Хозяин дома в Сорочино оказался в снежном плену

Выясняем ситуацию Общество

Хаця на двары ўжо вясна, аднак праблем з расчысткай вуліц ад снегу ў адпаведных службаў нямала. Здавалася б, карысную справу робяць яны, але, на жаль, вынікамі гэтай работы не заўсёды задаволены грамадзяне. Вось і нядаўна ў рэдакцыю патэлефанаваў жыхар вёскі Сарочына, які паскардзіўся на дзейнасць супрацоўнікаў ДЭУ-37, якія ў сераду расчышчалі тут снег.
Хату пенсіянера доўга шукаць не прыйшлося: вялізныя гурбы снегу, у рост чалавека, звернутыя спецтэхнікай з абочыны амаль у двор, падказалі, што не памыліліся з адрасам. Бясспрэчна, праезная частка і абочыны тут расчышчаны выдатна, аднак з навядзеннем гэтага “парадку”, па словах мужчыны, дарожнікі яўна перастараліся. Гаспадар аказаўся ў своеасаблівым снежным палоне. Па-першае, ссунуты ў двор снег хутка пачне таяць, а значыць хаце пагражае падтапленне. Па-другое, калодзеж гаспадара знаходзіцца недалёка ад гэтых гурбаў, што прывядзе да пагаршэння якасці пітной вады. Але самае галоўнае, што выклікала абурэнне жыхара, гэта тое, што падчас работ былі пашкоджаны, а ў некаторых выпадках цалкам знішчаны раслінныя насаджэнні ўздоўж дарогі. Зараз на месцы, дзе былі кусты бэзу, белай акацыі, каліны, якія радавалі вока кожнага, хто праходзіў ці праязджаў міма, абаранялі гаспадара хаты ад лішняга пылу і шуму, – паламаныя сукі, засыпаныя снегам галіны. Сапраўды відовішча не з прыгожых.
Па словах жыхара, такую “зачыстку” дарожнікі зрабілі тут упершыню. Раней чысцілі дарогу і частку абочыны, а насаджэнні, якія ён садзіў бліжэй да хаты, нікому не перашкаджалі.
Каб разабрацца ў сітуацыі, атрымаць тлумачэнні спецыялістаў на прэтэнзіі грамадзяніна, накіравалі скаргу ў адпаведныя службы.
Як паведамілі нам у раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, нягледзячы на тое, дзе знаходзяцца расліны – на ўчастках грамадзян ці на агульных плошчах, – упаўнаважаныя службы кантралююць іх стан, прымаюць меры да парушальнікаў адпаведнага заканадаўства. Калі кусты сапраўды паламаныя, то парушальнікі будуць прыцягнуты да адказнасці.
У дадзеным выпадку адназначна ацаніць сітуацыю пакуль што немагчыма. Гаварыць аб ступені пашкоджання насаджэнняў можна будзе праз тыдзень-другі, калі цалкам растане снег. Сігнал нашых чытачоў трымаецца на кантролі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *