В ОАО «Ильюшинский» активно готовятся к зимне-стойловому содержанию животных

Сельское хозяйство

У ААТ “Ільюшынскі”, дзе самы вялікі статак жывёлы, яе перавод на зімова­-стойлавы перыяд праводзілі паэтапна. Яно і не дзіўна, бо толькі дойных кароў тут налічваецца 1070 галоў. У памяшканнях фермаў, цялятнікаў і на прылягаючых тэрыторыях выкананы вялікі аб’ём работы, але хапае яе і зараз, калі жывёла ўжо знаходзіцца на зімовых “кватэрах”.

У гэтым упэўніўся, калі на мінулым тыдні наведаў самы буйны жывёлагадоўчы аб’ект гаспадаркі – комплекс у аграгарадку. Экскурсію па чыстых і светлых памяшканнях кароўнікаў мне правёў намеснік дырэктара таварыства А.М.Тарасевіч, які ў гэтыя гарачыя дні знаходзіцца непасрэдна на вытворчасці.

– На мінулым тыдні паставілі апошні гурт, – расказвае Андрэй Мікалаевіч аб пераходным сезоне жывёлаводаў. – На комплексе зараз пакуль 480 дойных кароў, на старой ферме фарміруем групу раздою, асобнае памяшканне займаюць сухастойныя жывёлы.

На комплексе пасля абеду было ажыўлена. Звыклай справай займаліся не толькі работнікі, занятыя на кармленні жывёлы – наводзіўся парадак на тэрыторыі. Рэшткі былога Дома жывёлавода руйнавала тэхніка ПМК­66, ды і многія жывёлаводы часова самі сталі будаўнікамі. Як, напрыклад, Віктар Барысавіч Бондараў, які займаўся цяслярскай справай на рамонце прафілакторыя. У гэтай жа частцы памяшкання, дзе размесцяцца малыя цяляты, на падрыхтоўцы свайго рабочага месца сустрэў Святлану Дземідовіч – жанчына чысціла клеткі і паралельна праводзіла іх вапнаванне.

Жывёла яшчэ сартуецца па фізіялагічных асаблівасцях. Пра гэта мне ўжо расказвала Алена Іванаўна Тузкова, якая каля месяца працуе ў “Ільюшынскім” галоўным заатэхнікам. Пакуль аператары машыннага даення разбіралі спецыяльныя таблічкі з інфармацыяй пра кожную “рагулю” і яе асаблівасці, каб вывесіць у кароўніках, маладая жанчына падзялілася ўражаннямі аб новым месцы працы. Пакуль не шкадуе:

– Ужо маю дастатковы стаж работы ў галіне. 6 гадоў працавала ў Сенненскім раёне, адкуль і пераехала ў “Ільюшынскі”. Гаспадарка вы­дзеліла жыллё, спецыялісты дапамагаюць разабрацца ў абстаноўцы на месцы, маецца транспарт для паездак на аб’екты.

Стараецца і сама заатэхнік – у цэлым ужо валодае станам спраў, наводзіць парадак у неабходнай дакументацыі. Разам з адміністрацыяй сельгаспрадпрыемства прадумваюць, як пераразмеркаваць людзей па фермах, аптымізаваць выдаткі і не знізіць узровень вытворчасці, бо пераход на зімовае ўтрыманне ў сілу аб’ектыўных прычын амаль заўсёды характарызуецца спадам. У “Ільюшынскім” у параўнанні з адпаведным узроўнем мінулага года пазіцыі не здалі і па надоях малака нават крыху плюсуюць.

– 150 кароў размясцілі на рэканструяванай ферме ў Сержанах, – працягвае А.М.Тарасевіч. – Канечне, падбіралі жывёлу, і надой там зараз самы высокі па гаспадарцы, звыш 11 літраў. Два разы ў дзень даём канцэнтраты ў разліку два кілаграмы на галаву, плюс трыста грамаў на літр малака. Гэта на сумленні даярак – яны ведаюць прадукцыйнасць сваіх “падапечных”. Канцэнтраты дарослай жывёле ў “Ільюшынскім” вырабляюць з уласнага зерня, а спецыяльны камбікорм, неабходны для росту і развіцця цялят рознага ўзросту, закупляюць у Оршы на “Экамоле”.

Магчыма не так, як у некаторых іншых гаспадарках раёна, але і ў “Ільюшынскім” адчуваецца кадравы дэфіцыт. Працуюць і над гэтым – акрамя заатэхніка ў гаспадарку пераязджае і сям’я жывёлаводаў, якія будуць  працаваць у Жарах. Хоць і не было яшчэ значных маразоў, а клопаты ў жывёлаводаў гаспадаркі зімовыя – слабыя месцы ў падрыхтоўцы да сапраўдных халадоў стараюцца выявіць загадзя.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *