбарчай канферэнцыі, што праходзіла на мінулым тыдні ў раённым Доме культуры, пагадзіліся ўсе дэлегаты, якія на працягу апошніх гадоў непасрэдна ўдзельнічалі ў шматлікіх мерапрыемствах патрыятычнай, дэмаграфічнай, грамадска-палітычнай накіраванасці. Актыўны ўдзел у жыцці раёна зрабіў арганізацыю запатрабаванай, а гэта, напэўна, галоўны паказчык дзейнасці любога грамадскага аб’яднання. На сённяшні дзень ушацкая «Белая Русь» з’яўляецца адной з лепшых раённых арганізацый не толькі ў вобласці, але і ў краіне, пераймаць вопыт дзейнасці да нас прыязджаюць з іншых рэгіёнаў Віцебшчыны, а нашы актывісты ў якасці заахвочвання неаднойчы наведвалі рэспубліканскі Савет аб’яднання ў Мінску. Па стане на пачатак бягучага года ў 38 «пярвічках» раённай арганізацыі налічваецца 490 членаў — амаль 6,5 працэнта ад колькасці працаздольнага насельніцтва. Наладжаны механізм фінансавай дысцыпліны шляхам безнаяўнага пералічэння членскіх узносаў дазваляе ў поўнай ступені забяспечваць сродкамі ўстаўныя мерапрыемствы і праекты па розных накірунках дзейнасці. Пачынаючы з 2009 года ў рамках рэспубліканскай акцыі «Белая Русь» упрыгожвае Беларусь» раённая арганізацыя правяла больш 20 суботнікаў па навядзенні парадку ў месцах масавага адпачынку і добраўпарадкаванні тэрыторый прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе створаны «пярвічкі» арганізацыі. Высаджана больш сотні саджанцаў дэкаратыўных хваёвых раслін. На працягу шасці гадоў сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму праводзіцца агляд-конкурс па добраўпарадкаванні тэрыторый дашкольных устаноў. Дзякуючы матэрыяльнаму стымуляванню пераможцаў конкурсу значна палепшылася матэрыяльная база дзіцячых садоў гарпасёлка. За апошнія тры гады рэалізацыі праекта «Белая Русь — працаўнікам сяла» атрымалі падарункі да прафесійнага свята 23 перадавікі сельскагаспадарчай галіны раёна. Трэба адзначыць, што раённая арганізацыя не толькі прымае ўдзел ва ўсіх рэспубліканскіх акцыях «Белай Русі», але і з’яўляецца аўтарам некалькіх уласных. 113 сямей раёна сталі ўдзельнікамі праекта «Моцная сям’я — моцная дзяржава», атрымаўшы дапамогу ад грамадскага аб’яднання. Удзельнічае «Белая Русь» і ў шэрагу іншых раённых мерапрыемстваў у рамках праграмы дэмаграфічнай бяспекі — падтрымлівае ініцыятыву правядзення конкурсу «Лепшая мнагадзетная сям’я», аказвае дапамогу малазабяспечаным сем’ям. Другі праект «Рэха мінулага ў сэрцах нашчадкаў» умясціў у сябе мноства самых розных мерапрыемстваў, аб’яднаных ваенна-патрыятычнай тэматыкай. Гэта сустрэчы ветэранаў суседніх раёнаў на мемарыяльным комплексе «Прарыў», творчы конкурс па зборы фота- і відэаматэрыялаў школьнікамі аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, урокі мужнасці і многія іншыя мерапрыемствы. Са станоўчага боку зарэкамендавалі сябе прадстаўнікі «Белай Русі» пры падрыхтоўцы і правядзенні важнейшых грамадска-палітычных кампаній, а дабрачынная дзейнасць стала адметным знакам арганізацыі. У рамках акцыі «Міласэрнасць» вядзецца збор адзення і іншых рэчаў для пажылых грамадзян аддзялення кругласутачнага прабывання ў Вяркудах, для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльным прытулку. Як і ў мерапрыемствах патрыятычнага характару ў гэтым напрамку «Белая Русь» цесна супрацоўнічае з ветэранскай арганізацыяй. Яе кіраўнік Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец са свайго боку адзначыў плённасць сумеснай працы двух грамадскіх аб’яднанняў. На канферэнцыю былі запрошаны таксама і некалькі актывістаў ветэранскага руху — Уладзімір Ільіч Мамаеў, Лідзія Гаўрылаўна Ільюшэвіч і Алена Захараўна Кучко атрымалі падарункі ад «Белай Русі».

Ініцыятыва ідзе знізу, ад «пярвічак» — яны з’яўляюцца рухаючай сілай грамадскага аб’яднання. Больш 40 членаў «Белай Русі» і старшынь пярвічных арганізацый таксама атрымалі ўзнагароды з рук А.В.Пашковіч, якая сем гадоў узначальвала раённую арганізацыю. На канферэнцыі абраны новы лідар — аднагалосна была падтрымана кандыдатура начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іны Фёдараўны Сыроўчанкі. Таксама былі абраны ўсе кіруючыя органы грамадскага аб’яднання, куды ўвайшлі як правераныя часам актывісты, так і маладыя члены арганізацыі, якая, па словах Іны Фёдараўны, будзе імкнуцца падтрымліваць заваяваныя пазіцыі і разам з тым шукаць новыя формы і метады дзейнасці, накіраванай на вырашэнне самага шырокага спектра пытанняў грамадска-палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця раёна.

Д.Раманоўскі.

Змяніўся адрас «грамадскай прыёмнай» Ушацкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь». Зараз яна размяшчаецца ў кабінеце №69 (3-ці паверх) будынка Дома Саветаў па вул.Ленінская, 12. Тэлефон: 2-78-37.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *