Три урожая за год выращивают на приусадебном участке в Ореховской школе

Общество

Пакуль дзеці адольваюць стартавы адрэзак навучальнага марафона, год аграрны ўжо падыходзіць да фінішу. Завяршаюцца агародніцкія клопаты і ў Арэхаўскай школе. На зімовыя “канікулы” адпраўляецца вялікая цяпліца на прысядзібным участку – праўда, адпачынак будзе не такім і працяглым: ужо ў пачатку лютага збудаванне падключаць да ацяплення, каб у сакавіку рацыён школьнікаў вітамінізавала свежая зеляніна – цыбуля, кроп, салата, радыска. На непрацяглы час іх зменіць расада, а потым уладарамі цяпліцы стануць дыні. Гэтую бахчавую культуру арэхаўцы пачалі вырошчваць аднымі з першых, і вось ужо каля дзясятка год школьнікі ласуюцца смачным дэсертам.

– Сёлета, праўда, з­за халоднага лета ўраджай не такі багаты: цягнучыся да сонца, плеці выраслі вялікімі, а вось завязі далі няшмат, – адзначае галоўная гаспадыня прысядзібнага ўчастка настаўніца Таццяна Міхайлаўна Жарнасек.

– Затое яблыкаў у нашым садзе вельмі багата. Ведаеце, які смачны кампот з іх атрымліваецца! – далучаюцца да размовы пяцікласнікі Насця Рамашэўская і Кірыл Сямякін (на здымку).

Навыкі па рабоце на ўчастку, якія атрымліваюць вучні, безумоўна, будуць добрым багажом для дарослага жыцця. Ну а ўраджай, у вырошчванні якога яны ўдзельнічаюць, умацоўвае матэрыяльную базу школы. Штогод прымаецца праграма па самазабеспячэнні навучальных устаноў агароднінай. У Арэхаўскай школе планавыя лічбы адны з самых вялікіх: сёлета, напрыклад, трэба назапасіць амаль тры тоны бульбы, больш пяцісот кілаграмаў буракоў і столькі ж морквы, паўцэнтнера цыбулі і 1150 кілаграмаў капусты. Апошняя культура з’яўляецца “каньком” школы: летась, напрыклад, план быў перавыкананы амаль удвая – лішкамі прадукцыі падзяліліся з дзіцячым садам, прадалі насельніцтву на кірмашы, чвэрць тоны закупіла райбальніца. Дарэчы, у медустанове ацанілі выдатную якасць арэхаўскай капусты і зрабілі папярэдні заказ на сёлетні ўраджай. Заўсёды ахвотна ўшачане купляюць вясной і школьную расаду. А для сваіх патрэб тут вырошчваюць таксама памідоры, перцы, баклажаны, фасолю і многае іншае.

Вядома ж, апрацоўваць такі вялікі ўчастак даволі складана, асабліва пры адсутнасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Таму вельмі ўдзячны тут вяскоўцам, якія аказваюць школе дапамогу: так, напрыклад, многія работы на ўласных трактарах сёлета выконвалі тата дваіх вучняў Сяргей Паўлавіч Пацэйка і вартаўнік установы Генадзь Фёдаравіч Брыкун. Асноўны ж цяжар гэтай працы кладзецца на плечы загадчыка гаспадаркі школы Васіля Пятровіча Спірчонка, які апрацоўвае ўчастак на сваім кані. Ніколі не адмаўляюцца дапамагчы настаўнікі, работнікі сталовай, тэхнічны персанал. Своечасовы догляд за культурамі, севазварот, захаванне тэхналогіі і, вядома ж, правільнае кіраўніцтва ўсімі гэтымі працэсамі з’яўляюцца складнікамі гаспадарчага падыходу і дазваляюць Арэхаўскай школе на працягу многіх год быць сярод лепшых у раёне па нарыхтоўцы садавіны і агародніны.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *