ОАО «Агро-Селище» в текущем году улучшило показатели по надоях молока

Сельское хозяйство

Жывёлагадоўчую галіну ў ААТ “Агра­-Селішча” можна назваць базавым напрамкам дзейнасці, ад якога залежыць эканамічнае становішча. У невялікай гаспадарцы маецца дзве фермы, на якіх зараз утрымліваецца 360 дойных кароў. І хоць МТФ “Селішча” і “Баяршчына” па надоях размяшчаюцца ў сярэдзіне раённай зводкі, нельга не заўважыць пэўных пазітыўных момантаў. Па выніках работы за 10 месяцаў гаспадарка мае плюсавы паказчык па малацэ – 110 працэнтаў да мінулагодняга. У актыў можна занесці лічбы таварнасці, якая складае каля 90 працэнтаў, і выхаду цялят – 85, з пачатку года зарэгістравана толькі два выпадкі падзяжу жывёлы. Сярод станоўчых фактаў і тое, што да зімовага сезона зроблена рэканструкцыя на селішчанскай ферме.

– Раней тут былі вузкія праходы: кармы развозілі на кані, – расказвае загадчык фермы Віктар Станіслававіч Грабоўскі. – Новыя шырокія вароты і прасторныя праезды зрабілі магчымым рух тэхнікі па памяшканні. Гэта значна спрасціла работу і дазволіла скараціць колькасць жывёлаводаў з чатырох да двух. Ужо назіраюцца і зрухі па надоях: на гэтым тыдні гаспадарка “плюсавала” да леташняга 116 працэнтаў. Старанна працуюць, не дапускаюць парушэнняў дысцыпліны нашы даяркі Вольга Войдак, Валянціна Мялешка, Аксана Дзіульская, Наталля Паграбенная, Алена Прасвет. Дэфіцыту кадраў няма, бо акрамя мясцовых прапаноўваем работу кубліцкім жанчынам, тройчы на дзень дастаўляем іх у Селішча.

Неблагі калектыў склаўся і на ферме ў Баяршчыне. Сярод лепшых работніц тут можна бясспрэчна назваць Алену Іванаўну Радзюш, якая ўжо магла б пайсці на заслужаны адпачынак, але адгукнулася на просьбу кіраўніцтва і пакуль засталася дапамагаць роднай гаспадарцы. Ну а сапраўдным “рухавіком” жывёлагадоўчай галіны ў “Агра­-Селішчы” з’яўляецца галоўны заатэхнік Данута Бернардаўна Баярчук. Гэта спецыяліст з шырокімі ведамі і, галоўнае, неабыякавым стаўленнем да сваёй работы, чалавек, які ўсёй душой хварэе за справы гаспадаркі.

– Стараемся ўсё рабіць па тэхналогіях, у поўным аб’ёме весці прафілактычную работу, захоўваць кармавы баланс. Сёлета, дарэчы, нягледзячы на неспрыяльны год, нарыхтавалі кармоў больш, чым летась: каля 20 адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Канечне, хацелася б даць расцяліўшымся і дойным кароўкам больш канцэнтратаў, але магчымасцей у гаспадаркі няма. А таму стаўку прыходзіцца рабіць на належны догляд і ўмовы ўтрымання статку, – расказвае Данута Бернардаўна.

Канечне, агульныя дасягненні мясцовых жывёлаводаў высокімі пакуль не назавеш, аднак яны стараюцца сумленна выконваць сваю няпростую работу, і хочацца спадзявацца, што гэта абавязкова дасць плён.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *