Более 30 лет в Ушачском райпо работает Галина Скороходова

Общество

Шашлыкі ўшацкай вытворчасці – замарожаныя, ці свежыя, пэўна, купляў кожны з нас і многія адзначаюць іх  смакавыя ўласцівасці. Робяць гэты прадукт у мясным цэху райспажыўтаварыства, непасрэднае дачыненне да іх мае старшы повар, вытворца паўфабрыкатаў Галіна Саідаўна Скараходава. Дарэчы, спектр задач мяснога цэха не абмяжоўваецца аднымі толькі шашлыкамі, шмат  рознай іншай прадукцыі адсюль паступае ў гандлёвыя кропкі раёна.

Застаць Галіну Саідаўну ў мясным цэху ўдалося за разробліваннем птушкі – ахалоджаны паўфабрыкат рыхтаваўся да продажу, акрамя гэтага тут робяць і іншыя паўфабрыкаты – фарш са свініны і ялавічыны, гуляшы, наборы.

– Сядзець без работы не прыходзіцца. Мяса, якое паступае трэба апрацаваць, падрыхтаваць. Адсюль паўфабрыкаты і  разробленае мяса паступае ў асноўны наш мясны магазін – “Мясную лаўку” і іншыя, рэстаран, сталовую, абслугоўваем таксама школы і дзіцячыя сады,  – расказвае не адрываючыся ад працэсу, Галіна Саідаўна. – Куры грыль у “Кулінарыі” і шашлыкі таксама вынік нашай працы.

Сакрэт смачных шашлыкоў, як высветлілася, у спецыяльнай прыправе, якую дабаўляюць у марынад. Дарэчы, адных толькі шашлыкоў са свініны і птушкі за змену гатуецца больш 60 кілаграмаў, у святочныя дні гэтая лічба ў шмат разоў большая.

Акрамя апрацоўкі мяса неабходна шмат увагі ўдзяляць і санітарнаму стану цэха, а таксама дакументацыі – з усім гэтым у повара ніколі не ўзнікала праблем. Яно і не дзіўна, бо вопыт работы Г.Скараходавай больш 30 гадоў.

– Пачынала я працаваць не ў мясным цэху, а ў сталовай. Можна нават сказаць, што прымала першых наведвальнікаў сталовай райспажыўтаварыства, якая была пабудавана ў канцы 80-х,  – дзеліцца ўспамінамі Галіна Саідаўна.

Жанчына вельмі любіць гатаваць розныя стравы, трэба адзначыць, што і яе дачка прадоўжыла сямейны падрад і атрымала спецыяльнасць повара.

Пакуль жанчына не збіраецца мяняць рабочую напружаную абстаноўку на спакойную размераную дамашнюю і ўжо 7 гадоў працуе на пенсіі, штодня сумленна выконваючы свае абавязкі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *