Семья Камович стала победителем районного этапа проекта «Властелин села» и представила Ушачский район на областных соревнованиях

Образование и молодежь

Удзельніцам раённага этапу сямейнага праекта “Уладар сяла”, які праходзіў 22 жніўня ў аграгарадку Глыбачка, сапраўды пашанцавала: у іх цудоўныя “палавінкі”. Не гулякі і лайдакі, а сапраўдныя гаспадары. І мужчынам пашанцавала не менш: побач з імі не гламурныя Барбі, а выдатныя гаспадыні, адораныя прыроднай прыгажосцю, пяшчотай, жаноцкасцю і працавітасцю. Менавіта такімі людзьмі здаўна славілася беларуская зямля.

Яшчэ задоўга да пачатку мерапрыемства прасторная пляцоўка ля Глыбачанскага сельвыканкама пачала напаўняцца водарам свята: паўсюль іграла музыка, развешваліся плакаты, рыхтаваліся тэматычныя пляцоўкі для розных этапаў спаборніцтваў. Падтрымаць удзельнікаў сабраліся родныя, сябры, іх знаёмыя, суседзі. Неўзабаве падаспелі і галоўныя героі – сем’і Алены і Васіля Камовічаў, Анастасіі і Вячаслава Залатых з дочкамі. І хоць удзел у спаборніцтвах – дастаткова хвалюючая падзея, сёлетнія канкурсанты адчувалі сябе спакойна. Напэўна таму, што такі вопыт у Залатых ужо быў (летась сям’я стала пераможцай у конкурсе), а Камовічы заручыліся надзейнай падтрымкай – пахварэць за іх прыехала з вёскі Двор Усвея Людміла Васільеўна Камовіч, бабуля гаспадара.

На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч адзначыла, што правядзенне названага конкурсу сімвалічна ў Год моладзі. “Уладар сяла” садзейнічае замацаванню спецыялістаў на сяле, павышэнню прэстыжу сям’і і сельскагаспадарчых прафесій, – падкрэсліла Наталля Мікалаеўна. – Конкурс адраджае працоўныя дынастыі і папулярызуе лепшыя традыцыі беларускай вёскі”. Дарэчы, апошнія былі шырока прадстаўлены падчас спаборніцтваў. Падрыхтаваныя арганізатарамі – райкамам БРСМ – іспыты былі падабраны такім чынам, каб журы магло ацаніць здольнасці маладых людзей у вядзенні традыцыйнай хатняй гаспадаркі. Конкурс “Па дровы” меў на ўвазе хуткую распілоўку, колку і складзіраванне дроў. Свае гаспадарчыя здольнасці сем’і дэманстравалі ў вязанні венікаў для лазні, а кулінарныя – у прыгатаванні дранікаў і іншых традыцыйных сямейных страў. А падчас візітовак гледачы і лірычныя песні паслухалі, і даведаліся пра захапленні сямей.

Прычым конкурсы для адных сталі сапраўднай падзеяй для іншых. Маю на ўвазе мясцовых жыхароў, якіх сабралася некалькі дзясяткаў. Яны не толькі з захапленнем назіралі за відовішчным дзействам, але і самі прымалі ўдзел у цікавых віктарынах, за што атрымлівалі ад арганізатараў пачастункі. Да таго ж конкурсная праграма змянялася нумарамі ў выкананні работнікаў культуры – вось вам і невялічкі канцэрт.

Час праляцеў хутка – і спаборніцтвы завяршыліся, выявіўшы лідараў. Другое месца заняла сям’я Анастасіі і Вячаслава Залатых, ну а перамогу святкавалі брыгадзір­палявод і камбайнер КУСГП “Глыбачаны” Алена і Васіль Камовічы разам са сваімі дачушкамі Аляксандрай і Дар’яй. Граматы і каштоўныя падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі конкурсу, а пераможцы – яшчэ і права прадстаўляць Ушаччыну на абласным этапе “Уладара сяла”, які адбыўся 25 жніўня ў Верхнядзвінску.

Прыемна адзначыць, што і на вобласці маладая сям’я з Глыбачкі вельмі ўдала заявіла пра сябе, стаўшы пераможцай у намінацыі “Лепшы сельскі падворак”. Строгае журы асабліва адзначыла смак нацыянальных страў, прапанаваных нашымі канкурсантамі, – бабкі, дранікаў, клёцак. Дарэчы, у прыгатаванні апошніх гаспадыня можа даць фору нават самым напрактыкаваным шэф­паварам: у сям’і Камовічаў клёцкі гатуюць кожныя выхадныя да лазні, а таму гэтая страва з’яўляецца ў іх кароннай.

Прадстаўнікі Ушаччыны аказаліся на галаву вышэй сваіх канкурэнтаў і ў распілоўцы дроў. Тое, як хутка і па­майстэрску справіліся з заданнем Алена і Васіль, не засталося па­за ўвагай тэлеканала “Беларусь­1” – відэаматэрыял з удзелам Камовічаў можна знайсці на афіцыйным сайце тэлеканала. Дарэчы, такая павышаная ўвага ніколькі не збянтэжыла нашых удзельнікаў. “Я і ў школе прымаю ўдзел у многіх акцыях і мерапрыемствах, – прызналася Аляксандра. – Таму ні пашкоджаная мной напярэдадні нага, ні фота­ і відэакамеры не перашкодзілі нашай сям’і годна паказаць сябе”.

Падтрымлівалі ж Камовічаў на вобласці Таццяна Аляксееўна Шастакова, матуля Алены, а таксама першы сакратар райкама БРСМ Ірына Ціханава. Падводзячы вынікі двух этапаў “Уладара сяла”, маладзёжны лідар раёна падзякавала за садзейнічанне першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку райсельгасхарча Леаніду Аляксандравічу Лісоўскаму, які дапамог вырашыць пытанне з транспартам, старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміру Мікалаевічу Кругліку за выдзеленыя для ўдзельнікаў раённага этапу падарункі, ну і, канечне ж, старшыні Глыбачанскага сельвыканкама Людміле Валянцінаўне Храмцовай за актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні мерапрыемства. “Спадзяюся, у наступным годзе жадаючых прыняць удзел у праекце будзе больш, – адзначыла І.Ціханава. – Бо такая моладзь служыць сапраўдным упрыгожаннем нашых сельскіх населеных пунктаў”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *