Молодежь Ушаччины приняла участие в областном патриотическом марафоне «Автопоезд памяти»

Образование и молодежь

“Эмоцый атрымалі шмат, прычым, самых розных. Дзесьці імкнуліся ўсё аббегчы, каб не проста цікавую інфармацыю пачуць, але і ўбачаным натхніцца. А дзесьці хацелася проста моўчкі стаяць і плакаць…” Так ахарактарызавалі сваю суботнюю паездку нашы землякі, удзельнікі абласнога патрыятычнага марафону БРСМ “Аўтацягнік памяці”.

Старт мерапрыемству быў дадзены на плошчы Перамогі ў Віцебску. Там прайшлі рэспубліканская патрыятычная акцыя “Памяць сэрца”, цырымонія ўскладання кветак да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў вобласці. Прынялі ўдзел маладыя людзі – прадстаўнікі працоўных калектываў, студэнты – і ў акцыі БРСМ “Роднае-народнае”.

Далей усіх чакала доўгая, аднак цікавая – з тэматычнымі конкурсамі, гутаркамі – дарога ў Магілёўскую вобласць. Першым жа месцам прыпынку там стаў мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”, створаны ў 1995 годзе з мэтай ушанавання подзвігу абаронцаў Магілёва, якія загінулі ў 1941-м.

“У гэтым знакавым месцы я ўжо неўпершыню, – падзялілася з намі ўшачанка Марына Дрозд. – Але і зараз бягуць мурашкі па целе, калі чую аповед экскурсавода: “Раніцай 11 ліпеня зямля літаральна ўздрыгнула ад узрываў. Нямецкія бамбардзіроўшчыкі заходзілі ў тыл нашых войскаў. Пасля пачаўся артылерыйскі абстрэл. Потым пайшлі нямецкія танкі. Вораг быў настолькі ўпэўнены ў сваёй непераможнасці, што танкісты ехалі з адчыненымі люкамі, чырвонаармейцы маглі нават разгледзець твары салдат. Аднак пасля шчыльнага агню, адкрытага савец­кімі артылерыстамі, люкі зачынілі. Падчас першага бою вораг страціў каля 300 чалавек і 20 танкаў”. Цяжка паверыць, што на месцы, дзе зараз пасаджаны кветкі, 81 год таму былі варонкі ад снарадаў, дзе чуецца дзіцячы смех – гучалі крыкі салдат…”

Яшчэ больш эмацыянальным стала наведванне мемарыяльнага комплексу “Дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны” на месцы былога канцлагера «Чырвоны Бераг» на Гомельшчыне. Дарэчы, яго аналагаў няма нідзе ў свеце!

Узгаданы марафон, удзел у якім прынялі звыш 300 маладых жыхароў Віцебшчыны, праходзіў у рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае” і быў прысвечаны Году гістарычнай памяці, 77-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Частку фінансавых расходаў ушацкіх удзельнікаў узялі на сябе раённыя прафсаюзныя арганізацыі.

“Пра мемарыял, які называюць яшчэ “Дзіцячай Хатынню”, раней нічога не ведала, таму калі планавала ўдзел у марафоне, меркавала “ўзяць на аловак” інфармацыю і выкарыстоўваць яе потым на занятках з малышамі, – расказвае выхавацель ясляў-сада №4 г.п.Ушачы Анастасія Гатаўская. – Вось толькі пабываўшы тут, засумнявалася ў сваёй ідэі: надта жудасныя звесткі захоўвае Чырвоны Бераг!”

З некалькіх раёнаў тагачаснай савецкай Беларусі сюды звозілі падлеткаў, каб забраць у іх кроў. Фігурка дзяўчынкі ў пачатку мемарыяла невыпадковая: у большасці сваёй сюды траплялі менавіта юныя прадстаўніцы слабага полу. У іх часцей сустракаліся першая група крыві і станоўчы рэзус-фактар. Людзі ў белых халатах паводзілі сябе з ахвярамі без асаблівай строгасці, але кроў забіралі да апошняй кроплі. Паміраць было не балюча – абяскроўленыя дзеці проста засыналі. А тым, хто яшчэ падаваў прыкметы жыцця, вусны змазвалі атрутай – своеасаблівы жэст гуманізму з боку бяздушных катаў…

Тут, у Чырвоным Беразе, быў апрабаваны новы “навуковы” метад забору крыві. Дзяцей падвешвалі пад мышкі, сціскалі грудзі. Для таго, каб кроў не згортвалася, рабілі спецыяльны ўкол. Скура на ступнях адразалася – увесь донарскі матэрыял сцякаў у герметычныя ванначкі. Іншым “шанцавала” больш – іх адпраўлялі ў Германію і там забіралі кроў для раненых афіцэраў, салдат вермахта…

…І вось маршрут у больш чым 600 кіламетраў пройдзены. А гэта, упэўнена першы сакратар райкама БРСМ Дзіяна Калбасава, выдатны задзел для ўсіх, хто любіць падарожнічаць, хто захоўвае ў душы пачуццё патрыятызму і лічыць сябе сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *