Высокое давление — повышенный риск. Ко дню профилактики болезней сердца

Здравоохранение

За першы квартал бягучага года ва Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы зарэгістравана тры выпадкі інфаркту міякарда і дзесяць – вострага парушэння мазгавога кровазвароту. Сем інсультаў аказаліся смяротнымі.

Існуе шэраг фактараў рызыкі, якія ўплываюць на смяротнасць ад хвароб кровазвароту. Па даных аналізу, праведзенага ў Беларусі ў 2013 годзе, другое месца сярод іх па сваёй распаўсюджанасці займае павышэнне артэрыяльнага ціску (сумнае лідарства належыць нездароваму харчаванню).

Артэрыяльны ціск – гэта лікавы паказчык работы сэрца. На яго велічыню ўплываюць сіла скарачэння сардэчнай мышцы і тонус крывяносных сасудаў. Вымяраецца ціск кругласутачна ў адпаведнасці з патрэбамі арганізма. Ноччу ён ніжэйшы, а падчас хвалявання, фізічнай нагрузкі і стрэсаў павышаецца.

Часта прычынамі развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі становяцца лішняя вага, разумовае перанапружанне, недастатковая фізічная нагрузка, злоўжыванне алкаголем, курэнне, няправільныя звычкі ў харчаванні. Бывае хвароба і спадчыннай – выяўляецца яна звычайна ў раннім узросце. Радзей прычынамі гіпертэнзіі могуць быць хваробы нырак, гарманальныя збоі, траўмы і пухліны галаўнога мозгу.

Высокі артэрыяльны ціск пашкоджвае крывяносныя сасуды, паскарае працэс іх звужэння. Парушэнні самаадчування і відавочныя прыкметы хваробы пры гэтым могуць з’яўляцца не адразу, таму важна пастаянна кантраляваць ціск. Калі яго павышэнне захоўваецца на працягу доўгага перыяду, змены ў сэрцы і сасудах становяцца незваротнымі.

Перад вымярэннем артэрыяльнага ціску трэба спакойна пасядзець у зручнай позе каля 5 хвілін. Не рэкамендуецца на працягу паўгадзіны піць каву, курыць. Непасрэдна пры вымярэнні нельга размаўляць.

Руку, на якой будуць вымяраць ціск, трэба пакласці на стол на ўзроўні сэрца, далонню ўверх. Калі ціск розны на абедзвюх руках, варта вымяраць яго на руцэ з больш высокімі лічбамі, калі ж аднолькавае – на нерабочай руцэ. Для большай дакладнасці рэкамендуецца ацэньваць сярэдняе значэнне двух вымярэнняў. Нармальным лічыцца ціск меншы за 140/90 мм рт.сл.

Каб абараніць сэрца ад высокага ціску, праходзьце за дзень не менш трох кіламетраў. 30-хвілінныя прагулкі, заняткі спакойнымі відамі спорту дапамагаюць падтрымліваць нармальную вагу, стымулююць абмен рэчываў, станоўча ўплываюць на артэрыяльны ціск, узровень халестэрыну і цукру ў крыві. У людзей з залішняй вагой пахудзенне на 10 кг можа панізіць ціск на 10 мм рт.сл.

Харчуйцеся збалансавана, ужывайце ў ежу не менш 400 грамаў агародніны і садавіны за суткі. Штодня ў рацыёне павінна быць штосьці са спісу: бабы, фасоля, арэхі без солі, хлеб з цэльнага збожжа, аўсяныя шматкі, рыба, нятлустае мяса, птушка, алей (ільняны, аліўкавы, сланечнікавы). Спажывайце менш солі – да 1,5 грама ў суткі (1 чайная лыжка ўтрымлівае 2 грамы натрыю), не дасольвайце ежу. Абмяжуйце ласункі і цукар – 5 і менш разоў у тыдзень. Не злоўжывайце алкаголем, кіньце курыць: гэтыя звычкі паскараюць звужэнне сасудаў, змяншаюць утрыманне кіслароду ў крыві, павялічваюць яе згусальнасць і рызыку ўтварэння тромбаў. Знаходзьце час для адпачынку і сну, вучыцеся размяркоўваць вольны час, старайцеся не хвалявацца.

Калі Вы маеце патрэбу ў медыкаментозным лячэнні павышанага артэрыяльнага ціску, не прызначайце сабе медыкаментаў самі – лепш звярніцеся да доктара, які параіць неабходныя лекі і дозы іх прымянення.

А.КРЫШТОПЕНКА, урач-кардыёлаг Ушацкай ЦРБ.

Павышаны ціск з’яў­ляецца адным з асноўных фактараў рызыкі развіцця сардэчных захворванняў, сярод іх – ішэмічная хвароба сэрца (стэнакардыя, інфаркт міякарда, што часта прыводзіць да раптоўнай смерці), сардэчная і нырачная недастатковасць, мазгавы ін­сульт.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *