Хроника происшествий в Ушачском районе

Закон - один для всех

“Дасведчаная” бабуля

Тое, што адбываецца ў роднай вёсцы, жыхарка Петухоў 1939 (!) года нараджэння заўсёды трымала на кантролі. А таму ведала, што дача па суседстве на некалькі дзён засталася без гаспадарскага нагляду. Вось і скарысталася гэтым, ажыццяўляючы свае чорныя задумы. Пашкодзіўшы навясны замок, бабуля пранікла ў чужы дом, адкуль вынесла каструлю, некалькі талерак і іншую маёмасць на суму 200 тысяч рублёў. Аднак парадавацца здабыткам не паспела – трапіла пад увагу праваахоўнікаў. У адносінах нячыстай на руку грамадзянкі ўзбуджана крымінальная справа.

Садкоўскі стралок

Амаль кіношныя падзеі з праследаваннем і стральбой разгарнуліся 16 лістапада ў вёсцы Садкі. Познім вечарам, знаходзячыся ў доме сваёй сужыцельніцы, мужчына 1960 года нараджэння пачаў з жанчынай сварку. Канфлікт хутка набіраў абароты – у ход пайшлі не толькі абразлівыя словы, праклёны, але і пагрозы забойствам. Прычым, на галаслоўнага мужчына яўна падобны не быў. Узяўшы ў рукі паляўнічую стрэльбу, ён некалькі разоў націскаў на курок. На шчасце, мішэнню ў абодвух выпадках стала сцяна. Ратуючыся ад патэнцыяльнага забойцы, грамадзянка выбегла на вуліцу. Аднак адступаць ад намечанага агрэсар не спяшаўся – узяўшы з кухні яшчэ і нож, накіраваўся ўслед. Праз некалькі хвілін панервавацца за сваё жыццё давялося суседу: менавіта ў яго доме каханая “стралка” напярэдадні распівала алкагольныя напоі.

У гэтай гісторыі, дзякуй Богу, абышлося без ахвяр. Тым не менш, за свае словы і ўчынкі мужчыну давядзецца адказаць – яму пагражае да 6 месяцаў арышту.

Зялёнаму тавару – “чырвоны” калідор

Грузавы аўтамабіль, які спынілі нядаўна на тэрыторыі Ушацкага раёна праваахоўнікі і работнікі Віцебскай дзяржаўнай мытні, накіроўваўся ў Расійскую Федэрацыю і перавозіў 14,5 тоны кропу, пятрушкі, сельдэрэю і іншай зеляніны. Спецыяльных фітасанітарных даведак на гэтую прадукцыю вадзіцель 1974 года нараджэння не прадставіў: іх проста не было. Па названым факце складзены адміністрацыйны пратакол, транспартны сродак арыштаваны, а груз коштам 215 мільёнаў рублёў канфіскаваны і накіраваны ў даход дзяржавы.

Дарагое свята

40 бутэлек сланечнікавага алею і 12 камплектаў пасцельнай бялізны пазбавілася нядаўна ПУП “Сарочына”. Урон, які панесла гаспадарка ў выніку крадзяжу, склаў больш за 5 мільёнаў рублёў. Зламыснікам аказаўся беспрацоўны, раней судзімы жыхар вёскі Гвазды 1979 года нараджэння. Частку незаконнай здабычы мужчына прадаў, а на выручаныя грошы ўстроіў сабе “свята жыцця”. Вось толькі каштаваць яму гэта будзе дорага: у адносінах выкрадальніка ўзбуджана крымінальная справа, яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

За аленя – у турму

Пакаранне ў выглядзе сур’ёзнага штрафу і аж да 3 гадоў пазбаўлення волі пагражае двум жыхарам Ушач 1977 і 1963 гадоў нараджэння, якія ў мінулыя выхадныя каля вёскі Мазуліна незаконна падстрэлілі самку высакароднага аленя. Фартуна адвярнулася ад гора­паляўнічых – іх “промысел” выявілі, а па факце браканьерства ўзбудзілі крымінальную справу. Урон, нанесены навакольнаму асяроддзю, склаў 54 мільёны рублёў.

Працаваць не жадала

Напачатку восені за крадзеж мабільнага тэлефона жыхарка вёскі Старына 1991 года нараджэння трапіла на лаву падсудных і па прыгаворы атрымала пакаранне ў выглядзе 240 гадзін грамадскіх работ. Пастаноўка на ўлік у крымінальна­выканаўчую інспекцыю райаддзела міліцыі не прымусіла грамадзянку ўзяцца за розум – патрабаванні выйсці на выкананне работ яна з зайздросным пастаянствам ігнаравала. Што, дарэчы, і стала падставай для ўзбуджэння ў адносінах яе крымінальнай справы. Жанчыне пагражае да 3 месяцаў арышту.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *