Как распознать развитие инсульта и оказать первую помощь больному

Здравоохранение

Інсульт уяўляе сабой парушанае кровазабеспячэнне галаўнога мозгу, прычынай якога можа стаць закупорка сасудаў тромбам (ішэмічны інсульт) ці разрыў сасуда (гемарагічны). Гэта прыводзіць да парушэнняў рухальнай функцыі чалавека, які губляе здольнасць выразна гаварыць, а яго цела становіцца паралізаваным.

Хто ў групе рызыкі

У найбольшай ступені схільны інсульту хворыя артэрыяльнай гіпертэнзіяй, цукровым дыябетам, пацыенты, у якіх была выяўлена сардэчная паталогія (асабліва арытмія), атэрасклероз (высокі ўзровень халестэрыну), а таксама высокая згусальнасць крыві, людзі, якія маюць схільнасць да атлусцення. У групе рызыкі і знешне здаровыя людзі стэрэй 55 гадоў, якія маюць спадчынную схільнасць – прыступы інсульту былі ў блізкіх родных. Да інсульту могуць прывесці і шкодныя звычкі – курэнне, алкаголь, наркотыкі.

Як распазнаць развіццё інсульту?

На хваробу ўказваюць такія сімптомы, як раптоўны, амаль нясцерпны галаўны боль, які з’явіўся без бачных прычын; слабасць, якая адчуваецца толькі ў адным – правым ці левым – баку цела; парушэнне каардынацыі, мутнасць свядомасці (з цяжкасцю можа зразумець месца свайго знаходжання), цяжкасці вымаўлення слоў, нават самых простых, ірвота. Гэтыя сімптомы нярэдка з’яўляюцца пасля непрацяглай страты прытомнасці.

Аказанне першай дапамогі

Пры падазрэнні на інсульт тэрмінова трэба выклікаць “хуткую дапамогу”. Пакладзіце хворага на спіну на цвёрдую роўную паверхню і падніміце галаву на 30 градусаў. Вызваліце шыю ад адзення і іншых прадметаў, якія могуць яе сціскаць. Ачысціце ротавую поласць ад ірвотных мас і выдаліце пры наяўнасці зубныя пратэзы. Калі чалавек знаходзіцца ў беспрытомным стане, неабходна павярнуць яго на бок і ўкрыць. Пры гэтым сачыце за дыханнем, сэрцабіеннем і артэрыяльным ціскам. Не давайце піць вадкасць і прымаць любыя лекавыя сродкі! Не спрабуйце самастойна прывесці чалавека ў прытомнасць, выкарыстоўваючыя нашатырны спірт, асабліва пры наяўнасці сутаргаў, бо можна пагоршыць стан. Калі ёсць прыкметы клінічнай смерці (прыпыненне дыхання, сэрца і пашырэнне зрэнак) да прыбыцця медыкаў рабіце рэанімацыйныя дзеянні – непрамы масаж сэрца, штучнае дыханне.

Пры з’яўленні трывожных сімптомаў – не марудзьце, звяртайцеся да ўрача, пры развіцці гэтай каварнай хваробы важна не згубіць час!

Т.ЖАРНАСЕК, урач агульнай практыкі Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *