Территория отделения круглосуточного пребывания для пожилых людей и инвалидов благоустроенная и красивая благодаря работникам и постояльцам

Общество

Пажылыя гады і прыгажосць цвіцення – два гэтыя, здавалася б, супрацьлеглыя паняцці ўдаецца сумясціць у аддзяленні кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў “Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна” ў Вяркудах – ва ўсялякім выпадку, менавіта такая думка прыйшла ў галаву, калі трапіла на тэрыторыю ўстановы. Напрыканцы лета яна незвычайна прыгожая і шматкаляровая ад мноства кветнікаў і арыгінальных архітэктурных элементаў, і гэта ўзнімае настрой гасцям, работнікам і, безумоўна, самім гаспадарам аддзялення.

А яно на сённяшні дзень з’яўляецца домам для 22 чалавек. Самыя пажылыя і шаноўныя – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Марыя Іванаўна Дворка са Старага Сяла Жарскага сельсавета і Раман Васільевіч Мялешка з вёскі Воцькавічы, якім споўніўся 91 год. Жывуць ва ўстанове і даволі маладыя грамадзяне, якіх прывялі сюды абмежаваныя магчымасці здароўя.

У цёплы сонечны дзень дзядулі і бабулі з задавальненнем праводзілі час на свежым паветры, вялі бяседы, седзячы на лавачках і ў альтанках, прагульваліся па дарожках. Дарэчы, нядаўна тут з’явілася спецыяльная сцежка для скандынаўскай хадзьбы – ва ўстанове не хочуць адставаць ад моды і асвойваюць гэты папулярны ва ўсім свеце від актыўнага адпачынку.

Прыемна і ўтульна і ў самім аддзяленні: новыя тэлевізары, пакой рэабілітацыі, канцэрты і разнастайныя гурткі – усе ўмовы для дастойнага жыцця і адпачынку пажылых людзей стварае персанал установы. За здароўем жыхароў сочаць медсёстры Т.Я.Краснова, Н.В.Кірпічонак, С.П.Мядзведская, І.І.Казлоў­ская, В.Л.Кладніцкая, а таксама мясцовы фельчар Т.А.Крупская. Клапоцяцца аб пастаяльцах загадчык аддзялення А.Л.Ігнатовіч, сацыяльны работнік Н.В.Бакурына, прачка Т.П.Корабава, адказная за гаспадарчую частку В.І.Крыцкая, рабочы А.І.Чумакоў. Ну а за чатырохразавае харчаванне ва ўстанове адказваюць Л.Д.Кладніцкая, Т.М.Кладніцкая, Н.А.Ліленка і Т.В.Грак.

У цёплы час у работнікаў установы з’яўляюцца дадатковыя клопаты: на прысядзібным участку вырошчваецца шмат агародніны – буракі, цыбуля, бульба, морква, капуста. Два гады таму з’явілася сучасная цяпліца для памідораў і агуркоў. Ёсць і некалькі яблынь. Усё гэта дае магчымасць уключаць у рацыён свае бясплатныя і якасныя прадукты. Дарэчы, некаторыя жыхары аддзялення выказваюць жаданне дапамагчы ў рабоце на ўчастку. Даручаюць ім, канечне, нескладаныя абавязкі: напрыклад, паліў кветак ці збор агародніны. Нават калі жыццё ідзе да схілу і сіл не так многа, вельмі прыемна быць карыснымі і адчуваць сябе патрэбнымі.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *