Ушаччина отпраздновала День Республики

Общество

Святочныя мерапрыемствы  ў гонар галоўнага дзяржаўнага свята краіны – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на Ушаччыне распачаліся 2 ліпеня адкрыццём помніка братам партызанам Чэпікам, загінуўшым на тэрыторыі раёна і пахаваным на грамадзянскіх могілках у Часцвядах. У гэты ж дзень адбылося ўскладанне вянкоў і кветак на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Хвілінай маўчання члены райвыканкама ўшанавалі памяць аб загінуўшых вызваліцелях. Канечне, прыгадалі пра франтавых сяброў і тыя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, якія не змаглі прыехаць на святкаванне ў райцэнтр 3 ліпеня. Атрымалі ж персанальнае віншаванне ад кіраўніцтва раёна ўсе 38 ветэранаў, якія жывуць на тэрыторыі раёна. Усе яны – чаканыя госці свята, вось толькі адзінкі прымаюць у ім удзел тыя, каму дазваляе здароўе.

У пачатку святочных мерапрыемстваў у Дзень Незалежнасці да супрацоўнікаў  рэдакцыі падышлі госці раёна, якія цікавіліся ўсім, што адбываецца, і з задавальненнем дзяліліся ўражаннямі ад знаходжання на Ушаччыне. Між тым, іх візіту папярэднічала цікавая і неардынарная гісторыя, і прыехала да нас сям’я Крысёнкаў не проста пабываць на свяце, а атрымаць узнагароду свайго продка, медаль “За адвагу”, які так доўга шукаў свайго уладальніка.

Гэтая частка мітынгу стала яго кульмінацыяй і прыдала шчымлівасці і пранікнёнасці. Наш зямляк, ураджэнец Ушацкага раёна Мікалай Аляксеевіч Ступко, гвардыі палітрук, ваенком батарэі 43 гвардзейскага артылерыйскага палка ў баях з нямецкімі акупантамі паказаў сябе як смелы, ініцыятыўны камісар Чырвонай Арміі. Умела арганізуючы на перадавой абарону батарэі, удалося падбіць 5 танкаў, 3 аўтамашыны і знішчыць да 300 чалавек пяхоты праціўніка. У другім з баёў 5 фашысцкіх танкаў, прарваўшы абарону, падышлі на 200­300 метраў да назіральнага паста. Камісар Ступко сам узяў супрацьтанкавую зброю, сумесным агнём быў падбіты танк, астатнія былі вымушаны адступаць. Гэтыя дзеянні дазволілі выйсці палку з­пад абстрэлу без страт. Наш зямляк быў удастоены ўзнагароды, якая вельмі цанілася франтавікамі, медаля “За адвагу”. У час баёў за вызваленне Польшчы медаль згубіўся, пазней яго падчас палявых работ знайшоў паляк і перадаў у адпаведныя органы. Па нумары быў высветлены ўладальнік медаля, аднак шмат гадоў узнагарода не магла знайсці свайго героя. На жаль, М.А.Ступко не дажыў да гэтага дня 13 гадоў. Былі знойдзены яго бліжэйшыя родныя. Тут, на Ушаччыне, у Дзень Незалежнасці ім і быў перададзены медаль. Па даручэнні намесніка начальніка штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь яго ўручыў бліжэйшаму роднаму Аляксандру Леанідавічу Крысёнку ваенны камісар Ушацкага раёна У.Я.Пальчэх.

– Я хачу выказаць вялікую ўдзячнасць усім людзям, якія прыклалі намаганні, каб узнагарода вярнулася на малую радзіму майго дваюраднага дзеда. Для маёй сям’і гэты медаль не проста кавалак металу, а адбітак гісторыі, магчымасць ганарыцца сваім продкам. Дзякуючы ў тым ліку і яго подзвігам мы зараз можам адзначаць святы, – не хаваў эмоцый Аляксандр Леанідавіч.

Усё менш ветэранаў кожны год адзначаюць Дзень Незалежнасці краіны, зусім мала прысутнічала іх і ў гэты дзень на ўрачыстым мітынгу каля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны ў скверы гарпасёлка. Ледзь стрымлівалі яны слёзы падчас хвіліны маўчання і калі маладое пакаленне падносілі ім кветкі ў знак пашаны. Словы падзякі  ветэранам і віншаванні гучалі ад старшынь раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнкі, раённай арганізацыі “Беларускага фонду міра” Т.М.Малак, ад моладзі выступіў інжынер раённага вузла электрасувязі Д.Федуковіч. Затым па добрай традыцыі кветкі і вянкі да мемарыяльных пліт з імёнамі загінуўшых ляглі ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў.

Наогул жа свята ў выхадны дзень распачалося з самай раніцы. У розных кропках разгарнулі сваю работу тэматычныя пляцоўкі на самы розны густ. Ажыўлена было каля Ушацкай школы на святочнай пляцоўцы пад назвай “Ушаччына спартыўная”, дзе сабраліся аматары пляжнага валейбола і мініфутбола, змагаліся за званне лепшага шахматысты і дыгатланісты.

З цэнтра ў розныя бакі разносіліся пахі шашлыкоў і іншых прысмакаў, увесь дзень тут працавалі гандлёвыя рады, можна было прысесці за столікам і адпачыць.

З абеда  да вечара звінелі звонкія дзіцячыя галасы ў любімым месцы маленькіх ушачан – скверы гарпасёлка. Тут для дзяцей было арганізавана мноства разнастайных забаўляльных праграм. Атрымаць прызы за кемлівасць і спрыт можна было на дзіцячых гульнявых пляцоўках. Папулярнасцю ў дзяцей карысталіся “Загадкавая клумба”, “Шацёр загадайкі”, а таксама імправізаваная лоўля рыбы. Свае вакальныя здольнасці жадаючыя маглі праявіць у караоке­палатцы. Тое, што шмат расце ў нас талентаў, засведчыў і дзіцячы канцэрт.

Пакуль дзеці спявалі песні і радаваліся святу, дарослыя разгарнулі цэлы горад майстроў! Тут можна было паглядзець і набыць вырабы народных умельцаў клуба “Адраджэнне”. Дарэчы, самым папулярным і хадавым аказаўся абярэг, які павінен засцерагаць аўтаўладальнікаў ад “увагі” супрацоўнікаў ДАІ. Тут жа жадаючыя навучыцца рабіць валёнкі глядзелі майстар­клас Пятра Алексяёнка.

А вось ля музея панавала ўжо крыху іншая атмасфера. З “салдацкага прывалу” даносіліся песні і прыпеўкі пад гармонь, працавала выстава літаратуры, кожны мог скарыстацца загаворамі і парадамі Знахаркі.

Увагу ўсіх, хто ўдзельнічаў у мерапрыемствах ці проста праходзіў міма, прыцягваў ўстаноўлены ля музея макет мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, зроблены з гіпсу па аналогіі з помнікам.

– Яшчэ свята не пачалося, а жадаючых сфатаграфавацца каля фігуры партызана было хоць адбаўляй! Але стаяць скульптура будзе толькі на час свята, – адзначыла дырэктар музея народнай славы М.Дрозд.

Непадробную ўвагу і цікавасць ва ўшачан розных узростаў выклікала выстава баявой зброі. Каб патрымаць яе ў руках і ўявіць сябе байцом, нават выстраілася чарга. А той, каму ўдалося сфатаграфавацца з гранатамётам, адыходзіў задаволены. Побач можна было ўявіць сябе і пажарным­выратавальнікам, пасядзеўшы ў кабіне пажарнай машыны. У асноўным гэтай магчымасцю імкнуліся скарыстацца дзеці.

Пакуль на вуліцах Ушач праходзілі цікавыя мерапрыемствы, у раённым Доме культуры гучалі песні народнага артыста Беларусі Мікалая Скорыкава. Спявак у гэты дзень завітаў у наш гарпасёлак, каб парадаваць сваімі песнямі і павіншаваць ушачан са святам. Пашанцавала 3 ліпеня і вялікадальчанам – на пэўны час наваколле аграгарадка таксама напоўнілася любімымі ўсімі песнямі ў выкананні экс­саліста “Песняроў” Валерыя Скаражонка і гурта “Браты­славяне”.

Самым жа масавым мерапрыемствам і навінкай свята стала алея дасягненняў працоўных калектываў раёна. На цэнтральнай вуліцы гарпасёлка шматлікія арганізацыі Ушаччыны прадстаўлялі сябе і свае дасягненні. Агароднінасушыльны завод рэкламаваў, даваў прадэгусціраваць напіткі, хлебазавод прапаноўваў шматлікія віды хлебабулачных вырабаў, мёд – лясгас, сваю прадукцыю выставіў прамкамбінат, вельмі разнастайнай аказалася палатка паштавікоў, рэкламавалі паслугі банкіры, сувязісты, знаёмілі са сваёй дзейнасцю дарожнікі, меліяратары, газавікі, камунальнік, асобнае месца заняла сельскагаспадарчая пляцоўка. Былі арганізаваны тэматычныя падворкі сельсаветаў. Кожны працоўны калектыў праяўляў сябе, праводзіў конкурсы, віктарыны, і каля кожнай пляцоўкі абавязкова спыняліся людзі.

– Нам спадабалася ідэя алеі дасягненняў, можна падысці, пазнаёміцца і нават набыць штосьці для сябе. Наогул падабаецца, што ўсё сканцэнтравана ў адным месцы – вось табе забавы для дзяцей, горад майстроў, выставы, акцыі – усё што пажадаеш. Цёплая, сяброўская абстаноўка, – падзялілася з намі сваімі ўражаннямі сям’я Пшонкаў з Лепельшчыны, якія прыехаўшы да знаёмых у госці і не змаглі абмінуць святочныя мерапрыемствы.

Увечары ж многія ўшачане правялі час на адкрытай танцавальнай пляцоўцы і паглядзелі тэатралізаваны канцэрт, якія скончыўся традыцыйнай рэспубліканскай патрыятычнай акцыяй “Спяём гімн разам!”

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *