Мирное небо дороже богатств. Василина Денисовна Азевич — уроженка деревни Тухотино, которую немцы в годы войны сожгли вместе с жителями

Общество

Асавіна, Мурагі, Ралля, Тухаціна. Гэтыя чатыры вёскі Ушаччыны ў гады нямецкай акупацыі былі знішчаны разам з жыхарамі і не адноўлены пасля вайны. Ураджэнкай апошняй была і Васіліна Дзянісаўна Азевіч, у той страшны час ёй удалося выжыць…

Нарадзілася Васіліна Дзянісаўна ў 1926 годзе, хоць і запісана з 1928-га. Таму калі пачалася вайна, добра ўсведамляла, што адбываецца:

– У нас была вялікая сям’я: бацькі і васьмёра дзяцей, я скончыла тры класы, як размеранае жыццё перакрэсліла вайна. І зараз адчуваю той страх. Мы ведалі пра акупацыю, чулі гул самалётаў. Адзін з маіх братоў удзельнічаў у партызанскім руху на Расоншчыне, там ён пазней і загінуў. Бацька ж доўгі час дапамагаў нашым партызанам – хата знаходзілася на самым ускрайку лесу. Якраз у Тухаціна звозілі хворых на тыф партызан. У чарговы раз, даведаўшыся, што я перахварэла на тыф, папрасілі, каб я дапамагала за імі даглядаць, падносіла вады. Я вельмі баялася зноў захварэць, але даглядала.

Дзень 12 мая 1944 Васіліна Дзянісаўна памятае вельмі добра. У вёску прыйшлі немцы і пачалі зганяць усіх яе жыхароў менавіта ў бацькоўскую хату. Каб ніхто не змог выйсці, нацкоўвалі сабак. Васіліна ж разам з роднай і дзвюма стрыечнымі сёстрамі загадзя заўважылі карнікаў і схаваліся ў лесе. Каб застацца ў жывых, дзяўчаты ўсё больш аддаляліся ад роднай вёскі, ад якой праз гадзіну засталося папялішча. Нямецкія акупанты спалілі Тухаціна разам з усімі 70 жыхарамі, сярод якіх былі бацька, маці, чатыры родныя браты і сястра Васіліны Дзянісаўны. Доўга блукалі дзяўчаты па лясах, пакуль не далучыліся да партызанскага атрада. Там на працягу трох месяцаў яны дапамагалі чым маглі народным мсціўцам. А калі тэрыторыя краіны ўжо была поўнасцю вызвалена, сёстры накіраваліся ў родную вёску, не губляючы надзеі, што там хтосьці ўцалеў.

– Дайшлі да Глінішча, а людзі нам кажуць, куды ж вы пойдзеце, там ужо нічога і нікога… Мы з сястрой усё ж пайшлі і на месцы роднай вёсачкі ўбачылі толькі груды попелу. Варухнеш кучу, а там людскія косці – большыя і маленькія – немцы ж не шкадавалі ні старых, ні малых… Збіралі рэшткі і хавалі ў магілу. Вярнуліся ў Глінішча і прасіліся да людзей у хаты, так і жылі некаторы час. Ужо пазней, зарабіўшы з сястрой крыху грошай, купілі ў вёсцы старэнькую хатку. Настолькі было цяжка, што нават не перадаць словамі! Працавалі ў калгасе, па 29 сотак жыта сярпом жалі ў дзень, па чатыры соткі зямлі перакопвалі рыдлёўкай галодныя. Прыйдзеш без сіл дадому, возьмеш кошык, назбіраеш грыбоў у лесе, зварыш – і шчаслівы, што хоць нешта з’еў. А часам нават проста елі траву, пешшу хадзілі ў Лепель за прадуктамі, – успамінае Васіліна Дзянісаўна.

Крыху лягчэй стала Васіліне, калі побач з’явілася другая палавінка, разам з мужам Віктарам у Глінішчы пабудавалі новы дом, тут вырасцілі пецярых дзяцей, пражылі разам 49 гадоў. Канечне, проста не было, рупліва працавалі ў калгасе, вялікую гаспадарку трымалі дома.

Ужо чатыры гады Васіліна Дзянісаўна жыве не ў сваім Глінішчы, а ва Ушачах разам з сям’ёй сына Ігара. Дарэчы, ён у былой вёсцы Тухаціна на тым месцы, дзе знаходзілася хата Азевічаў, знайшоў заслонку і прывёз паказаць маці. Тая не змагла стрымаць слёз: “Гэта заслонка ад нашай печы!” Захоўваюць гэтую рэч цяпер як памяць.

Усе пяцёра дзяцей, восем унукаў і шасцёра праўнукаў любяць і шануюць Васіліну Дзянісаўну. У чэрвені, напрыклад, усе дружна віншавалі яе з 90-гадовым юбілеем – яго яна ўсё ж адзначае па гадах, а не па дакуменце. Хоць часам падводзіць здароўе, адчувае сябе жанчына бадзёра, можа зрабіць пасільную працу па гаспадарцы: пакарміць куранят, памыць посуд, перабраць ягады.

Васіліна Дзянісаўна часта ўспамінае вайну: “Хоць усё прайшло, але яно добра помніцца. І вельмі хачу, каб мае ўнукі і праўнукі ніколі не зведалі такога. Мірнае неба – даражэй за ўсе багацці…”

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *