Работники ЖКХ подводят горячую воду к дому по улице Ленинской,8

Общество

Я нават і не падазраваў, што да нядаўняга моманту ў самым цэнтры Ушач у адным са шматкватэрных дамоў не было гарачай вады. Менавіта над ліквідацыяй гэтага прабелу і шчыруюць зараз рабочыя ўчастка ЖКГ з аграгарадка Арэхаўна пад кіраўніцтвам майстра Віктара Міхайлавіча Шыркевіча. Планавы капітальны рамонт ідзе не зусім па планах, бо прыходзіцца выконваць многа пабочнай працы, але ў кватэрах аднаго з  двух пад’ездаў гарачая вада хутка з’явіцца.

“Хлопцы, ці будзеце сёння ў мяне што рабіць? Ключ вам пакідаць?” – цікавілася на мінулым тыдні адна з жыхарак дома нумар восем па вуліцы Ленінскай у работнікаў камунгаса, для якіх гэты аб’ект стаў асноўным месцам працы ўжо на працягу некалькіх тыдняў. Да таго, што кожную раніцу ля іх пад’ездаў спыняецца “лятучка”, жыльцы гэтай трохпавярхоўкі ўжо прывыклі, а да рабочых, занятых на капрамонце, адносяцца як да добрых знаёмых, нават давяраюць ключы ад кватэр і не баяцца, што ў выніку візіту сантэхнікаў, як у сюжэце вядомай і любімай камедыі “Афоня”, замест фінскай ванны з’явіцца старая ржавая ракавіна. “Такога ў нашым калектыве ніколі не здаралася! – смяецца з параўнання В.М.Шыркевіч. – Работнікі падабраліся адказныя, хутчэй сваё аддадуць, чым чужое возьмуць!“ Зрэшты, сантэхнікамі іх можна назваць з вялікай доляй умоўнасці, бо ні ў аднаго з хлопцаў, якія задзейнічаны на капрамонце, такога запісу ў працоўнай кніжцы няма – “няпрофільнымі” справамі займаюцца слесары і аператары кацельняў, якія ў міжацяпляльны сезон становяцца спецыялістамі шырокага профілю.

– Напішыце, што вельмі важную справу робяць, – кажа Валянціна Іванаўна Салавей, у кватэры якой работы ўжо скончаны. – Зразумела, што гарачая вада таксама штосьці каштуе, але на электрычнасці колькі будзем эканоміць! Пад трыста кілават раней нагарала – у нас ва ўсіх устаноўлены воданагравальнікі.

Яго работнікі камунальнай службы па просьбе гаспадыні не дэманціравалі, а пакінулі. Але і служыць ён ужо будзе не пастаянна, а толькі ў выпадках, калі ўзнікнуць перабоі з гарачым водазабеспячэннем. А яны, пагадзіцеся, у апошнія гады сталі рэдкімі.

Акрамя ўкладкі новых палімерных труб паралельна мяняюць камунальнікі і старыя чыгунныя на халодную ваду і ў сістэме каналізацыі. Дастаць адслужыўшы век метал – галоўная праблема, бо многія жыльцы за дзесяцігоддзі пахавалі трубы за плітку, сайдынг і іншыя модныя вільгацеўстойлівыя гіпсакардоны. Даводзіцца ўсё разбіраць і пры гэтым старацца не пашкодзіць каштоўныя будматэрыялы ўласнікаў. Хаця рабіць гэта работнікі прадпрыемства і не абавязаны. У правілах карыстання жылымі памяшканнямі чорным па белым напісана, што падыходы да камунікацый павінны быць свабоднымі. Вось толькі многія не задумваюцца над гэтым, таму бетонная сцяжка паверх трубы, якую трэба замяніць – справа звычайная. Пераносяць хлопцы душавыя кабіны, перацягваюць ванныя і ракавіны. Прычым жыхары дома нязручнасці адчуваюць толькі тады, калі рабочыя знаходзяцца на аб’екце. Пасля заканчэння работ увечары ў кватэрах ёсць вада, можна карыстацца каналізацыяй.

Расказвалі хлопцы, што пачыналі працу ледзьве не з ломам і кувалдай, але па іх просьбе адміністрацыя прадпрыемства набыла сучасныя інструменты, якія дазваляюць, напрыклад, за лічаныя хвіліны пракруціць акуратную адтуліну патрэбнага дыяметру ў сцяне. А калі б па­старынцы выбівалі яе адбойнікам, то значных пашкоджанняў ніяк бы не пазбеглі. Зараз жа ўсім вядомы выраз “Ламаць – не будаваць” у прымяненні да іх працы ніяк не падыходзіць.

– Ледзьве выцягнуў! – змахваючы пот з ілба, паказвае чарговы кусок чыгуннай трубы Андрэй Барысавец, які на мінулым тыдні працаваў на дэмантажы побач з Мікалаем Прашкевічам. – Глядзі, колькі бруду ўнутры, амаль прасвету няма!

Неўзабаве гэты стары элемент паляцеў у кучу падобных – чыгун пойдзе на выкананне плана па здачы другаснай сыравіны. А пакуль А.Барысавец з напарнікам накіраваліся ў іншы пакой кватэры вымаць чарговую трубу, на тым месцы, дзе яны толькі што працавалі, ужо завіхалася моладзь. Мантажом займаліся Міхаіл Захарэнка і Артур Ігнатовіч, прычым вельмі спрытна ўпраўляліся з розным відам электраінструмента.

– Асаблівага раздзялення працы няма, – расказвае В.М.Шыркевіч, – усе работнікі могуць выконваць самыя розныя віды работ. На сваім участку ў Арэхаўне сёння застаўся Алег Птушко – будзе ставіць манометры – ад падрыхтоўкі ўласных аб’ектаў і жылфонду да зімы нас ніхто не звальняў!

У тым, што ў другім пад’ездзе справа пойдзе хутчэй, Віктар Міхайлавіч не сумняваецца, кажа – “хлопцы руку набілі”. Тамашнія жыхары ўжо цікавяцца, калі камунальнікі пяройдуць да іх, ну а гаспадары 12 кватэр з дня на дзень чакаюць моманту, калі ў іх з кранаў пацячэ гарачая вада, а лічыльнік электраэнергіі пры гэтым не будзе накручваць сотні кілават.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *