Новинка от Белгосстраха — страхование велосипедов

Калейдоскоп

У Беларусі налічваецца больш за 1,5 мільёна ўладальнікаў веласіпедаў, з іх кожны шосты актыўна выкарыстоўвае гэты транспарт у паўсядзённым жыцці. У апошні час усё больш актуальным з’яўляецца і пытанне бяспекі веласіпедыстаў, а таксама захаванасці самога сродку руху. У рэспубліцы не адзінкавыя выпадкі дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам веласіпедыстаў, нярэдкія і крадзяжы веласіпедаў. У гэтай сувязі навінка Белдзяржстраха – добраахвотнае страхаванне – прапаноўвае дзейсны механізм абароны інтарэсаў уладальнікаў веласіпедаў. Страхавы прадукт уяўляе сабой комплекснае страхаванне, якое ўключае страхаванне веласіпедаў на выпадак іх страты ў выніку крадзяжу, страхаванне асоб, якія кіруюць веласіпедам, а таксама адказнасці веласіпедыстаў. На страхаванне прымаюцца веласіпеды (турыстычныя, горныя, падлеткавыя і інш.) за выключэннем дзіцячых. У страхавальніка павінны быць дакументы аб набыцці веласіпеда з указаннем звестак аб прадаўцы. Веласіпед лічыцца застрахаваным на ўсёй тэрыторыі краіны, аднак у месцах агульнага карыстання ён павінен быць зафіксаваны да стацыянарнага аб’екта спецыяльным замком. Не будзе прызнана страхавым выпадкам страта веласіпеда, калі ён знаходзіўся ў перыяд часу з 22 да 8 гадзін у месцах агульнага карыстання ці на адкрытых балконах.

Акрамя страхавання самога веласіпеда прадугледжана страхавая абарона веласіпедыста ў выніку няшчаснага выпадку, які выклікаў менш цяжкое і цяжкое цялеснае пашкоджанне, інваліднасць ці смерць. Страхавая паслуга ўключае і адказнасць веласіпедыстаў за ўрон, нанесены жыццю, здароўю, маёмасці пацярпелых пры кіраванні веласіпедам.

Кошт комплекснага страхавання залежыць ад кошту веласіпеда і складае 10 працэнтаў ад гэтай сумы. Страхаванне ад няшчасных выпадкаў на 20 мільёнаў рублёў і страхаванне адказнасці перад неабмежаванай колькасцю магчымых пацярпелых веласіпедыст атрымлівае ў якасці бонуса.

І.ХАМІЧОНАК, спецыяліст першай катэгорыі аддзела па аказанні страхавых паслуг па Ушацкім раёне.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *