«Сладкая» болезнь — горькие последствия. Всемирный день здоровья в этом году посвящён профилактике сахарного диабета

Здравоохранение

Зараз у свеце налічваецца  больш за 240 мільёнаў хворых на цукровы дыябет. На Ушаччыне такі дыягназ пастаўлены 438 пацыентам (штогод колькасць пацыентаў з эндакрыналагічнай паталогіяй павялічваецца ў сярэднім на 35­40 чалавек), сярод якіх 6 дзяцей. У 2015 годзе двум ушачанам праведзена ампутацыя ног у сувязі з развіццём ускладненняў дыябету.

Пра некаторыя асаблівасці захворвання, метады яго прафілактыкі і лячэнне мы папрасілі расказаць урача­тэрапеўта Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Валянціну Мікалаеўну НАРЫВОНЧЫК.

Тыпы дыябету

Цукровы дыябет – эндакрыннае захворванне, выкліканае недастатковасцю інсуліну (гармону падстраўнікавай залозы). Пры ім парушаюцца ўсе віды абмену ў арганізме: вугляводны, бялковы, мінеральны, водны; могуць узнікаць такія небяспечныя ускладненні, як захворванні сардэчна­сасудзістай сістэмы, пагаршэнне зроку, функцый нырак, развіццё сіндрому дыябетычнай ступні і інш.

Вылучаюць два тыпы цукровага дыябету: 1 тып – інсуліназалежны – “дыябет маладых”, 2 тып – інсулінанезалежны – “дыябет сталых”. Развіццё захворвання першага тыпу звязана з тым, што клеткі падстраўнікавай залозы чалавека пачынаюць вырабляць мала інсуліну або перастаюць прадуцыраваць яго зусім. Прычыны гэтаму могуць быць розныя – спадчынная схільнасць, дрэннае харчаванне, вірусныя інфекцыі, уздзеянне фактараў навакольнага асяроддзя, пухліны падстраўнікавай залозы, панкрэатыт.

Пры другім тыпе дыябету інсулін выпрацоўваецца ў дастатковай колькасці, але тканіны і клеткі арганізма губляюць адчувальнасць да яго. Прычынамі развіцця захворвання могуць стаць спадчынная схільнасць, атлусценне, захворванні шчытападобнай залозы, наднырачнікаў. Цукровы дыябет другога тыпу часцей назіраецца сярод хворых, старэйшых за 40 гадоў.

Час біць трывогу

Часцей за ўсё цукровы дыябет развіваецца марудна, незаўважна для хворага. Да першых прыкмет захворвання адносяцца хуткая стамляльнасць, агульная слабасць, крывацечнасць дзёсен, расхістванне і выпадзенне зубоў, фурункулёз, доўгае незажыванне ран. Нярэдка ў хворых мужчын развіваецца палавая слабасць, а ў жанчын спыняюцца месячныя. Чалавека павінен занепакоіць сверб па ўсім целе, але часцей – у вобласці палавых органаў. У хворага з’яўляюцца сухасць у роце, смага. Пазней праяўленне гэтых прыкмет узмацняецца, адзначаюцца частае і багатае мочавыдзяленне, схудненне, нягледзячы на добры апетыт і ранейшы рацыён харчавання. Хворы адчувае рэзкую слабасць. Смага становіцца пакутлівай – за суткі чалавек можа выпіваць больш за 10 літраў вадкасці. Часам з’яўляецца з роту пах ацэтону.

Патрэбныя абследаванні

Далёка не кожны выпадак з’яўлення цукру ў мачы можа быць патлумачаны наяўнасцю цукровага дыябету. У невялікай колькасці ён можа ўтрымлівацца ў здаровых асоб, напрыклад, у цяжарных жанчын (глюказурыя), пры гэтым у крыві колькасць цукру не перавышае норму. Таму пры падазрэнні на дыябет неабходна абследаваць і мачу, і кроў. Апошнюю бяруць у лабараторыі раніцай з пальца хворага і абавязкова нашча.

Кантралюем не толькі кроў

Цукровы дыябет другога тыпу – захворванне абмену рэчываў. Пры гэтым пакутуе не толькі вугляводны абмен, але і парушаецца абмен ліпідаў, павышаецца артэрыяльны ціск. У хворых часта развіваюцца сардэчна­сасудзістыя захворванні і іншыя ўскладненні. Каб не дапусціць іх або максімальна зменшыць тэмпы развіцця, грамадзянам з цукровым дыябетам неабходна кантраляваць не толькі ўзровень глюкозы, але і артэрыяльны ціск, халестэрын. Калі паказчыкі перавышаюць норму, трэба адразу ж звярнуцца да ўрача і адкарэкціраваць лячэнне.

Правільнае харчаванне

Хворыя на цукровы дыябет павінны выключыць са свайго рацыёну ўсё, што ўтрымлівае цукар. Калі ёсць лішняя вага – зменшыць колькасць ежы, абмежаваць ужыванне тлушчу (масла, маргарыну, смятаны, тлустых сартоў мяса, сыру, рыбы, каўбас, чыпсаў і іншага). У той жа час у рацыёне павінны прысутнічаць ва ўмеранай колькасці нятлустае мяса, курыца, рыба, малако, тварог, хлеб, пераважна грубага памолу, макароны з цвёрдых сартоў пшаніцы, бабы, фасоля. Лепш карыстацца раслінным тлушчам, чым жывёльным, аддаваць перавагу стравам з агародніны, якія можна есці ў неабмежаванай колькасці. Ні ў якім разе нельга ўжываць алкаголь, бо ён прыводзіць да паніжэння глюкозы ў крыві, можа выклікаць страту свядомасці і нават смерць.

Часта хворыя на цукровы дыябет цалкам адмаўляюцца ад садавіны, бо лічаць яе ласункам. У той жа час у садавіне ўтрымліваецца вялікая колькасць вітамінаў і клятчаткі, важных для барацьбы з хваробай. Таму не варта адмаўляцца ад садавіны з нізкім ці сярэднім глікемічным індэксам: яблыкаў, груш, апельсінаў, грэйпфрутаў, ананасаў, манга, дынь, кавуноў. З ягад лепш выбраць вішні.

Кантралюем вагу

Маларухомы лад жыцця і лішняя вага – асноўныя ворагі нашага здароўя. 96 працэнтаў хворых у нашым раёне (дарэчы, як і ў свеце) – гэта дыябетчыкі другога тыпу (захворванне яшчэ называюць “дыябетам тоўстых”). Асноўная мера прафілактыкі – кантроль за ўласнай вагой.

У медыкаў існуе такая формула: вагу ў кілаграмах трэба падзяліць на рост у метрах у  квадраце. Калі атрыманая лічба больш за 25 – час пазбаўляцца ад лішніх кілаграмаў! Чым гэты паказчык вышэйшы, тым горш для здароўя чалавека. Лічба, меншая за 18,5, таксама сведчыць аб праблемах, але ўжо іншага плана.

Каб пазбавіцца лішняй вагі, толькі збалансаванага харчавання недастаткова. Добрае ўздзеянне на арганізм аказваюць працяглыя прагулкі на свежым паветры, умераная фізічная нагрузка, заняткі фізкультурай і спортам.

Ногі – мішэнь дыябету

Адным з самых цяжкіх ускладненняў цукровага дыябету з’яўляецца пашкоджанне ступняў. Праяўляецца гэта болем у нагах, асабліва ў стане спакою і ноччу, аняменнем, пачуццём поўзання мурашак, з’яўленнем арагавелай скуры. Усё гэта пагаршае адчувальнасць, спрыяе траўмам, язвам, гангрэне. Ад моманту “дэбюту” цукровага дыябету да з’яўлення гэтага ўскладнення звычайна праходзіць 7­15 гадоў.

Людзям, хворым на дыябет, неабходна штодзень агля­даць галёнкі і ступні на наяўнасць парэзаў, драпін, пачырванення і ацёчнасці ступні, прамежкі паміж пальцамі, вобласць шчыкалатак. Пры неабходнасці выкарыстоўваць люстэрка. Штодзень трэба мыць ногі цёплай вадой, але не парыць, паколькі гэта прыводзіць да змывання ахоўнага слою і высыхання. Неабходна выціраць (прамочваць, а не церці!) ногі насуха, асабліва паміж пальцамі, а таксама ўвільгатняць ногі для захавання мяккасці скуры. Для гэтага прымяняць спецыяльны крэм (вітамінізаваны, бактэрыцыдны).

Рэгулярна стрыжыце пазногці, прычым, абавязкова прама, не зразаючы вуглы. Гэта папярэджвае раздражненне скуры пальцаў.

Каб не траўміраваць ногі, варта насіць шкарпэткі і абутак нават у доме. Абутак не павінен сціскаць ступню. Той, што не па памеры, можа прывесці да з’яўлення язвачак. Лепш выбраць абутак з закругленым наском і нізкім абцасам. Хатнія тапачкі павінны быць мяккімі, глыбокімі, закрываць пятку (у шлёпанцах нагрузка размяркоўваецца нераўнамерна).

Размінайце пальцы і згінайце ступні па 5 хвілін 2­3 разы за дзень. Фізічныя практыкаванні паляпшаюць цыркуляцыю крыві. Займіцеся хадой, танцамі, плаваннем, яздой на веласіпедзе.

Не займайцеся самалячэннем. Калі ў вас з’явіліся скурачкі, мазалі або агрубелая скура на нагах, звярніцеся да доктара.Лячэнне цукровага дыябету праводзіцца пажыццёва. Самакантроль і дакладнае выкананне рэкамендацый урача дазваляе пазбегнуць ці значна запаволіць развіццё ўскладненняў захворвання. Галоўнае ў лячэнні дыябету – своечасовае і правільнае выкананне ўсіх парад.

Кожныя 10 секунд у свеце нехта памірае ад дыябету, кожныя 30 секунд праводзіцца ампутацыя ніжніх канечнасцяў з­за хваробы. Гэта адзінае неінфекцыйнае захворванне, якое ўзяла пад кантроль ААН.

Яшчэ паўтары тысячы гадоў да нашай эры старажытныя егіпцяне ў медыцынскім трактаце “Папірус Эберса” апісвалі цукровы дыябет як самастойнае захворванне. Знакамітыя ўрачы Старажытнай Грэцыі і Рыма даследавалі гэтую хваробу. А назву ёй прыдумаў лекар Арэтаіус. Старажытныя кітайцы ведалі, што пры наяўнасці цукровага дыябету мача робіцца салодкай. Яны вынайшлі арыгінальны метад дыягностыкі з дапамогай мух. Калі насякомыя садзіліся на сподачак з мачой — значыць яна салодкая, а пацыент адпаведна — хворы.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *