Выступать в роли защитника страны и семьи — почётная обязанность мужчин

Общество

На тэрыторыі нашага раёна няма воінскіх часцей і гарнізонаў, але ўсё ж ёсць людзі, для якіх 23 лютага з’яўляецца не толькі дзяржаўным, усенародна любімым, але і прафесійным святам. Перад Днём абаронцаў Айчыны мы пагаварылі з выконваючым абавязкі начальніка адасобленай групы Ушацкага раёна ваеннага камісарыяту Лепельскага і Ушацкага раёнаў маёрам А.С.ЗАХАРАВЫМ.
Аляксандр Станіслававіч, не так даўно Прэзідэнт краіны і Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі А.Лукашэнка адобрыў новую Ваенную дактрыну Беларусі. Якія змяненні ў гэтым плане адбудуцца ў сістэме абароны?
– Кардынальных змен няма – дзяржава як і раней у сваёй палітыцы прытрымліваецца абарончай стратэгіі. Мы ў чарговы раз пацвердзілі сваю міралюбівую палітыку і адсутнасць варожасці да іншых дзяржаў, не збіраемся ні з кім ваяваць. Разам з тым краіна заяўляе аб рашучасці ў адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў. У тым ліку, калі спатрэбіцца, і з прымяненнем Узброеных Сіл.
Мы павінны быць гатовымі да сучасных выклікаў і пагроз. Падзеі апошніх гадоў паказалі змены сутнасці і зместу ўзброенай барацьбы. Сёння мы бачым прыклады так званай вайны “без правілаў”, калі ў першую чаргу паражаюцца нават не Узброеныя Сілы краіны, а інфраструктура, камунікацыі, людскія рэсурсы. Таму ў нашай краіне разам з мадэрнізацыяй і развіццём арміі вялікая ўвага на даецца і стварэнню эфектыўнай сістэмы тэрытарыяльнай абароны.
Што яна сабой уяўляе?
– Тэрытарыяльныя войскі прызначаны для вырашэння выключна абарончых задач на сваёй тэрыторыі, умоў для ўстойлівага функцыянавання дзяржаўных органаў, эканомікі, аб’ектаў інфраструктуры і жыццядзейнасці пры ўзнікненні ваеннай пагрозы і ў ваенны час. Для прыкладу – я хоць і з’яўляюся прафесійным ваенным, але ў сістэме тэрытарыяльнай абароны займаю пасаду начальніка штаба. Кіруе ж ёй непасрэдна чалавек, які ўзначальвае выканаўчую ўладу – старшыня райвыканкама. Пакрэслю, што вучэнні войскаў тэрытарыяльнай абароны праходзяць толькі на тэрыторыі свайго раёна.
– Але ж кожны год некаторыя ўшацкія мужчыны накіроўваюцца і за яго межы.
– Усе ваеннаабавязаныя, акрамя тых, хто прайшоў альтэрнатыўную службу, могуць быць прызваны на ваенныя зборы. Там яны маюць статус ваеннаслужачых, праходзячых службу па прызыве. Скажу таксама, што ваеннаабавязаныя могуць прызывацца і на спецыяльныя зборы тэрмінам да двух месяцаў для ліквідацыі наступстваў тэхнагенных аварый і прыродных катастроф, але, на шчасце, за гады маёй службы такіх выпадкаў не было і, спадзяюся, не будзе ў далейшым. Неабходна адзначыць, што агульны тэрмін ваенных або спецыяльных збораў за час знаходжання ваеннаабавязанага ў запасе не можа перавышаць 12 месяцаў. Тэрмін жа адных звычайна не вельмі працяглы – форму салдаты і афіцэры запасу апранаюць на 20- 25 сутак.
Для якой колькасці нашых землякоў на сённяшні момант яна з’яўляецца паўсядзённым адзеннем?
– 8 чалавек з прызываў 2014- 2015 гадоў праходзяць тэрміновую службу ў 103- яй мабільнай брыгадзе ў Віцебску, адной з элітных часцей Узброеных Сіл краіны, 14 хлопцаў выконваюць воінскі абавязак у асобнай механізаванай брыгадзе ў Заслонаве. Тут, але ў іншай часці, служыць яшчэ 9 нашых хлопцаў, 10 чалавек – ва ўнутраных войсках у абласным цэнтры, 5 артылерыстаў – у Бароўцы. Ёсць ушацкія хлопцы і сярод пагранічнікаў, у складзе інжынерных і войскаў спецыяльнага прызначэння. Як бачна, большасць служыць на Віцебшчыне, але 14 юнакоў, якія прызываліся ў нас, праходзяць службу за яе межамі – у Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцях.
– Як казаў герой аднаго вядомага кінафільма “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”…
– Гэта вы пра тых, хто хоча стаць кадравым ваенным? Канечне, ёсць такія хлопцы. Ушаччына яшчэ ў савецкія часы дала Узброеным Сілам шмат выдатных вайскоўцаў і прыемна, што традыцыі гэтыя працягваюцца. На ваенным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта вучыцца Дзмітрый Пратасевіч, курсантамі агульнавайсковага і факультэта сувязі і аўтаматычных сістэм кіравання Ваеннай акадэміі з’яўляюцца Уладзіслаў Пузатка і Ілья Аніскевіч.
А з вашай папярэдняй практыкі, ці шмат ушацкіх юнакоў выбіраюць навучанне ў ваенна- вучэбных установах?
– На жаль, не. Большасць юнакоў ідуць вучыцца ва ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Магчыма, гэта з за таго, што на тэрыторыі Ушацкага раёна няма воінскіх часцей і хлопцы проста не маюць перад сабой нагляднага прыкладу, які мог бы выклікаць жаданне стаць ваенным. Зараз падалі заявы ў Ваенную акадэмію тры чалавекі, з іх адна дзяўчына. Калі нехта праявіць цікавасць, па больш падрабязную інфармацыю можна звяртацца ў ваенкамат.
Аляксандр Станіслававіч, наша гутарка праходзіць напярэдадні 23 лютага, вашы пажаданні з нагоды свята?
У Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь віншую ўсіх, хто выбраў службу ва Узброеных Сілах нашай краіны сваёй прафесіяй, таксама ўсіх, хто выконваў і выконвае цяпер свой воінскі абавязак у арміі. Жадаю ім здароўя, дабрабыту, поспехаў, а таксама не забываць, што выступаць у ролі абаронцы сваёй краіны, сям’і — гэта ганаровы абавязак кожнага мужчыны.
Гутарыў Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *