Ушачане приняли участие в Международном фестивале песни и музыки “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”

Культура

Ідэя яднання славянскіх і іншых народаў праз культуру і мастацтва ляжыць у аснове многіх творчых праектаў. У іх ліку Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя Расіі, Беларусі і Украіны “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, які сёлетнім чэрвенем ужо ў 18-ты раз сабраў гасцей у гэтых прыгожых мясцінах Віцебшчыны. У трохдзённай фестывальнай праграме прымалі ўдзел калектывы мастацкай самадзейнасці не толькі трох суседніх славянскіх дзяржаў, але і выканаўцы з многіх іншых краін Еўропы. Прыемна, што не абышлося на свяце і без ушачан – у Дуброўна быў запрошаны народны клуб нацыянальнай кухні “Прысмакі” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Удзельніцы калектыву спявалі, танцавалі і, вядома ж, частавалі гасцей фестывалю стравамі нашага рэгіёна. Усе, хто паспытаў ушацкія прысмакі, засталіся ў захапленні: гасцям з Румыніі, напрыклад, вельмі спадабаліся “жарскія сырнікі”, латвійцам – хвораст, украінцы пагадзіліся, што беларускае сала таксама вельмі смачнае. Ну а з прадстаўнікамі Малдовы ўдзельніцы клуба развучылі старажытны побытавы танец “Зялёны гай”. А як узрадаваўся сустрэчы з “Прысмакамі” наш зямляк, ураджэнец Сарочына, а зараз – дырэктар Дубровенскай дзіцячай школы мастацтваў Генадзь Уладзіміравіч Пугачоў!

Падчас такіх мерапрыемстваў разумееш, што ніякія межы не здольныя перашкодзіць творчым людзям шчыра сябраваць і ўзаемна ўзбагачаць нашы нацыянальныя культуры.

М.САЗОНАВА, кіраўнік клуба “Прысмакі”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *