В соответствии с законодательством при эксплуатации легковых автомобилей в период с 1 декабря по 1 марта предусмотрено обязательное использование зимних шин

Выясняем ситуацию Закон - один для всех Калейдоскоп Официально

Кожны зімні сезон у Дзяржаўтаінспекцыі пачынаецца з дзясяткаў «слізкіх» аварый. На працягу многіх гадоў, задоўга да наступлення халадоў, праваахоўнікі літаральна ўпрошвалі вадзіцеляў паклапаціцца пра сваю бяспеку і «пераабуць» аўтамабіль у зімнія шыны. Больш прасіць не будуць — будуць патрабаваць. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №483 ад 13 кастрычніка 2014 года прадугледжана абавязковае выкарыстанне на легкавых машынах у перыяд з 1 снежня па 1 сакавіка зімніх шын. Падрабязней пра гэта і некаторыя іншыя тэмы, якія хвалююць аўтамабілістаў, наша гутарка з начальнікам аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі Яўгенам Фёдаравічам КАЎНУРКАМ.

— Штрафаваць за невыкарыстанне зімняй гумы пачнуць ужо з 1 снежня?

— Крыху пазней. Указ №483 па змяненні Правілаў дарожнага руху ўступае ў сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання, гэта значыць з 16 студзеня 2015 года. З гэтага часу зімнія шыны абавязкова павінны быць устаноўлены на аўтамабілях з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тоны, легкавых і грузапасажырскіх аўтамабілях масай звыш 3,5 тоны, а таксама аўтобусах масай да 5 тон. Штраф за невыкарыстанне зімняй гумы пры ўмове, што вадзіцель згодны з дапушчаным парушэннем, дастаткова невялікі: 0,5 базавай велічыні (адна базавая зараз складае 150 тысяч рублёў).

— Шыны з якой маркіроўкай адносяцца да зімніх?

— З маркіроўкай у выглядзе чорнай вяршыні з трыма пікамі і сняжынкай унутры або знакамі «M+S», «M&S», «M.S», «MS». Гэты ж індэкс прысутнічае на так званых усесезонных шынах, таму фармальна новае правіла пры выкарыстанні гумы «All seasons» парушана не будзе. Заўважу, што бяспечней усё ж зімнія шыны.

— У чым прынцыповае адрозненне зімніх шын ад летніх?

— Летняя шына цвярдзейшая, а на марозе яна яшчэ больш калее — змяняюцца яе фізічныя ўласцівасці, у выніку чаго аўтамабіль пачынае паводзіць сябе няўпэўнена на слізкай дарозе. Таму для захавання эластычнасці пры нізкіх тэмпературах зімняя шына робіцца з мякчэйшай гумы. Другое прынцыповае адрозненне зімніх шын заключаецца ў малюнку пратэктара, які ўяўляе сабой рознанакіраваныя буйныя блокі, рассечаныя тонкімі прарэзамі. Блокі ўразаюцца гранямі ў снег і лёд, паляпшаючы счапленне з дарогай.

— Ці трэба «шыпаваць» зімнюю гуму?

— Калі вы плануеце ездзіць толькі ў горадзе, зімняй гумы будзе дастаткова. Але калі вам даводзіцца часта бываць на аўтамабілі за горадам, не абысціся без шыпаваных шын. Раю ўлічваць і стаж аўтамабіліста: навічку таксама лепш аддаць перавагу шыпаванай гуме, бо яна змяншае тармазны шлях.

— Яўген Фёдаравіч, уладальнік аўто памяняў гуму, а летнюю склаў адна на адну ў гаражы. У якім палажэнні і пры якой тэмпературы яе трымаць, каб да вясны яна не страціла сваіх якасцяў?

— Усё залежыць ад таго, у якім выглядзе яе збіраюцца захоўваць. Калі разам з дыскамі, то колы можна падвесіць да столі за цэнтральную адтуліну дыска, паставіць у рад, пакласці на стэлаж ці «студняй», але толькі ў напампаваным стане. Шыны без дыскаў «студняй» захоўваць нельга, паколькі пад цяжарам верхніх пакрышак дэфармуюцца каркас і пратэктарны пласт ніжніх. Такія шыны варта захоўваць у вертыкальным палажэнні і перыядычна паварочваць іх вакол восі, каб за сезон «адпачынку» яны зрабілі поўны круг. Памяшканне павінна праветрывацца і быць цёмным. Тэмпература ў 5-15 градусаў цяпла з’яўляецца аптымальнай. Перад «кансервацыяй» шыны трэба памыць, высушыць і не дапусціць іх кантакту з алеямі, фарбамі, палівам.

— Для многіх аўтамабілістаў замена летніх шын на зімнія і наадварот даволі адчувальна б’е па кішэні. Ці можна неяк зэканоміць?

— Для максімальнай эканоміі варта шукаць і купляць новыя шыны не ў сезон замены колаў. Напрыклад, цяпер можна паклапаціцца пра набыццё летніх шын. Павольнае і акуратнае кіраванне — яшчэ адзін спосаб эканоміі, бо чым меншая хуткасць руху і чым радзей здзяйсняюцца рэзкія манеўры, тым даўжэй гума захоўвае свае ўласцівасці.

Варта памятаць, што аўтамабільная шына з’яўляецца адзіным «сувязным» машыны і дарожнага пакрыцця, таму незалежна ад кошту аўтамабіля, выкарыстоўваючы менш надзейныя шыны, вы эканоміце ў першую чаргу на сваім здароўі і бяспецы.

— Дзякуй за тлумачэнні. Спадзяюся, атрыманая інфармацыя дазволіць нашым чытачам-аўтамабілістам радзей трапляць у поле зроку дзяржаўтаінспектараў, а на дарогах будзе больш спакойна.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *