7 июля — День профилактики алкоголизма

Здравоохранение

Сёлета ад атручвання алкаголем і яго сурагатамі ў раёне памерла 5 чалавек. Здзейснілі суіцыд яшчэ 6, прычым, таксама не абышлося без спіртнога: двое з самагубцаў знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

“Гаручая вадкасць”, якую многія з нас лічаць неад’емным атрыбутам свята, панацэяй ад стрэсаў, з’яўляецца сапраўдным забойцам. Падрабязней пра цяжкую хранічную хваробу пад назвай алкагалізм, яе небяспеку і сітуацыю з распаўсюджаннем мы папрасілі расказаць урача псіхіятра­нарколага Ушацкай ЦРБ Тамару Іванаўну ЖЫЛКО.

Любыя спіртныя напіткі згубна дзейнічаюць на  жыццёва важныя органы: печань, сардэчна­сасудзістую, нервовую сістэмы і асабліва галаўны мозг. Ужыванне алкаголю правакуе развіццё гастрыту, язвы, выклікае ўзмоцненую работу нырак і эндакрынныя парушэнні, павышае згусальнасць крыві і прыводзіць да ўтварэння тромбаў, павялічвае раздражняльнасць, агрэсіўнасць, зніжае памяць. Узрастае колькасць няшчасных выпадкаў, траўм, самазабойстваў. У 18 разоў павялічваецца рызыка з’яўлення рака гартані, у п’яніц­бацькоў часта нараджаюцца непаўнацэнныя дзеці. Аматары зялёнага змія жывуць на 15­20 гадоў менш, чым прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Алкаголь  “праглынае” чалавека, губіць асобу. З п’янствам і алкагалізмам звязана да 50 працэнтаў выпадкаў злачынстваў, а злоўжыванне спіртным адным з членаў сям’і забірае ад 40 да 70 працэнтаў бюджэту. З гэтай з’явай звязана таксама палова разводаў і абсалютная большасць выпадкаў сацыяльнага сіроцтва.

На жаль, ужыванне спіртных напояў у апошні час ператварылася ў адзін з самых распаўсюджаных відаў “адпачынку”, калектыўнага і індывідуальнага баўлення часу, спосаб здымання нагрузкі, стрэсу. Па даных праведзенага нядаўна апытання, толькі 15 працэнтаў беларусаў цалкам устрымліваюцца ад ужывання алкаголю, 43 працэнты ўжываюць яго рэдка і ў невялікіх дозах, 31 працэнт эпізадычна “балуецца” спіртным, а 11 робіць гэта сістэматычна.

За апошнія 10 гадоў колькасць тых, хто пакутуе алкагольнай залежнасцю і знаходзіцца на ўліку ва ўрачоў­нарколагаў у арганізацыях аховы здароўя краіны зменшылася са 175 тысяч 898 чалавек у 2006 годзе да 169 тысяч 364 у 2015­м. Аднак аптымізму пакуль усё роўна мала. Зараз на прафілактычным назіранні з прычыны ўжывання алкаголю са шкоднымі наступствамі знаходзіцца 86 тысяч 603 беларусы.

Ва Ушацкім раёне на ўліку ўрача­нарколага ў сувязі з алкагалізмам знаходзіцца 453 чалавекі, з іх 34 трапілі ў такі “чорны спіс” сёлета. Ёсць, на вялікі жаль, сярод іх і 9 падлеткаў.

Хачу нагадаць, што на базе наркалагічнага кабінета Ушацкай ЦРБ праводзіцца ананімная кансультацыя дарослых і непаўналетніх. Мы рады дапамагчы тым, хто выявіў у сябе трывожныя сімптомы страшнага захворвання.

* * *

У людзей, якія працуюць 50 і больш гадзін за тыдзень, у 3,3 разы павялічваецца верагоднасць стаць алкаголікамі – да такога вываду прыйшлі навукоўцы з новазеландскага ўніверсітэта Атага. Вынікі іх даследавання паказалі, што працаголікі знаходзяць у выпіўцы спосаб расслабіцца, абстрагавацца ад напружанага графіка. Аднак гэта якраз той тупіковы варыянт, які прыводзіць да залежнасці. Спецыялісты раяць займацца спортам, вандраваць, наведваць лазню – шукаць сапраўды карысныя спосабы зняць напружанне.

* * *

“Зарабіць” першую стадыю алкагалізму вельмі проста: дастаткова ўжываць спіртныя напоі тады, калі гэтага не плануеш. Напрыклад, калі чалавек ідзе на вяселле, ён разумее, што будзе ўжываць спіртное два дні. Але калі пасля такой праграмы ён пачынае піць і трэці дзень, то гэта ўжо сігнал.

Пры першай стадыі  алкагалізму чалавек не адчувае прынятай дозы алкаголю. У яго могуць быць запоі, але раніцай ён не пахмяляецца. Калі ж у чалавека з’яўляецца пахмелле, пасля якога на наступны дзень зноў дрэнна, то гэта можна лічыць ужо другой стадыяй алкагалізму. Найчасцей такіх медыкі і ставяць на ўлік.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Сёлета ў адносінах 37 хворых на алкагалізм ушачан прынята рашэнне аб неабходнасці іх накіравання ў лячэбна­працоўны прафілакторый.

У Лепельскай абласной псіхіятрычнай бальніцы за 6 месяцаў бягучага года пралечана 7 ушачан, якія злоўжывалі алкаголем.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *