Празднование Дня Независимости в Ушачах

Общество

Святкаванне мерапрыемстваў, прысвечаных 72­-й гадавіне вызвалення краіны ад нямецка­фашысцкіх  захопнікаў і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачаліся ў раёне з самай раніцы. У Вялікіх Дольцах адбыўся мітынг, падчас якога ля помніка воінам і партызанам запалілі Вечны агонь. У гарпасёлку на працягу дня можна было выбраць сабе мерапрыемства і занятак на любы густ. З раніцы было людна на спартыўных аб’ектах Ушацкай школы, свой “Востраў спорту” з’явіўся і ля раённага Дома культуры. Традыцыйна шмат людзей сабралі тэматычныя пляцоўкі – любімыя наведвальнікамі ўсіх узростаў падворкі сельсаветаў, “Горад майстроў”. Дзеці цягнулі бацькоў у сквер, дзе акрамя атракцыёнаў і ласункаў, для іх была арганізавана гульнявая праграма. Усё гэта, як і работа гандлю, прапаноўвалася ўшачанам і гасцям раёна да і пасля ўскладання вянкоў да помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку. Большасць святочных мерапрыемстваў праходзіла на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Тут упершыню была арганізавана работа пляцовак працоўных калектываў “Незалежная Беларусь”, святочны канцэрт. Шырокая культурная праграма з выступленнямі, дэманстрацыямі мастацкіх фільмаў, выставамі, экскурсіямі яскрава адпавядалі агульнай назве мерапрыемстваў “Ад Перамогі да Незалежнасці”. Святкаванне не змог сапсаваць нават моцны лівень.

Запалілі Вечны агонь

У Вялікіх Дольцах з раніцы было людна. Мітынг “Памяць сэрца”, прысвечаны галоўнаму святу краіны, сабраў ля брацкай магілы воінаў і партызан людзей не менш, чым падчас адкрыцця помніка пасля рэканструкцыі. Воінскае пахаванне, якое велічна ўзвышаецца ў цэнтры аграгарадка, набыло яшчэ адну адметнасць – менавіта 3 ліпеня тут упершыню загарэўся Вечны агонь. Выкананы ён у выглядзе кастра ў лагеры партызанскага атрада і прадстаўнікі працоўных калектываў дзівіліся яго падабенству з натуральным. А таксама таму, наколькі гэты элемент упісаўся ў агульны выгляд воінскага пахавання. Такіх вогнішчаў народных мсціўцаў на гэтай зямлі ў гады барацьбы за яе вызваленне ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў было шмат. Вялікадолецкія падпольшчыкі яшчэ ў 1942 годзе прынялі ўдзел у арганізацыі першай партызанскай брыгады “Смерць фашызму”. Менавіта ў мясцовых лясах потым дыслацыраваліся атрады “аляксееўцаў”, а ў самой вёсцы размяшчаўся штаб брыгады Аляксея Фёдаравіча Данукалава, якая пасля смерці легендарнага камбрыга ў пачатку блакады 1944 года атрымала яго імя. Аб размаху руху супраціўлення сведчыць і той факт, што сярод усіх населеных пунктаў раёна толькі ў Вялікіх Дольцах маецца адразу два брацкія воінскія пахаванні – акрамя партызан у баях за вызваленне навакольных мясцін загінула 58 байцоў Чырвонай Арміі. Захопнікі лютавалі, спалілі на тэрыторыі сельсавета 23 вёскі, якіх пасля вайны аднавілася толькі 14.

Гэтыя гістарычныя факты былі нагаданы падчас мітынгу. На жаль, па стане здароўя прысутнічаць на ім не змог ніводны з сямі пражываючых на тэрыторыі сельсавета ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Апаленае вайной пакаленне прадстаўляў былы вязень Кузьма Маркавіч Кірпіч. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка ў сваім выступленні адзначыла ўклад вялікадальчан у справу вызвалення роднай зямлі, трапна параўнала адкрыты па ініцыятыве раённых улад Вечны агонь са свечкай памяці. Рашэнне раённых улад аб яго ўстаноўцы менавіта ў Вялікіх Дольцах  глыбока сімвалічна, бо скульптурная кампазіцыя воіна і партызана перавезена сюды з мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. І сёлета, пасля маштабнай рэканструкцыі і адкрыцця абноўленага комплексу, абнавіўся і яго папярэднік у Вялікіх Дольцах.

Вырашэннем паўсядзённых праблем вяскоўцаў заняты сельвыканкам, старшыня якога Алег Леанідавіч Сыс шчырымі словамі віншаваў вяскоўцаў. У Вялікіх Дольцах адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна, павагі за плённую дзейнасць заслугоўваюць лесаводы і выратавальнікі, медыкі і работнікі ўстаноў культуры, настаўнікі. Вялікадальчане кожны год на раённай Дошцы гонару, сёлета туды занесены прозвішчы ўрача мясцовай бальніцы сястрынскага догляду Алы Мікалаеўны Крыштопенкі і дырэктара дзіцячага сада­сярэдняй школы Рымы Леанідаўны Аніскевіч, якая ў ліку дэлегатаў ад Ушацкага раёна прымала ўдзел у рабоце V Усебеларускага народнага сходу. Разам са старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі Фёдарам Раманавічам Пацэйкам яна таксама віншавала землякоў са святам, напрыканцы якога, вянкі і кветкі былі ўскладзены да пліт з імёнамі вызваліцеляў.

На мемарыяле мітынг

“Няхай кожны світанак будзе мірным, а подзвіг – працоўным”. Гэтымі пранікнёнымі словамі завяршыў сваё выступленне падчас мітынгу на мемарыяльным комплексе “Прарыў” старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Віктаравіч Родзіч. І ў іх – лаканічная сутнасць святкавання Дня Незалежнасці. Мы ўдзячны нашым гераічным продкам за падораны нам, нашчадкам, мір. Беларусы як ніхто зведаў цяжар апошняй вайны і дзякуючы правільнаму знешняму і ўнутранаму курсу яе лідара А.Р.Лукашэнкі ў рэспубліцы робіцца ўсё, каб ніколі не паўтарылася кровапраліцце, каб у краіне панавала адзінства народа, а ўсе нашы намаганні былі прысвечаны мірнаму, стваральнаму подзвігу.

Працягам гэтай жа тэмы былі словы ганаровага госця свята, аднаго з аўтараў мемарыяла, заслужанага архітэктара Беларусі Юрыя Міхайлавіча Градава. “Як партызаны Полацка­Лепельскай зоны здзейснілі “Прарыў”, так, упэўнены і будучыя пакаленні здзейсняць прарыў у навейшыя тэхналогіі, у развіццё навукі, культуры”. І сам факт рэканструкцыі помніка манументальнага дойлідства ў такі эканамічна складаны час – таму пацвярджэнне. Многа задач стаіць перад краінай. Аднак памяць, ушаноўванне гераічнага мінулага – паняцці – вечныя ва ўсе часы, часы з любой эканомікай. Менавіта таму галоўнымі героямі ўрачыстых мерапрыемстваў на Дзень Незалежнасці, а сёлета гэта 72­гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў, застаюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Зусім мала іх – сведак тых выпрабавальных часоў. Бо нават тым, хто прыйшоў у партызанскі атрад падлеткам, сёння ўжо пад 90. А вось Міхаіл Сцяпанавіч Іваноў у чэрвені сустрэў свой 94 дзень нараджэння. Гісторык па адукацыі, ён ад імя свайго гераічнага пакалення таксама жадаў нашчадкам памятаць пра ўрокі апошняй вайны, не дазваляць перапісваць яе, дзякаваў усім удзельнікам рэканструкцыі мемарыяла. Акрамя яго на святкаванні Дня Незалежнасці на мемарыяльным комплексе “Прарыў” прысутнічала яшчэ чатыры ветэраны Вялікай Айчыннай: Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня, Аляксей Максімавіч Алексяёнак, Мікалай Дзмітрыевіч Клачок, Фёдар Міхайлавіч Ярмош.

“Свяшчэнны доўг кожнага беларуса – берагчы мір, захоўваць традыцыі свайго народа і штодзённай стваральнай працай памнажаць дабрабыт краіны”, – казала падчас мітынгу дэлегат пятага Усебеларускага народнага сходу Рыма Леанідаўна Аніскевіч. Ад моладзі перад прысутнымі выступіла настаўніца Ушацкай сярэдняй школы Таццяна Плікат, якая сёлета занесена на маладзёжную Дошку гонару.

Прысутнічаў на святкаванні Дня Незалежнасці ва Ушачах і яшчэ адзін ганаровы госць – мастак­манументаліст Уладзімір Васільевіч Крываблоцкі. Апошні раз ён быў на Ушаччыне ў 2007 годзе, падчас адкрыцця яго выставы. А вось над роспісам ушацкага музея народнай славы імя У.Е.Лабанка Крываблоцкі непасрэдна ў гарпасёлку працаваў амаль два гады. Перад гэтым яшчэ была работа над эскізамі ў Мінску, абмеркаванне задумы. І з першага кроку ў музеі мы там – у 1944­м дзякуючы манументальным роспісам “Фашызму не прайсці”, “Барацьба за жыццё”, “Вызваленне”, “Хлеб зямлі”, “Крах фашызму”.

“Мне лёгка даўся гэты праект, таму што многа было жывых сведак тых падзей, я чытаў, гутарыў з відавочцамі “Прарыву”, бачыўся з У.Е.Лабанком і маляваць пачынаў рэальных ушацкіх людзей. Пасля ў мяне было шмат знакавых работ – роспісы сцен у Нацыянальнай бібліятэцы, у Палацы рэспублікі, аднак Ушацкі музей з­за гэтага не гасне, застаецца памятнай і вельмі дарагой работай. Пасля яе завяршэння я быў прыняты ў члены мастакоў СССР. Уўсе рэспублікі Саюза прадстаўлялі свае манументальныя работы – ад Беларусі былі Ушачы – мой роспіс музея. Цэнтральнае палатно роспісу, жанчына­маці – на вокладцы кнігі, выпушчанай у Германіі. Я ганаруся гэтым і заўсёды з задавальненнем прыязджаю ва Ушачы. Сёння раніцай наведаў музей і вельмі рады, што за 31 год роспіс захаваўся амаль на выдатна.

і святкаванне

Большасць святочных мерапрыемстваў на Ушаччыне праходзіла сёлета на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Мітынг, хвіліна маўчання, ускладанне вянкоў і кветак дэлегацыямі працоўных калектываў, спевы патрыятычных песень і танцавальныя кампазіцыі. Там жа, толькі на верхняй пляцоўцы, спецыяльна зробленай падчас рэканструкцыі комплексу, разгарнуліся імідж­выставы арганізацый і прадпрыемстваў раёна, канцэртная пляцоўка пад адкрытым небам.

Рэтра­тэлефоны раённага вузла электрасувязі, складанае абсталяванне райгаза, смачная выпечка хлебазавода, прэзентацыя паслуг санаторыя “Лясныя азёры”, бяспройгрышныя латарэі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і “Палявой пошты” раённага вузла паштовай сувязі. Дарэчы, у апошніх яна была яшчэ і бясплатнай – толькі правільна адкажы на пытанні віктарыны. Заўсёды людна было ля палатак “Райаграсэрвіса” і ААТ “Ільюшынскі”, якія разгарнулі бойкі гандаль рознымі прысмакамі. Як і ў мінулы год, “прыехалі” на калёсах, застаўленых мяшкамі з зернем. Першую дапамогу, праўда лёгкую, аказвалі медыкі. Лясгас прапаноўваў свежы мёд, “Прамкамбінат” – пледы і бялізну. На агароджы “Летняй школы” віселі карціны мастакоў, і тут жа новыя стваралі юныя ўшачане. Іх супрацоўнікі бібліятэкі адразу вывешвалі на агляд задаволеных дарослых. Хлопчык з Тальяці, як і ўшацкая дзятва, прымяраў салдацкія каскі і рабіў здымак на памяць. Мала што ведаў далёкі госць пра ўшацкіх партызан, але пасля наведвання зямлянак ужо цікавіўся ва ўшацкіх сваякоў пра гісторыю стварэння мемарыяла. Апранутыя ў армейскую форму, ля зямлянак спявалі і выконвалі тэатралізаваныя кампазіцыі работнікі культуры, вяртаючы нас у ваенныя гады.

А вось члены раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі праводзілі акцыі выключна з мірнага жыцця незалежнай Беларусі. Маладзёжная арганізацыя ператварыла звычайны аўтобус у гістарычны экскурс слаўных спраў саюза. І тут жа папаўняла яго новымі экспанатамі. На свяце яны збіралі ў гасцей пажаданні роднай Беларусі. Быць паспяховай, пазнавальнай, свабоднай, незалежнай і, канечне, мірнай жадалі сваёй краіне ўдзельнікі святкавання.

На спартыўных пляцоўках

Незалежнасць краіны – у дасягненнях не толькі працоўных, але і на спартыўных пляцоўках. Аматары здаровага ладу жыцця пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама “адсалютавалі” Дню Рэспублікі правядзеннем спаборніцтваў па самых масавых відах спорту. Шэсць валейбольных каманд – па тры мужчынскія і жаночыя – сабрала Галіна Аляксандраўна Ігнатовіч. У апошнія гады без яе ўдзелу не прайшлі, напэўна, ніводныя спаборніцтвы, а дзякуючы камунікабельнасці і арганізатарскім здольнасцям жанчыны ўдзел у іх прымаюць не толькі ўшацкія спартсмены. І ў паядынках мужчын, і ў баталіях цудоўнай паловы гаспадары­ушачане аказаліся “негасціннымі” і атрымалі перамогі. Другія месцы занялі лепельскія валейбалісты і валейбалісткі, трэцяе месца ў жанчын дасталася маладой ільюшынскай камандзе, а ў мужчынскай – “полацкім кублічанам”. Так дасведчаныя гледачы, якіх было даволі шмат, называлі каманду, большасць якой складалі ўраджэнцы Кубліч, што пражываюць зараз у старажытным горадзе. Магчыма яны выступілі б і лепш, гуляй у іх складзе адзін з братоў Харашкевічаў, Міхаіл. Але ён выбраў міні­футбол – паралельна з валейбольнымі матчамі на суседняй пляцоўцы праходзіла ветэранская сустрэча прыхільнікаў гульні нумар адзін. Ініцыятарам яе правядзення стаў былы начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Леанід Леанідавіч Севярын, які зараз працуе ў сталіцы, але прадаўжае прапагандаваць здаровы лад жыцця і на малой радзіме. Нягледзячы на далёка не юнацкі ўзрост, з маладым запалам на пляцоўку выйшлі І.Шышко, А.Амбражэвіч, В.Варанько, В.Лук’яненка, У.Сільванёнак, У.Ушакоў, С.Манецкі, У.Качко, В.Карабань, які стаў самым узроставым удзельнікам матча і атрымаў спецыяльны прыз ад раённай ветэранскай арганізацыі з рук Віктара Пятровіча Кароткага. Прадпрымальнік Фёдар Антонавіч Ланцунцэвіч не толькі вызначаўся ўдалымі дзеяннямі падчас гульні, а і як Г.А.Ігнатовіч выступіў у якасці спонсара спартыўнага свята. Фінансавую падтрымку яго арганізатарам аказалі таксама ПУП “Бур­ЭнергаСэрвіс” (С.В.Фамін), “НікСілБуд” (М.М.Бабаедаў) і Г.В.Малашчанка.

“Табе, Беларусь, прысвячаю”

На адной з пляцовак, дзе ўшачане 3 ліпеня адзначалі 72­ю гадавіну вызвалення краіны ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, з вуснаў вядучай прагучала формула паспяховага народнага гуляння. Сэнс яе ў тым, што чым больш імпэту ў наведвальнікаў, тым свята атрымаецца больш яскравым і запамінальным. Сапраўды, ініцыятыва “Табе, Беларусь, прысвячаю” знайшла масавую падтрымку. “Падворкі сельсаветаў”, “Горад дзяцінства”, “Востраў спорту”, “Горад майстроў” – гэтыя пляцоўкі ў мінулую нядзелю сталі аднымі з цэнтраў увагі жыхароў і гасцей гарпасёлка.

Падворкі сельсаветаў дэманстравалі публіцы таленты жыхароў нашага раёна. Можна было ўбачыць вышыўку, разьбу па дрэве, бісерапляценне, ганчарства. Пачаставацца саленнямі, выпечкай і напоямі. Каб падрыхтаваць, напрыклад, “Сарочынскія панадворкі” старшыня сельвыканкама Л.Я.Птушка і педагогі Арэхаўскай сярэдняй школы Л.А.Булаўка, С.Ф.Папко, Т.В.Алексяёнак, аператар ЭВМ Л.В.Лабань абралі лепшыя экспанаты са школьнага краязнаўчага музея, творы жыхароў сельсавета і свае ўласныя. Кожны падворак чымсьці вылучаўся. Зрабілі ўхіл на дэкаратыўна­прыкладное мастацтва “Глыбачанскі фальварак”, “Вялікадолецкая святліца”, “Са скарбонкі кубліцкіх майстроў” і “Жарскае панадвор’е”. Іншым шляхам пайшлі “Падвор’е Ушацкага сельсавета” і “Вяркудскае панадвор’е”, з якімі ўражаныя госці пачыналі спяваць і нават танцаваць, ну а пасля частаваліся ласункамі.

Набыць розныя сувеніры, посуд можна было ў “Горадзе майстроў”. На “Востраве спорту” чакалі тэніс, шашкі, шахматы. Самым маштабным стаў, канечне, “Горад дзяцінства”. Маленькія грамадзяне незалежнай краіны забаўляліся на атракцыёнах, спявалі і танцавалі ва ўласнай шоу­праграме, малявалі за мальбертамі. Сямікласніца Юля Харэвіч на свяце выконвала графіку простым алоўкам, а ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў пад кіраўніцтвам А.А.Смык асвойвала батык. Менавіта з лепшых работ у гэтай тэхніцы складалася святочная выстава дзіцячага малюнка.

Пазнавальнымі былі выставы беларускіх гісторыка­культурных каштоўнасцей і скарбаў айчыннай літаратуры, падрыхтаваныя супрацоўнікамі бібліятэкі.

– Якія цудоўныя артысты, я б яшчэ паслухала іх спевы, выдатнае мерапрыемства прайшло на адным дыханні! – абмяркоўвалі між сабой ушачане канцэрт, які адбыўся ўжо ў дзевяць гадзін вечара ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

І сапраўды, той, хто прыйшоў паглядзець выступленне фольк­бэнда “Неруш”, аб гэтым не пашкадаваў. Заслужаны аматарскі калектыў краіны фальклорна­этнаграфічны ансамбль за гады свайго існавання пакарыў ужо многіх гледачоў і мае нямала прызоў за ўдзел у шматлікіх конкурсах і фестывалях, у тым ліку і за межамі Беларусі. У рэпертуары мужчынска­жаночага калектыву беларускія народныя ў сучаснай аранжыроўцы і папулярныя песні ў стылі рэтра. Ушацкія гледачы з задавальненнем падпявалі і не маглі ўсядзець на месцы ад такіх знакамітых хітоў, як “Смуглянка”, “Конфетки­бараночки”, “Крутится­вертится шар голубой”, “Галина”, “У самовара я и моя Маша” і многіх іншых. Калі ж настаў час прыпевак, самыя актыўныя не проста падпявалі, а нават не пасаромеліся праспяваць свае варыянты. Моцныя галасы артыстаў, эмацыянальнае выкананне песень нікога не пакінулі раўнадушным, а таму і не хацелі адпускаць са сцэны гасцей. Яны ж у сваю чаргу шчыра дзякавалі за цёплы прыём, абяцалі прыехаць яшчэ і віншавалі ўсіх прысутных з Днём Незалежнасці. Фінальным акордам свята па традыцыі стала акцыя “Спяём гімн разам”.

Адначасова па ўсёй краіне – ад сталіцы да такіх невялікіх райцэнтраў як наш беларусы славілі зямлі нашай святое імя, жадалі вечна жыць і квітнець Беларусі. Бо магчыма гэта толькі ў адзінстве нацыі – у адзінстве як падчас святкавання галоўнага свята краіны, так і кожны дзень у стваральнай працы. У нашым адзінстве – сіла, незалежнасць і далейшы росквіт роднай Беларусі.

Вольга КАРАЛЕНКА, Вольга КАМАРКОВА, Дзмітрый РАМАНОЎСКІ, Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *