Работники сельского хозяйства Ушаччины отметили свой профессиональный праздник

К профессиональному празднику Общество

Для нашай краіны сельская гаспадарка не толькі галіна эканомікі. Гэта спрадвечны жыццёвы ўклад беларусаў, на якім стаялі нашы дзяды і прадзеды. Працаўнікі вёскі заўсёды славіліся прыроднай мудрасцю, па-гаспадарску разважлівымі і беражлівымі адносінамі да маці-зямлі, цярплівасцю і павагай да сваіх калег па працы. Шчырасць, працавітасць і адданасць справе заўсёды былі і застаюцца агульнапрызнанымі прыярытэтамі аграрыяў, лепшых прадстаўнікоў з ліку якіх ушаноўвалі ў мінулую пятніцу на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды прафесійнага свята.

Героі жніва не так даўно ўжо атрымалі заслужаныя ўзнагароды на раённым свяце “Дажынак”, таму многія звыклыя перадавікі з ліку камбайнераў і вадзіцеляў, бадай што самай шматлікай катэгорыі механізатараў, адсутнічалі сярод дэлегацый гаспадарак, якія пачалі прыбываць у раённы Дом культуры яшчэ за гадзіну да пачатку мерапрыемства. Знаёміліся з выставамі, частаваліся ля падворкаў сельвыканкамаў, але больш гутарылі са сваімі калегамі з іншых сельгаспрадпрыемстваў.

Большую частку запрошаных гасцей складалі механізатары, агульнай рысай для якіх з’яўляецца прафесіяналізм і ўніверсальнасць – хлопцы могуць выканаць практычна любы від палявых работ. Як маладыя ільюшынскія механізатары Аляксандр Селезень і Міхаіл Рэут, іх больш вопытныя калегі Пётр Качан і Аляксандр Майсеенка. Іх прозвішчы заўсёды на верхніх радках зводак. Нягледзячы на малады ўзрост за працоўную дзейнасць М.Рэут ужо мае шмат узнагарод і жартуе, што асобныя каштоўныя падарункі ўжо мог бы і радні дарыць, бо пяць прасаў, напрыклад, яму наўрад ці патрэбны.

– Але ж і радня падарункамі не абдзелена, – усміхаецца Міхаіл Станіслававіч. – Вунь дзядзьку майму сёлета сам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Падзяку аб’явіў!

Родным М.Рэута, адзначаным высокай узнагародай, аказаўся адзін з лепшых працаўнікоў КУСГП “Вялікадолецкае” Аляксандр Пятровіч Александроў. Падзяку ён прымаў з рук старшыні райвыканкама В.В.Родзіча. Пасля ўручэння кіраўніку раёна сімвалічнага караваю Віктар Віктаравіч шчырымі словамі ўдзячнасці вітаў аграрыяў раёна, нагадаў асноўныя дасягненні сёлетняга сельскагаспадарчага года і ўзнагародзіў яшчэ некаторых прадстаўнікоў аграрнага сектара. За час працы І.М.Пухальскага на пасадзе інспектара Дзяржтэхнагляду раённая інспекцыя заняла лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. За добрасумленную працу Іван Мікалаевіч атрымаў Ганаровую грамату камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Віцебскага аблвыканкама. Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта адзначаны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіл Аляксандравіч Шук і галоўны бухгалтар ААТ “Дземенец” Вольга Сяргееўна Яловік, Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена І.М.Пухальскаму і галоўнаму спецыялісту аддзела эканомікі райсельгасхарча Таццяне Яўгенаўне Іванюта.

Змяніўшы ў гэты дзень спецадзенне на святочныя касцюмы, на сцэну выходзілі пераможцы індывідуальных спаборніцтваў. Сярод лепшых жывёлаводаў усе прызавыя месцы занялі працаўнікі фермаў з ААТ “Ільюшынскі” і КУСГП “Вялікадолецкае”, прычым дасталіся яны выключна жанчынам. Хаця не так даўно былі часы, калі, напрыклад, на жывёлагадоўчым комплексе “Маяк” лепшых прываг буйной рагатай жывёлы дасягалі і даглядчыкі-мужчыны. Затое ў адрозненне ад мінулага года сярод трактарыстаў-машыністаў ААТ “Ільюшынскі”, КУСГП “Вялікадолецкае”, “Арэхаўна”, “Глыбачаны”, якія сталі пераможцамі і прызёрамі ў трох групах трактароў з рознай магутнасцю рухавікоў, зноў з’явіліся прозвішчы механізатараў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” – трэція месцы занялі Аляксандр Мікалаевіч Цецераў і Вадзім Фёдаравіч Первянёнак, які зусім не на многа адстаў па паказчыках ад ільюшынскіх перадавікоў. А Віктар Часлававіч Хадасевіч з ААТ “Агра-Селішча” звыкла апынуўся на лідзіруючых пазіцыях сярод механізатараў на трактарах магутнасцю да 80 конскіх сіл – за апошнія чатыры гады ніжэй другога месца ніколі не апускаўся!

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Леанід Аляксандравіч Лісоўскі таксама ўзнагародзіў Дыпломамі райвыканкама, райсельгасхарча, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і грашовымі прэміямі лепшых механізатараў і вадзіцеляў на нарыхтоўцы кармоў. А перад ушанаваннем у індывідуальных намінацыях заслужаныя ўзнагароды атрымалі кіраўнікі гаспадарак, якія ў бягучым годзе дабіліся найлепшых вынікаў. Двойчы за Ганаровымі граматамі на сцэну выходзіў дырэктар ААТ “Дземенец” Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка – за павялічэнне ўраджайнасці і вытворчасці як зерня, так і масланасення рапсу. Ганаровую грамату за самы высокі ўклад у агульнараённы каравай (7788 тон) сярод іншых узнагарод павёз у Ільюшына кіраўнік мясцовага сельгаспрадпрыемства Сяргей Анатольевіч Халімоненка, а за павелічэнне вытворчасці малака ўзнагароджаны Іван Піліпавіч Дарошчанка – дырэктар КУСГП “Вялікадолецкае” – флагман жывёлагадоўлі апошніх гадоў.

Гэтае трыа кіраўнікоў за значны ўклад у аказанне дапамогі па развіцці і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак насельніцтва раёна, аператыўнае вырашэнне пытанняў па абмалоце зерневых на прысядзібных участках грамадзян атрымала Падзякі раённага Савета дэпутатаў. Яго старшыня Вольга Мікалаеўна Захарэнка ў сваю чаргу павіншавала не толькі аграрыяў, але і ўсіх прысутных са святам, адзначыла важкасць справы забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Над вырашэннем гэтай задачы акрамя дзяржаўных структур і арганізацый працуюць і прыватнікі. Падзякі райсавета заслужылі таксама Сяргей Пятровіч Палякоў і Анатоль Сямёнавіч Казачонак, кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў, наладзіўшыя збор лішкаў малака з асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, а таксама галоўны спецыяліст райсельгасхарча Людміла Міхайлаўна Міхаль, якая каардынуе гэту адказную справу.

Цёплых слоў у адрас тых, хто цэлы год нястомна працаваў і аддаваў усе сілы на карысць сваіх арганізацый і раёна, гучала яшчэ шмат. Разам з заслужанымі ветэранамі галіны набываюць вопыт і маладыя кадры, якія нядаўна папоўнілі галіну АПК і працягваюць лепшыя традыцыі сельскіх працаўнікоў. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Марыя Аляксееўна Шаўчэнка пад дружныя апладысменты прысутных уручыла граматы і каштоўныя падарункі галоўнаму інжынеру “Ільюшынскага” Аляксею Клопаву, загадчыку мехмайстэрні “Арэхаўна” Уладзіміру Пугачу і механізатару “Вялікадолецкага” Віталію Буку.

Не засталіся ўбаку ад ушанавання перадавікоў і грамадскія аб’яднанні, якія традыцыйна ўзнагароджваюць аграрыяў не толькі за дасягненне вытворчых паказчыкаў, але і за актыўную жыццёвую пазіцыю, удзел у грамадскім жыцці сваіх калектываў. Віцебскім абкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ганаровымі граматамі адзначаны кіраўнік “Ільюшынскага” Сяргей Анатольевіч Халімоненка, галоўны эканаміст і старшыня прафкама “Вялікадолецкага” Людміла Іванаўна Гоман. Трактарыста-машыніста “Глыбачан” Андрэя Пятровіча Літвіна, аператара машыннага даення гаспадаркі Аксану Равільеўну Валашчук і ветурача райветстанцыі Кацярыну Станіславаўну Бялко Граматамі райкама прафсаюза аграрыяў узнагародзіў яго старшыня Уладзімір Мікалаевіч Круглік. Карысную справу працягнула грамадская арганізацыя “Белая Русь”. Стымулам далейшай плённай працы і грамадскай дзейнасці для актывістаў пярвічак райсельгасхарча і “Ільюшынскага” Т.Я.Іванюты і маладога вадзіцеля Аляксея Базылева стануць каштоўныя падарункі, якія яны атрымалі з рук кіраўніка раённай арганізацыі Іны Фёдараўны Сыроўчанкі.

Акрамя віншаванняў працаўнікам вёскі былі адрасаваны ў гэты вечар песні і танцы як у выкананні самадзейных ушацкіх артыстаў, так і прафесійных. Упрыгожаннем канцэртнай праграмы стала выступленне артыстаў Віцебскай абласной філармоніі – ансамбля “Талака” і саліста Аляксандра Шломана, які арыгінальнасцю выканання народных песень вельмі ўразіў гасцей мерапрыемства і перадавікоў-аграрыяў. Не ўсе з іх прывыклі да гучных дыфірамбаў у свой адрас, нячаста яны выходзяць на сцэну. Але да сваёй працы заўсёды ставяцца добрасумленна – не за падзякі і прэміі працуюць, а таму, што інакш не могуць, не прывучаны. Таму ў вышэйшай ступні справядліва, што хаця б раз у год, у Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі, яны становяцца героямі дня – у іх гонар гучаць песні і цёплыя пажаданні, яны прымаюць віншаванні, падарункі і прэміі. І гэта заслужана, бо людзі працы заўжды праслаўляліся і будуць праслаўляцца нашчадкамі да тых пор, пакуль хлеб будзе галавой усяму.

Дзмітрый Раманоўскі.

На здымках: дэлегацыя КУСГП «Вялікадолецкае», каравай кіраўніку раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *