Рентген с доставкой. Жители даже отдалённых населённых пунктов Ушаччины имеют возможность пройти флюорографию, не направляясь в районную больницу

Здравоохранение

Флюараграфія – ледзь не ключавое слова для работнікаў рэгістратур ва ўсіх паліклініках. Без адзнакі ў картцы аб праходжанні абследавання не трапіць на прыём да ўрачоў. Спачатку рэнтгенкабінет – потым усё астатняе. Мера даўняя і накіраваная на ранняе выяўленне захворванняў лёгкіх. Аднак жыхары сельскіх населеных пунктаў, якіх не трывожаць тыя ці іншыя балячкі, не прывыклі ездзіць ў паліклінікі на прафілактыныя абследаванні Таму акрамя праходжання флюараграфіі ў бальніцы, у апошнія гады ўжо добра адладжаны і яшчэ адзін механізм абследавання людзей – з дапамогай перасоўных комплексаў “Пульмаэкспрэс” з Віцебскага абласнога клінічнага супрацьтуберкулёзнага дыспансера, якія згодна графіка “калясяць” па ўсёй вобласці, у тым ліку перыядычна і на Ушаччыне.

Накіроўваючыся ў Матырына, дзе ў адзін з дзён на гэтым тыдні якраз і працаваў “Пульмаэкспрэс”, шчыра кажучы, нават і не думала ўбачыць такую актыўнасць мясцовага насельніцтва пры праходжанні флюараграфіі. Перасоўны комплекс на паўдня размясціўся каля мясцовага ФАПа і ўвесь час не пуставаў, да яго адзін за адным падыходзілі людзі. А для тых, каму цяжка дайсці па стане здароўя, работнікі фельчарска-акушэрскага пункта нават наладзілі падвоз.

– “Пульмаэкспрэс” у нашу вёску прыязджае не першы раз. Сёлета, даведаўшыся пра яго з’яўленне, склала спіс жыхароў абслугоўваемай зоны, хто за апошні год не праходзіў флюараграфію і ўсім паведаміла аб даце прыезду комплексу. Вельмі радуе, што ўсе аднесліся з адказнасцю і практычна ніхто не адмаўляўся прайсці працэдуру. Сёння з раніцы, як толькі машына прыехала і падключалася, нават чарга ўтварылася, – расказвае загадчык Матырынскага ФАПа Любоў Фёдараўна Аўдошка. – Праз пэўны час будуць вядомы вынікі абследавання, якія потым я перадам тым, хто прайшоў абследаванне.

– Трэба яшчэ да бабулі Каці схадзіць і суседзям пазваніць, ці не забыліся яны пра абследаванне. А яшчэ працаўнікі фермы павінны пад’ехаць, – хвалявалася за сваіх аднавяскоўцаў і другая работніца Матырынскай установы аховы здароўя Тамара Мікалаеўна Сісковіч.

Працэдура праходжання флюараграфіі ў такім пульмаскане займае ўсяго некалькі хвілін. Як хутка і адладжана робіць усе дзеянні спецыяліст Віцебскага тубдыспансэра Сяргей Казакоў, удалося паназіраць, завітаўшы непасрэдна “ў сэрца” “Пульмаэкспрэса”.

– У Віцебскім тубдыспансеры маецца тры такія перасоўныя комплексы, які ездзяць па ўсёй вобласці. Вось, напрыклад, мы прыехалі на два тыдні ў камандзіроўку ў ваш раён. Гэты комплекс працуе амаль 12-гадоў, спадзяюся, што хутка прыедзем на Ушаччыну ўжо з новым абсталяваннем. Справа гэтая, безумоўна, патрэбная. Туберкулёз – інфекцыйнае захворванне. Хоць за апошнія гады ў краіне знізіліся агульная колькасць хворых і смяротнасць, аднак праблема застаецца. Таму грамадзянам трэба ведаць, што флюараграфія органаў грудной клеткі застаецца адзінай методыкай, якая дазваляе эфектыўна абследаваць і выявіць на самых ранніх стадыях туберкулёз і іншыя захворванні лёгкіх, своечасова пачаць лячэнне і захаваць здароўе на доўгія гады.

Амаль 60 жыхароў Матырына і бліжэйшых вёсак у гэты дзень прайшлі флюараграфічнае абследаванне і засталіся задаволенымі:

– Вельмі зручна, не трэба ехаць у райцэнтр. За мноствам хатніх і рабочых спраў усё адкладваеш і адкладваеш гэту справу, а тут рэнтген з дастаўкай – два крокі і гатова, прычым усё бясплатна.

Магчымасць прайсці флюараграфічнае абследаванне, не накіроўваючыся ў раённую бальніцу, атрымалі таксама жыхары Дубраўкі, Глыбачкі, Слабады, Гарбаціцы, Вяркуд, Ляснеўшчыны, Сарочына, Пліна, Селішча і вёсак, якія ўваходзяць у зону абслугоўвання медыцынскіх устаноў гэтых населеных пунктаў. На наступным тыдні флюараграфію пройдуць жыхары Далецка-Кубліцкай зоны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *