Ушачская районная библиотека имени Е.Лось отметила 90-летний юбилей

Юбилейные даты

На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло ўрачыстае мерапрыемства з нагоды Дня бібліятэк і 90­гадовага юбілею цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Еўдакіі Лось. На ўрачыстасць прыйшло нямала гасцей, шмат прагучала добрых слоў і віншаванняў.

А вы ведаеце, што знакаміты рускі пісьменнік М.Гогаль вельмі любіў макароны і не мог абысціся без агуркоў, засоленых на парэчкавым лісце з хрэнам і часнаком, а герой Пушкіна Анегін аддаваў перавагу блінам? Гэтыя і іншыя цікавыя факты не проста сабралі, а разам з прыгатаванымі стравамі літаратурных герояў і іх аўтараў прадставілі на выставе падчас свайго свята бібліятэкары. Не маглі не падрыхтаваць яны і стравы беларускай літаратуры, якія ў сваіх творах прыгадвалі класікі. Акрамя гэтага ў фае прыцягвала ўвагу і мноства іншых цікавых стэндаў – інфармацыя пра ўшацкіх паэтаў і пісьменнікаў, кнігі з аўтографамі вядомых класікаў, гісторыя і сучаснасць бібліятэкі і іншае.

Многія сцвярджаюць, што кнігу хутка заменяць сучасныя тэхналогіі, але з гэтым меркаваннем можна паспрачацца: мноства камп’ютараў і электронных кніг – усё гэта зручна і добра, але ніякая тэхніка не заменіць той жывой энергіі, якая ідзе ад кнігі з вершамі ці прозай. І справядліва адзначыла ў сваім віншавальным звароце старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, што бібліятэка – гэта не сховішча кніг, а дзіўны дом. Значнасць жа кнігі і прафесіі бібліятэкара падкрэсліваецца тым, што свята гэтае зацверджана на дзяржаўным узроўні.

У гэты надзвычай святочны для ўшацкіх бібліятэкараў дзень, канечне, не абышлося без заслужаных узнагарод. За дасягненні ў развіцці бібліятэчнай справы, прафесіяналізм і добрасумленную працу Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны загадчык дзіцячай бібліятэкі Г.М.Іванова і бібліятэкар Сарочынскай бібліятэкі В.У.Друк. Ганаровымі граматамі Ушацкага райвыканкама – бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі С.Р.Клачок і бібліятэкар Вялікадолецкай бібліятэкі Л.В.Лапацкая, Падзякі старшыні райвыканкама аб’яўлены двум былым дырэктарам Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы І.Я.Урбан і Л.Ф.Голуб. Дарэчы, Ірына Яўгенаўна і Ларыса Фёдараўна падымаліся на сцэну двойчы – не толькі за заслужанымі ўзнагародамі, а і каб выступіць ад імя ветэранаў, падзяліцца з прысутнымі сваімі ўспамінамі аб рабоце. Граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адзначаны бібліятэкары раённай бібліятэкі імя Е.Лось Алена Пятроўна Дароніна, Людміла Міхайлаўна Клопова, Мосарскай Ніна Пятроўна Рубанік. Старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму А.В.Сабірава ўручыла ўзнагароды супрацоўнікам галіны Лідзіі Міхайлаўне Шкаруба, Таццяне Браніславаўне Гарбаценка, Ніне Уладзіміраўне Міцкевіч, Таццяне Дзмітрыеўне Сакаловай.

Шчырымі апладысментамі сустрэлі ўдзельнікі свята старшыню Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомую паэтэсу, празаіка, публіцыста Тамару Краснову­Гусачэнка.

– Я не ўпершыню на Ушаччыне, гэты цудоўны азёрна­лясны край нагадвае мне маю радзіму – Браншчыну. Такой колькасцю вядомых творцаў, якія нарадзіліся ў раёне, не можа пахваліцца, пэўна, ні адзін рэгіён Беларусі. І сёння ў юбілей бібліятэкі мне прыемна быць на гэтай урачыстасці,  – адзначыла ў сваім выступленні Тамара Іванаўна, а ў якасці падарунка прачытала некалькі сваіх вершаў і перадала раённай бібліятэцы кнігі, якія былі сёлета выдадзены да Дня пісьменнасці, што прайшоў нядаўна ў Рагачове.

Вельмі цёпла сустракалі ўсе прысутныя і паэта­гумарыста, нашага земляка Міхася Мірановіча, а кожны прачытаны ім вясёлы верш (паэт называе іх фрашкамі) суправаджалі доўгімі апладысментамі.

– У дзяцінстве вельмі любіў чытаць. Памятаю, вазьму кнігу ў бібліятэцы, па дарозе дадому амаль усю і прачытаю, зноў іду ў бібліятэку, вазьму новую і зноў хутка прачытаю, што бібліятэкар неяк сказала чытаць не так хутка і менш. Тады часова маё імкненне да чытання адбілася, але ўсё роўна ўжо многа гадоў не ўяўляю сваё жыццё без кнігі і дома ў мяне вялікая бібліятэка, – з гумарам прыгадваў дзяцінства М.Мірановіч.

Павіншаваць раённую бібліятэку са святам прыехаў і паэт, кіраўнік секцыі паэзіі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Намеснікаў. Ад імя таленавітых землякоў, удзельнікаў творчага аб’яднання “Муза” выступіла яго кіраўнік і паэтэса Галіна Варатынская.

Пра высокі прафесіяналізм і патэнцыял ушацкіх бібліятэкараў казалі ў сваім выступленні прадстаўнікі абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна.

Галоўны ж патэнцыял бібліятэкі – гэта, канечне, яе чытачы і на свяце былі названы самыя верныя і актыўныя. Самы старэйшы чытач – Марыя Сяргееўна Каплеўская, а самыя актыўныя – Станіслаў Афанасьевіч Жаланкоўскі і Тэрэза Пятроўна Крыванос, якім былі ўручаны дыпломы і кветкі.

Не маглі ў гэты дзень не ўспомніць тых, хто шмат гадоў прысвяціў бібліятэчнай справе: Тамара Фёдараўна Казачонак, Любоў Філіпаўна Захарэнка, Зінаіда Яўгенаўна Жарнасек, Зоя Пятроўна Таранда, Ірына Яўгенаўна Урбан, Ганна Іванаўна Пахілка, Раіса Леанідаўна Бурак, Людміла Мікалаеўна Эртман, Яўгенія Сяргееўна Вітко, Вольга Пятроўна Полазава, Надзея Кузьмінічна Паршонак, Галіна Максімаўна Жаланкоўская, Ала Канстанцінаўна Мацюш, Ларыса Фёдараўна Голуб. Усім ветэранам, якія прыйшлі на ўрачыстасць, былі ўручаны падарункі.

– Такое цудоўнае свята, бачна, як грунтоўна рыхтаваліся да юбілею бібліятэкары! – адзначыла старшыня раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Т.М.Малак. Дарэчы, уклад бібліятэкараў у міратворчы рух і іх актыўная пазіцыя былі адзначаны Падзякай абласной арганізацыі, якую Таццяна Міхайлаўна ўручыла в.а. дырэктара Ушацкай ЦБС Л.М.Шкаруба.

Фінальным жа акордам юбілейнага мерапрыемства стала памятнае сумеснае фота ветэранаў, бібліятэкараў, гасцей свята, якое таксама стала часткай гісторыі.

Вольга КАМАРКОВА.

Сёння раённая бібліятэка з’яўляецца метадычным цэнтрам ля 18 бібліятэк раёна, а кніжны фонд складае звыш 20 тысяч экземпляраў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *