Ветеран Великой Отечественной войны Михаил Иванов отметил 100-летний юбилей

Общество

Такога заказу работнікі ўшацкага цэху грамадскага харчавання не атрымлівалі век свой. Ды што там век – ніколі. Каржы ды крэм у торце звычайныя, а вось афармленне – унікальнае, дарагога каштуе: георгіеўская стужка, зорка, літары віншуюць з Днём нараджэння, а побач і дата – 100 год. Такі падарунак паднеслі 13 чэрвеня родныя ветэрану Вялікай Айчыннай, уладальніку ордэнаў “Баявога Чырвонага Сцяга” і “Вялікай Айчыннай вайны” ІІ ступені Міхаілу Сцяпанавічу Іванову. І няхай “прапіска” ў былога партызана мінская, віншавалі яго кіраўніцтва Ушацкага раёна і грамадскія арганізацыі як свайго. Бо ён і ёсць свой, з Рагуцкіх. І як толькі пайшоў на заслужаны адпачынак, пераехаў на малую радзіму і заўсёды падкрэсліваў, што і трымаецца дзякуючы ёй.

М.Іваноў з сынам, унучкай, нявесткай.

Век – салідная вяха нават для гісторыі, ну а для чалавека… хутчэй мара. Усім жадаюць сустрэць стогадовы юбілей, толькі атрымліваецца гэта ў адзінак. У таго – каго Бог любіць. А Міхаіла Сцяпанавіча Іванова дакладна любіць, бо ён не проста дажыў да гэтай сур’ёзнай даты. Ён прайшоў стагоддзе ў добрай памяці, на сваіх нагах, і захоплены любімай справай. Гісторык па адукацыі, ён паклаў на паперу старонкі свайго жыцця, роду, пакалення. За ўсіх, хто не дажыў. А менавіта яго равеснікі, юнакі 1921-1923 гадоў нараджэння, мелі на гэта менш за ўсё шанцаў. Неабстраляныя верабейкі, ім хапала гадоў, каб быць прызванымі на Вялікую Айчынную ў самым яе пачатку, і не ставала часу, каб навучыцца хавацца ад куль. Так што пашчасціла яму ўдвайне. Ці нават утрайне, бо нарадзіўся апошні з вась­мярых дзяцей далёка не з волатаўскім здароўем.

Вёскі Навалакі на карце Ушаччыны зараз не адшукаеш. Яе, як і многія іншыя, далучылі падчас узбуйнення населеных пунктаў яшчэ да вайны. Знаходзілася яна недалёка ад Рагуцкіх. Ды і не вёска нават, а хутар на зямлі, што набылі падчас Сталыпінскай рэформы бацьку Міхаіла Сцяпанавіча родныя. Гэты эпізод апісаны ў яго аповесці “З дзённіка студэнта”. Здавалася, асабістае занатоўваў, а атрымаўся зрэз эпохі, як і сялянскі вясковы быт, народныя гулянні даваеннага пакалення.

Лепельскае педагагічнае вучылішча ён скончыць летам 1941-га. А ў канцы наступнага, як толькі ўтворыцца першая партызанская брыгада Дубава, юнак трапляе ў разведку атрада Дзідзенкі, дзе пазней яго абяруць камсоргам і намеснікам камісара атрада. Перакладаючы на сённяшні лад, ён адказваў за ідэалогію. Праводзілі сходы і расказвалі, што робіцца на фронце, складалі тэксты лістовак, арганізоўвалі ўрачыстасці з нагоды савецкіх дат, а таксама свае, маладзёжныя святы, нават з музыкай і танцамі. Віншавалі з днямі нараджэння, для многіх апошнімі.

Прататып Надзеі Касцючэкі, што са звязкам гранат кінецца пад танк, таксама ёсць у яго аповесці. Пад Пышна, дзе загінула яго равесніца, трапіў у засаду і Міхаіл. Ён удалечыні дрэнна разлічаў колеры і аказаўся блізка ад фашыстаў. Па густым жыце ўдалося адарвацца, а тут узгорак. Пачалася перастрэлка. Зразумеў, што нічога не застаецца, як прыкінуцца забітым. Доўга ляжаў нерухома пад звінячымі чэргамі. А калі стрэлы сціхлі, а два немцы павольна падыходзілі, каб праверыць, ці жывы, пераадолеў узгорак і змог уцячы. Неаднойчы прыгадваў ён і аперацыю, у выніку якой яны на два з паловай дні вывелі са строю чыгунку.

М.Іваноў з Н.Васілеўскай, С.Міхейка і пляменніцай.

Вайсковую форму Міхаіл Сцяпанавіч здыме толькі ў 1955 годзе. Пасля прарыву блакады трапіць у дзеючую армію, а потым застанецца служыць на тэрыторыі Германіі. Маёр па званні, ён заўсёды з павагай ставіўся да вайскоўцаў, бо служылі ў яго вялікай сям’і многія. Па-першае, заснавальнік роду Іван, які быў героем вайны 1812 года, за што і атрымаў надзел зямлі ў вёсцы Старына, а сыны пасяліліся ў Ідуце і Бараўцах. Праз стагоддзе на вайну з белапалякамі пойдзе яго праўнук, старэйшы брат Міхаіла Сцяпанавіча Сяргей – памрэ ў палоне ад голаду і хвароб. Ужо падчас Вялікай Айчыннай тут, на Ушаччыне, заб’юць брата Уладзіміра і яго сына.

Камуніста з 1943 года, якога ў партыю прынялі ў атрадзе, Міхаіла Сцяпанавіча накіроўваюць на партыйную работу. Другі сакратар Дубровенскага райкама партыі, старшыня калгаса “Беларусь” гэтага раёна, дырэктар школы №2 горада Орша. Дарэчы, пасляваеннае станаўленне сельскай гаспадаркі ён апіша ў сваім рамане “Дубрава”. Таксама праз уласную прызму, і менавіта ў максімальнай набліжанасці да рэальнасці, нягледзячы на тое, што творы мастацкія, самая вялікая іх каштоўнасць.

На векавы юбілей ветэрана супрацоўнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці падрыхтавалі асобны сцэнарый свята, якое прайшло пад кронай яблынь у яго двары. Міхаіла Сцяпанавіча віталі намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч (на здымку) і старшыня Жарскага сельвыканкама Святлана Цімафееўна Міхейка, супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская, прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Белая Русь”. Ну а хор ветэранаў не толькі падрыхтаваў асаблівыя песні пра Радзіму, але і прачытаў верш, што спецыяльна для стогадовага юбілею напісала Тамара Дзмітрыеўна Барадзёнак.

“Сёння самы лепшы дзень у маім жыцці, – не адін раз скажа ветэран, гледзячы на вялікую колькасць гасцей, што прыехалі яго павіншаваць. І задасць хутчэй рытарычнае пытанне: “Напэўна, усё ж недарэмна я пражыў жыццё?” Канечне, не. Бо за два дзесяцігоддзі педагогікі выхававаў шмат вучняў, ёсць яго гістарычныя кнігі, і ёсць годны працяг. Высакакласным ваенным медыкам, оталарынголагам стаў яго сын Аляксандр. Наколькі, сведчыць такі факт. Аднойчы на гастролях у ГДР Філіп Кіркораў згубіў голас. Аляксандр Міхайлавіч, на той час загадчык аддзялення ваеннага шпіталя, аднавіў яго, і радасны спявак ехаў на канцэрт з жонкай і дачкой медыка. Галоўны эканаміст аднаго з банкаў унук Алег. Унучка Юля – інжынер-тэхнолаг, якая працуе менеджарам па тканінах, падрастаюць два праўнукі.

Узрост мясцовага старажыла, панскага ляснічага Андрэйкі, які пражыў 98, Міхаіл Сцяпанавіч ужо перасягнуў. Нават песня “Сто гадоў”, што звычайна гучыць як здраўніца, для яго не актуальная, хаця слухаў выступленне хору клуба “Ветэран” Міхаіл Сцяпанавіч вельмі засяроджана. “Малайцы, старычкі”, – з гумарам далучыў да сябе спевакоў, маладзейшых на чвэрць века. Бо яму самому ніколі не дасі яго гадоў. А сакрэт яго даўгалецця поўнасцю ў выразе, што здароўе чалавека на 80 працэнтаў залежыць ад ладу жыцця. А Міхаіл Сцяпанавіч вёў заўжды здаровы. Пачуўшы дзіцём, як медыкі казалі, што ў гэтага хлопчыка хворае сэрца, ён сур’ёзна заняўся загартоўкай і спортам. Зараз таксама робіць гімнастыку, хаця і не ў ранейшых аб’ёмах, толькі размінку рук і ног. П’е і варыць ежу выключна на крынічнай вадзе. А кожную раніцу здзяйсняе невялікі подзвіг – прымушае сябе падымацца з ложка. Няхай і цяжка гэта, ды толькі “не старэюць душой ветэраны” – гэта любімы выраз М.С.Іванова, якім ён падпісвае сябрам свае кнігі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Ветеран Великой Отечественной войны Михаил Иванов отметил 100-летний юбилей

  1. Добрый день, хорошо написано но небольшая неточность, во время войны в Наволоках погиб брат Василий и его сын Николай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *