За дачу ложных показаний ушачанин получил наказние в виде 40 базовых величин

Закон - один для всех

Народную мудрасць аб тым, што сябар пазнаецца ў бядзе, вырашыў пацвердзіць нядаўна на ўласным прыкладзе жыхар аграгарадка Кублічы 1968 года нараджэння. Вось толькі выбраў для гэтага мужчына не самы падыходзячы спосаб, за што трапіў на лаву падсудных.

Калі В.Тамеяна спынілі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі і папрасілі прад’явіць вадзіцельскае пасведчанне, зрабіць гэтага мужчына не змог, бо быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі. За гэтае і іншыя правапарушэнні ў адносінах грамадзяніна ўзбудзілі крымінальную справу.

Каб дапамагчы сябру, Раландас Кабечус, які таксама быў у машыне, таму праходзіў па справе як сведка, па ўласнай ініцыятыве на папярэднім следстве і на вочных стаўках заяўляў, маўляў, гэта ён кіраваў аўтамабілем (трэба сказаць, што мужчына быў папярэджаны пра крымінальную адказнасць за дачу заведама лжывых паказанняў). Прытрымліваўся такой выгаднай для сябе версіі і сам фігурант справы, які гэтак жа праўдападобна апісваў, як перад праверкай з боку праваахоўнікаў прама ў транспартным сродку мяняўся з Р.Кабечусам месцамі.

Працягвалася гэтая “казачная” эпапея нядоўга. Калі ў словах таварышаў выявіліся несупадзенні, Р.Кабечус прызнаўся ў падмане – на этапе следства, а затым на судовым пасяджэнні даў праўдзівыя паказанні. Тым не менш, гэта не выратавала лжэсведку ад крымінальнай адказнасці па ч.1 арт.401 КК Рэспублікі Беларусь. За спробу заблытаць следства судом Ушацкага раёна кублічаніну назначана пакаранне ў выглядзе 40 базавых велічынь штрафу. Прычым, гэта дастаткова мяккая мера. Калі б Р.Кабечус не прызнаўся ў здзейсненым, не раскаяўся, гаворка магла б ісці пра абмежаванне ці нават пазбаўленне волі.

Спадзяюся, прыклад героя гэтага аповеду прымусіць ушачан больш адказна ставіцца да сваіх паказанняў і прыслухоўвацца да яшчэ адной народнай мудрасці – наконт слова, якое, у адрозненне ад вераб’я, не зловіш.

А.НАПРЫЕНКА, следчы раённага аддзела Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *