С лесом связан судьбой. Молодой помочник лесничего Кубличского лесничества успешно справляется со своими обязанностями

Образование и молодежь

У Кубліцкае лясніцтва Артур неаднойчы забягаў яшчэ хлапчуком. І справа нават не ў тым, што тут вальшчыкам працаваў бацька. У дзяцінстве Артур Арцюх увесь вольны час праводзіў у лесе, за рыбалкай, таму любоў да прыроды і ўсяго, што з ёй звязана, у яго з маленства. Прафесію выбіраў сабе па душы і з таго моманту, як у 2007 годзе пераступіў парог лясніцтва ў якасці працаўніка, ні разу не сумняваўся ў правільнасці яе выбару.

Гэты абаяльны, ветлівы хлопец з першых хвілін знаёмства выклікае прыхільнасць да сябе. Нягледзячы на малады ўзрост Артур Пятровіч ужо амаль тры з паловай гады, з красавіка 2012 года, працуе памочнікам ляснічага, хаця пачынаў як і бацька – вальшчыкам. Без адрыву ад вытворчасці завочна скончыў Полацкі лясны тэхнікум, атрымаўшы спецыяльнасць тэхніка лясной гаспадаркі, а з кубліцкімі пушчамі ды балотамі на пэўны тэрмін развітаўся толькі падчас армейскай службы. Неўзабаве пасля яе Артур Пятровіч заняў пасаду майстра, набіў руку і зараз без праблем можа падмяніць ляснічага, ды і даводзілася аднойчы фактычна паўгода кіраваць лясніцтвам.

Яго тэрыторыя, якая мяжуе з Празароцкім лясніцтвам Глыбоцкага лясгаса, пасвойму ўнікальная, але для працы складаная. Тут шмат забалочаных мясцін, у якія няпроста дабрацца.

– Балота пачынаецца за Кублічамі і цягнецца ў Глыбоцкі і Докшыцкі раёны, – характарызуе свае ўгоддзі А.Арцюх. – Цяжкадаступныя месцы таксама на мяжы з Касарскім лясніцтвам. Затое багата ягад і грыбоў, ды і дзікую жывёлу сустрэць магчыма ледзьве не кожны дзень.

Гісторый нечаканых спатканняў са зверам у памочніка ляснічага шмат. Канечне, такога, калі брыгада працуе на лесанарыхтоўцы, а ласі стаяць побач у чаканні свежай кары, не здараецца. Але прыпамінае Артур Пятровіч выпадак, як аднойчы ў пачатку зімы паехаў на адвод участкаў і нечакана перад ім зпад снегу выскачыла аж восем дзікоў, якіх ён прыняў за прыцярушаныя купіны!

Памочнік ляснічага выдатна ведае давераную тэрыторыю, а самымі прыгожымі мясцінамі лічыць кварталы лесу ля спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсак Асавіна і Тухоціна. Межы лясніцтва не супадаюць з межамі сельсавета, таму і не дзіўна, што кубліцкія лесаводы накіроўваюцца на працу ў лясныя масівы ля Бабовішча, Глінішча, Заляддзя, хаця гэтыя вёскі тэрытарыяльна і знаходзяцца ў Вялікадолецкім сельсавеце.

Хоць і з’яўляецца хлопец заўзятым паляўнічым і рыбаком, а пасядзець з вудай на беразе возера ўдаецца вельмі рэдка – асноўную пагрозу прадстаўнікам іхтыяфаўны азёр Белае, Супонец і не вельмі блізкага Замошша ён уяўляе зімой, калі з’яўляецца свабодны час. У цёплую пару года яго ў вясковага жыхара практычна няма. З вясны да позняй восені даводзіцца дапамагаць маці ў Кляпцах трымаць вялікую гаспадарку, у якой конь, дзве каровы, авечкі, свінні, птушка. Таму ад моманту пасадкі бульбы і да таго, як скончыцца ўзворванне агародаў да зімы, на берагах вадаёмаў і ў лесе ён бывае выключна па доўгу службы.

Адзначае Артур Пятровіч, што за апошнія некалькі год палепшыліся ўмовы працы, утульней стала ў адрамантаваным памяшканні лясніцтва. Пасля таго як заступіў на пасаду памочніка, у лесе стаў бываць менш – дабавілася работы з паперамі. А вось задачы і функцыі леснікоў і лесарубаў, “радавых” лясной гаспадаркі, з цягам часу не мяняюцца. Акрамя нарыхтоўкі драўніны, догляду за культурамі, аховы лесу прыходзіцца ім займацца і “пабочнай” працай – зборам шышак, нарыхтоўкай і продажам навагодніх дрэў. Артур Пятровіч сцвярджае, што за гады працы ў лясным фондзе, догляд за якім ажыццяўляе калектыў лясніцтва, не адбылося ніводнага пажару, а значыць прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца на высокім узроўні. Высока ўзняў планку ў рабоце і сам памочнік ляснічага – з 2011 па 2014 гады ён нязменна ўваходзіў у лік лепшых працаўнікоў ДЛГУ “Ушацкі лясгас”, а сёлета плённая дзейнасць маладога лесавода адзначана і галаўным прадпрыемствам – да прафесійнага свята А.П.Арцюх узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *