1 октября — День пожилых людей

Общество

Чырвона­зялёныя ліяны, крыху недаспелы вінаград на арцы, налітая каліна на ўскрайку вялікага ўчастка, выкладзеныя бетонам і высланыя штучнай травой дарожкі, квецень яркіх восеньскіх красак, лавачкі і нават парасон ад сонца ці дажджу. І, канечне, выдатны настрой: ад цудоўнай пары – бабінага лета, а яшчэ больш ад таго, што побач родныя людзі. Такая яна, спакойная, лагодная восень жыцця Ніны Адамаўны Шайтар і Любові Паўлаўны Ярмош – аднагодак, суседак і адзіных жыхароў вёскі з прыгожай назвай Бярозкі.

І хацеў бы прыдумаць больш ідылічны малюнак вясковага жыцця – не атрымалася б. Усяго два дамы, не лічачы дачнікаў, і на кожным можна вешаць шыльду “Дом узорнага парадку”. Парадак сапраўды бездакорны ў абедзвюх суседак, нягледзячы на тое, што плошчы ім у спадчыну засталіся вялізныя – і ўласныя, і былых суседзяў. На доме Ніны Адамаўны вісіць шыльда – “Лепшы ветэранскі падворак”, была яна ў папярэднія гады і на доме вядомага на ўсё наваколле валёншчыка Уладзіміра Рыгоравіча Ярмоша. Яго жоўты дом не мяняе колеру на працягу дзесяцігоддзяў, хоць рэгулярна абнаўляецца.

Цяпер, калі Любоў Паўлаўна пераадольвае зусім невялікія адлегласці ля дома, за ім больш глядзяць дачка і ўнук. Яны і ў гэты восеньскі дзень былі ў Бярозках – Галіна пастаянна жыве з маці і ва ўсім дапамагае, а ўнук спецыяльна прыехаў, каб павіншаваць бабулю з 78­й гадавінай. Вялікія жоўтыя хрызантэмы – ад яго. І сабраліся ўсе яны раніцай за адным сталом – родныя, суседзі, якія таксама сталі роднымі. Побач жа – з замужжа, а з тых часоў і быт, гаспадарка – на вачах, ды і работа. Абедзве працавалі ў саўгасе “Ушацкі”, таму і ўспаміны пра часы маладосці – таксама агульныя. Хоць Ніна Адамаўна – работнік бухгалтэрыі, а Любоў Паўлаўна – палявод, на суботніках па нарыхтоўцы сена былі ўсе разам. І працавалі побач з аднымі і тымі ж людзьмі. “Брыгадзірам у нас быў Папоў”, – прыгадвае імянінніца, а Ніна Адамаўна хуценька дабаўляе: “Мікалай Мікалаевіч”. Быццам і не было 25 гадоў пенсіі. Быццам такая маладая, як на газетнай выразцы “Патрыёта”, што захавала да гэтых часоў, а тады фатаграфавалася па загадзе дырэктара, вельмі не хацела.

“Ну пра цябе і мышы ў саломе гавораць”, – спакойна характарызуе суседку Паўлаўна, а мы ўсе, у зачараванні ад захаванасці самабытных народных выразаў, просім растлумачыць, што азначае фразеалагізм. “Добрая, значыць”, – усміхаецца Любоў Паўлаўна, вось і гавораць.

Якая яна – восень жыцця? У кожнага, канечне, свая, паколькі розныя характары і тэмпераменты ў жанчын. Але адзінае – аптымізм, жыццёвая мудрасць і ўменне радавацца кожнаму дзяньку. Любоў Паўлаўна хоць і з дапамогай кастылёў, але абавязкова праводзіць на вуліцы некалькі гадзін, ды і да суседкі ў госці можа дайсці. Ну а старэйшая на месяц Ніна Адамаўна проста вялікі жыццялюб: і ў сваё знаёмае з дзяцінства балота ў Пліна па журавіны збегала, і ў брусніцы ў Матырынскі бор – не адзін раз. Не хоча адставаць ад дачкі. Яшчэ і козачку з курамі даглядае.

Так што зусім не восень жыцця гэта ў нашых гераінь, а лагоднае бабіна лета. Цёплае і ўтульнае. Няхай жа ў кожнага з нас яна будзе не горшай.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *