Ротавирусная кишечная инфекция: симптомы и профилактика

Общество

Ротавірусную інфекцыю, якая адносіцца да вострых кішачных, называюць хваробай брудных рук. Яе ўзбуджальнік распаўсюджаны ў знешнім асяроддзі і валодае высокай устойлівасцю: захоўваецца пры нулявой тэмпературы, можа доўга знаходзіцца ў вадзе. Аднак ён хутка гіне пры кіпячэнні.

Крыніцай заражэння можа стаць інфіцыраваны чалавек, прычым, як з праяўленай формай захворвання, так і з бессімптомным яго цячэннем. Адбываецца гэта кантактна-бытавым, харчовым ці водным шляхам – часцей праз прадметы ўжытку, цацкі, прадукты харчавання, ваду.

Захворванне развіваецца востра. Інкубацыйны перыяд можа доўжыцца да 7 дзён, але ў большасці выпадкаў сімптомы з’яўляюцца ў першыя суткі пасля заражэння. Пачынаецца ротавірус з ванітаў, пасля з’яўляецца дыярэя, могуць адзначацца павышаная тэмпература цела, галаўны боль і ў горле, насмарк. Асноўнай групай рызыкі захварэць з’яўляюцца дзеці.

Каб засцерагчы сябе і блізкіх ад непрыемнасцяў, захоўвайце правілы асабістай гігіены, старанна мыйце рукі з мылам пасля вяртання з вуліцы, наведвання туалета, перад прыгатаваннем і ўжываннем ежы. Калі такой магчымасці няма, скарыстайцеся вільготнай сурвэткай, антысептыкам. Абмяжуйце кантакты з людзьмі, якія маюць сімптомы вострай рэспіраторнай і кішачнай інфекцыі. Сачыце за тэрмінам і ўмовамі захоўвання харчовых прадуктаў, не набывайце іх у незнаёмцаў ці ў месцах несанкцыянаванага гандлю. Штодня праводзьце вільготную ўборку з выкарыстаннем мыйных сродкаў, забяспечце чысціню дзіцячых цацак і іншых прадметаў, якія малы можа паспрабаваць на смак. Для піцця выкарыстоўвайце кіпячоную ці пакаваную пітную ваду. Агародніну, садавіну мыйце пад праточнай, а для малых дадаткова абдавайце астуджанай кіпячонай. Малочныя сумесі трэба разводзіць астываючай кіпячонай вадой і гатаваць выключна на адно кармленне.

Пры ўзнікненні вострай кішачнай інфекцыі варта звярнуцца да спецыяліста. Падчас амбулаторнага лячэння аднаго з членаў сям’і яго па магчымасці лепш ізаляваць ад астатніх (найперш ад маленькіх дзяцей), выдзеліць асобны посуд, бялізну, ручнік і ўдвая ўзмацніць барацьбу за чысціню.

П.САЎЧАНКА, галоўны дзяржаўны
санітарны ўрач Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *