Бежит огонь по сухой траве. Весенние палы приводят к пожарам!

Cлужба-101

Як толькі пацяплела, з усіх бакоў пачаў даносіцца пах дыму ад спальвання сухой травы і смецця. Штогод гэтая пара становіцца па­сапраўднаму гарачай для выратавальнікаў. І колькі аб гэтым не ідзе размоў у сродках масавай інфармацыі, колькі прафілактычнай работы не праводзяць работнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, усё роўна грамадзяне з наступленнем вясны пачынаюць паліць траву і смецце каля сваіх домаўладанняў, ігнаруючы пры гэтым правілы пажарнай бяспекі. А некаму проста перашкаджае сухая расліннасць на палях ці ўздоўж дарог.Урон сабе і прыродзе

“Палю траву старую, каб хутчэй расла новая”, – часта сцвярджаюць тыя, хто кідае запалкі, выпальваючы сухую расліннасць. Аднак гэта не прыносіць абсалютна ніякай карысці! Выпальванне толькі знішчае расліны і змяншае ўрадлівасць глебы. Практычна ўсе жывёлы і насякомыя, якія жывуць у траве ці на паверхні глебы, гінуць. Спальванне травы на ўчастках каля дома вельмі часта прыводзіць да пажараў, агонь знішчае дамы і надворныя пабудовы. Кінуты акурак ці запалка – і агонь ужо хутка бяжыць па траве і можа знішчыць і цэлы населены пункт.

Гарэлі дамы і хлявы

На мінулым тыдні ў Вілейскім раёне з­за выпальвання сухой расліннасці ледзь не згарэла ўся вёска. Агнём знішчаны адзін дом, дахі яшчэ двух, а таксама чатыры хлявы. У Брэсцкім раёне мужчына выпальваў сухую траву на сваім прысядзібным участку ў стане алкагольнага ап’янення і ў выніку трапіў у рэанімацыю, атрымаўшы моцныя апёкі. У Новалукомлі пенсіянерка хацела патушыць смецце і траву, якія загарэліся ў садовым таварыстве, і таксама атрымала апёкі рук.

Падобных прыкладаў можна прывесці яшчэ шмат. Летась у сакавіку­красавіку на тэрыторыі вобласці было зарэгістравана 539 узгаранняў сухой расліннасці, адбылося 20 пажараў з­за выпальвання травы, спальвання смецця, развядзення вогнішчаў. У выніку агнём знішчана 24 пабудовы і 26 пашкоджана. Не абышлося і без ахвяр – загінулі 2 чалавекі.

Падпаліў траву – атрымаў штраф

Згодна артыкула 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, за выпальванне сухой расліннасці, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях, непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь. А гэта на сённяшні дзень ад 2,1 да 8,4 мільёна беларускіх рублёў. За развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах можна атрымаць штраф у памеры да 12 базавых велічынь.

У мінулым годзе за выпальванне сухой расліннасці атрымалі штраф 10 жыхароў нашага раёна, яшчэ двое былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах. У цяперашні час супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пастаянна праводзяць рэйды па выяўленні парушальнікаў і з мэтай правядзення прафілактычнай работы па папярэджанні пажараў. На аднаго грамадзяніна ўжо складзены пратакол за выпальванне сухой травы.

Спальваць смецце на сваім участку можна, але пры гэтым трэба прытрымлівацца элементарных правіл бяспекі (пра іх узгадавалася ў мінулым нумары газеты). Аматарам жа прыгатаваць шашлыкі трэба ведаць, што мангал ці грыль неабходна ўстанаўліваць на адлегласці як мінімум 4 метры ад дома.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *